Политика
Аляксей Знаткевіч, Радыё Свабода

«Пакуль мы на свабодзе, мы будзем выконваць праваабарончыя функцыі»

У менскім офісе праваабарончага цэнтру “Вясна” ў панядзелак адбыўся ператрус. Пазьней ператрусы былі праведзеныя на лецішчы ў праваабаронцы Алеся Бяляцкага і ў кватэры, дзе жыве ягоная сям’я.

Алесь Бяляцкі быў у панядзелак госьцем “Начной Свабоды: вынікаў дня”.

-- Пасьля таго, як у нас адбыўся вобшук у офісе і адтуль забралі ноўтбук, а таксама некаторыя даўнія паперы, чалавек, што праводзіў вобшук (Аляксандар Мацкевіч – ён адзіны адрэкамэндаваўся з усёй каманды) абвясьціў, што мы едзем на допыт у КДБ, хаця насамрэч машына паехала на маё лецішча. Тэлефон у мяне ўжо быў выключаны, і паведаміць пра гэта не было ніякай магчымасьці.

Калі мы прыехалі на лецішча, там ужо былі панятыя і зноў была пастанова на чарговы вобшук, і гэты вобшук доўжыўся на лецішчы дзьве з паловаю гадзіны.

Паралельна прыкладна ў 9 гадзінаў вечара вобшук пачаўся і ў кватэры, дзе жывуць мае жонка і сын. Такім чынам, я сёньня быў абшуканы з ног да галавы. У выніку ператрусаў забралі толькі старыя паперы – дакумэнты, якія мелі дачыненьне да праваабарончай дзейнасьці трохгадовай даўнасьці. Нічога з таго, што іх цікавіла па справе 19 сьнежня, знойдзена не было.

Думаю, што яны моцна не расчараваліся, бо надта й не спадзяваліся што-небудзь знайсьці. Галоўная задача – ня тых, хто шукаў, бо яны проста выконвалі задачу, а тых, хто ставіў ім гэтую задачу – была, мне падаецца, у тым, каб усё ж такі дэзарганізаваць працу праваабарончага цэнтру “Вясна”, інфармацыйную працу, якую мы праводзім, і працу для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Гэта ім ня ўдасца ў той меры, так, як яны плянавалі, бо пакуль мы самі знаходзімся на свабодзе, мы будзем выконваць свае праваабарончыя функцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)