Памерла кіраўнік цэнтра SATIO Жанна Грынюк

Вядомай грамадскай актывісткі і навукоўца, стваральніцы конкурсу «Брэнд года» не стала 19 ліпеня а 4.30. Пяць гадоў яна змагалася з цяжкай хваробай.

Грамадзянская паніхіда запланаваная на сёння з 14.00 да 16.00, інфармацыя наконт месца яе правядзення пакуль удакладняецца.

Жанна Грынюк нарадзілася 3 верасня 1966 года ў гарадскім пасёлку Урэчча на Любаншчыне. Скончыла факультэт прыродазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытуту (цяпер — БДПУ імя Максіма Танка), затым скончыла аспірантуру і дактарантуру БДПУ па спецыяльнасці “сацыяльная псіхалогія”. Абараніла дысертацыю па тэме «Эканамічнае мысленне». У 1998 годзе атрымала званне дацэнта.

Была заснавальнікам і дырэктарам Цэнтра сістэмных бізнес-тэхналогій SATIO, стваральніцай і старшынёй аргкамітэту конкурсу «Брэнд года» ў Беларусі, вяла шэраг міжнародных праграм у сферы бізнесу і маркетынгу. З’яўлялася сябрам Грамадска-кансультацыйнай рады пры кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта.

Займалася выкладчыцкай дзейнасцю ў беларускіх ВНУ, а таксама за мяжой. У 2009 годзе стала лаўрэатам конкурсу «Чалавек справы». Была аўтарам дзясяткаў публікацыяў у айчынных і замежных СМІ. Арганізоўвала міжнародныя канферэнцыі і кангрэсы.

Захаплялася музыкай і паэзіяй.

У Жанны Грынюк засталося двое сыноў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)