Палітолаг: «Патрэбная маштабная тлумачальная кампанія з удзелам дзяржаўных дзеячаў і медыя, каб распавесці, што беларусы і рэжым Лукашэнкі — розныя рэчы»

Эксперт — пра пазітыўнае стаўленне да беларускага рэжыму «на ўзроўні статыстычнай пагрэшнасці».

Паводле сацыялагічнага апытання цэнтра Разумкова, больш за 80% украінцаў негатыўна ставяцца да Беларусі. Ці магчыма ва ўмовах вайны змяніць адносіны паміж нашымі грамадствамі і краінамі? На гэтае і іншыя пытанні адказаў у эфіры «Е*рарадыё» кіраўнік украінскага Цэнтра беларускіх камунікацый, палітолаг Максім Плешко.

Максім Плешко

— Вынікі даследвання сведчаць, што амаль 90% украінцаў негатыўна ставяцца да Лукашэнкі, — удакладняе палітолаг, — а 80% украінцаў лічаць Беларусь (маецца на ўвазе сучасная дзяржава) удзельніцай канфлікту і агрэсіі супраць Украіны. І толькі 3% ставяцца да Лукашэнкі пазітыўна — па шчырасці, гэта на ўзроўні статыстычнай памылкі.

Але ж у даследаванні не мае вымярэння стаўлення ўкраінцаў да беларусаў як народу, як нацыі. Вывучаліся менавіта адносіны да рэжыму і да цяперашняй дзяржавы, якая, на маю думку, ёсць варожай беларускаму народу: яна задушвае беларускую ідэнтычнасць, забараняе нацыянальны сцяг і нацыянальны вокліч «Ж*ве Беларусь!», і г.д.

Стаўленне ж украінцаў да беларускага грамадства, мяркуе Максім Плешко, — рэч неадназначная і патрабуе больш глыбокага вывучэння. З аднаго боку, агрэсія з тэрыторыі Беларусі, безумоўна, наклала негатыўны адбітак на гэтыя стасункі, і вялікая колькасць людзей насамрэч не жадае разбірацца, ці вінаватыя агулам усе беларусы, ці не. Аднак калі пачынаць разбірацца дэталёва, то стэрэатыпы ўжо не спрацоўваюць і ідзе падзел: тыя, хто дапамагае Украіне — маўляў, тыя добрыя, а тыя, хто ўнутры краіны — чаму не скінулі рэжым?

— Украінцы ў шырокай масе не разумеюць сітуацыі, якая склалася з беларускім рэжымам, — адзначае палітолаг, — бо ў сучаснай Украіне ніколі не было такой жорсткай дыктатуры. Але тыя, хто ўнікае ў беларускую тэму, цудоўна разумее, што цяпер у вас — фактычна, акупацыя, улады дзейнічаюць супраць уласнай гісторыі і ўласнага народу.

Таму, на маю думку, патрэбная маштабная тлумачальная, інфармацыйная кампанія з удзелам дзяржаўных дзеячаў і медыя на гэты конт, каб распавесці, што беларусы і рэжым Лукашэнкі — розныя рэчы. Прычым гэта патрэбна і ўкраінскаму, і беларускаму грамадству. Бо я не выключаю, што тэмы «непраціўлення беларусаў рэжыму» адмыслова закідваюцца ў інфармацыйную прастору, каб паглыбіць раскол паміж нашымі народамі.

Нядаўна сакратар Рады бяспекі Данілаў так і адзначыў у інтэрв’ю, заклікаўшы аддзяляць народ і рэжым. Паступова гэтае разуменне пашыраецца, і ў тым ліку наш Цэнтр беларускіх камунікацый бачыць гэта адной са сваіх задач. Але, канешне, працы яшчэ багата.

Ці магчыма гэта зрабіць ва ўмовах вайны, альбо Беларусь яшчэ доўга будзе ўспрымацца як «частка Расіі»? Палітолаг нагадвае, як некалі палітычны бестселер Леаніда Кучмы «Украіна — не Расія», хоць і распавядаў пра цалкам відавочныя рэчы, стаў для многіх новым арыенцірам. Тое самае, на думку Максіма Плешко, датычыцца і беларусаў, якім трэба пацвярджаць сваю «нерасейскасць».

Каб беларусам не быць расіянамі, ім трэба дзеянне — заставацца беларусамі ва ўсім, як мінімум, фарміраваць сваю альтэрнатыўную Беларусь. Вы ўжо гэта робіце: фармуеце сваю інфармацыйную прастору, палітычную, зачаткі новых Узброеных Сіл — ідуць усе правільныя працэсы, і іх трэба працягваць, тады адбудуцца змены ў плане ідэнтычнасці.

Я ўпэўнены, што беларусы адбудуцюць сваю нацыю, і з вялікім аптымізмам і надзеяй гляджу на будучыню. Мяркую, што мы з вамі, нашыя краіны, мусяць быць у саюзе сяброўскіх народаў, які будзе фарміраваць і палітыку і бяспеку ўсёй Усходняй Еўропы.

Дарэчы, на думку палітолага, дзеянні ўкраінскіх памежнікаў, якія днямі ўсталявалі на мяжы з Беларуссю ўкраінскі і беларускі нацыянальны сцягі, чым вельмі абразілі беларускі памежнікаў, — правільны і сімвалічны крок якраз у гэтым кірунку:

— Украінцы свой сцяг шануюць і будзь з чым яго не вешаюць. Таму гэты ўчынак паказвае, што Украіна бачыць сваім партнёрам гэтую альтэрнатыўную Беларусь пад бела-чырвона-белым сцягам, пад якім беларусы выходзілі на пратэсты, пад якім сёння ваююць байцы з Палка К*ліноўскага і іншыя добраахвотнікі. Тое, што побач на мяжы лунаюць беларускі і ўкраінскі сцягі, — прыгожа і сімвалічна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)