Палацавы пераварот, дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг… Што яшчэ можа з’явіцца ў Беларусі?

Вынікі 2020 і прагнозы на 2021 год.

У выніку выбараў і пратэстаў пасля іх у Беларусі не змянілася ўлада, але здарылася рэвалюцыя ў свядомасці: большасць зразумела, што яна большасць. Да чаго гэта можа прывесці па версіі «Нашай Нівы»?

Паколькі ад 2020 года Лукашэнка кіруе варожым сабе грамадствам і апіраецца толькі на сілавікоў і залежыць толькіт ад іх, існуе  пагроза палацавага перавароту.

Новай нормай для актыўнага ядра грамадства стала салідарнасць і дзейнасць. Сотні тысяч чалавек у штодзённым рэжыме вядуць інфармацыйную барацьбу ў інтэрнэце і афлайне і дапамагаюць ініцыятывам і структурам грашыма.

Беларусы выпакутавалі на сваіх спінах, праз уласны досвед, і разуменне іншых, што змены ў нашай краіне, якія непазбежныя, будуць якаснымі. І Лукашэнку-1 не зменіць Лукашэнка-2. Бо Лукашэнкі пад любымі нумарамі з'яўляюцца там, дзе на іх ёсць грамадскае запатрабаванне. У нас яго больш няма.

Патрыёты зразумелі, што толькі пасля змены рэжыму бел-чырвона-белы сцяг мае шанцы стаць дзяржаўным, што без змены рэжыму беларуская мова не атрымае роўных магчымасцяў.

Ўмацавалася палітычная суб’ектнасць Беларусі, і ў Маскве канчаткова зразумелі, што Беларусь не Расія.

Падзеі 2020-га аб’ядналі беларусаў свету. Дыяспара, якую раней мала хто браў пад увагу, стала тылам руху за грамадзянскія і нацыянальныя правы і заслугоўвае «брава».

Няздольнасць задушыць пратэсты змусіла рэжым павышаць рэпрэсіўнасць і прывяла да прававога дэфолту. За адміністратыўныя правапарушэнні цяпер даюць крымінальныя тэрміны, а адміністрацыйна судзяць за нішто — за любое публічнае выказванне грамадскай пазіцыі.

Гэта азлабляе сярэдні клас не менш, чым стральба ў гарадах і зверствы 9-12 жніўня. Рэпрэсіі павышаюць градус страху, але няздольныя павысіць падтрымку. Каб вырасла падтрымка, трэба рост дабрабыту і змена грамадскіх адносін. Пасадкі ж, наадварот, сціскаюць спружыны.

Адчувальным ударам для лукашэнкаўцаў стала тое, што ў выніку пратэстаў яны страцілі доступ да сродкаў еўрапейскіх банкаў і фондаў.

Беларусь у цяперашняй мадэлі эканамічна ўяўляе сабою датацыйны рэгіён Расіі. Пры такой мадэлі ты можаш падняць дабрабыт, калі павялічыш датацыі. Але ўзамен за большыя падачкі, асабліва цяпер, калі Мінск распляваўся з Захадам, Масква будзе патрабаваць новыя элементы суверэнітэту.

Узнік попыт на лідараў. Пратэсты былі фантастычна крэатыўныя і масавыя, але нікога, хто б меў план узяцця ўлады, мы не пабачылі.

Былі асобы-сімвалы (Ціханоўская), былі асобы са сваім аўтарытэтам (Калеснікава, Латушка), былі палітвязні-пакутнікі, былі тэлеграм-каналы, што заводзілі народ і прапаноўвалі месца збору, але асобы-важака не было, наперадзе калоны ніхто не ішоў, дэманстранты рушылі самі сабою без канкрэтнай задачы, 16 жніўня не было нікога з планам дзеянняў на 17-га, 23-га ці 31-га.

Людзі выходзілі без лідараў, чакалі, што тыя з’явяцца з планам, а тыя не аб’явіліся. Патэнцыйных лідараў зняволілі ці выціснулі з краіны.

Пратэсты прывялі да разумення: перамены маюць шанцы адбыцца тады, калі ім будуць спрыяць сілавікі ці хаця б частка сілавікоў; каб перамены адбыліся, трэба змагацца не з сілавікамі, а за сілавікоў.

Святлана Ціханоўская захавала маральны аўтарытэт і стварыла вакол сябе рэалістычна настроены эміграцыйны цэнтр, але перамены могуць выспець (або не выспець) толькі ўнутры краіны.

Латушка — кіраўнік МЗС, Румас — прэм'ер, Бабарыка — на волі. Што яшчэ прагназуюць на 2021 год?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(33)