Общество
Улад Швядовіч, «Наша Ніва»

Падманутыя дольшчыкі выйшлі з плакатамі ў цэнтр Мінска

У цэнтры сталіцы, каля Ратушы, 3 кастрычніка прайшоў пікет падманутых дольшчыкаў ТАА «Валынь».

Больш за сотню сем'яў уклалі грошы ў будаўніцтва шматпавярховага дома. Але будоўля спынілася на ўзроўні некалькіх паверхаў, а неўзабаве высветлілася, што кіраўніцтва фірмы-забудоўшчыка займалася махлярствам. Кіраўнікоў «Валыні» арыштавалі, а людзі ў выніку засталіся і без грошай, і без жылля.

На імправізаваным доме з кардона дольшчыкі «Валыні» пакідалі свае подпісы каб паказаць, што іх шмат

«Мы звярталіся ва ўсе органы ўлады – і нічога. Горад разглядаў такі варыянт – звярнуцца ў эканамічны суд, каб суд ліквідаваў «Валынь», той кавалак фундамента і некалькі паверхаў прадаць на аукцыёне і грошы падзяліць паміж першымі чэргамі даўжнікоў, а тое, што пасля гэтага застанецца – дольшчыкам. Само сабой, такі варыянт нас не задавальняе., - кажа Сяргей. Яго маці набыла аблігацыі «Валыні» і засталася ні з чым. - Чыноўнікі проста хочуць адкараскацца ад людзей з найменшымі наступствамі для сябе. Ніхто не хоча страціць сваю пасаду».

Таму Сяргей разам з іншымі кліентамі «Валыні» прыйшоў сёння да Ратушы. Па яго словах, дольшчыкі больш за 30 разоў звярталіся ў Мінгарвыканкам, каб зладзіць пікет, але атрымлівалі толькі адмовы. Таму сёння людзі «афіцыйна» выйшлі на пікет Таццяны Караткевіч.

«Наша галоўная задача – звярнуць увагу людзей, і, галоўнае, прэзідэнта. Мы хочам, каб тых, хто вінаваты прыцягнулі да адказнасці. А гэта і чыноўнікі з гарвыканкама, якія закрывалі на нас вочы, а цяпер блакуюць усе нашы звароты і заявы. Кіраўніцтва «Валыні» пасадзілі, але чыноўнікі, якія працавалі з «Валынню», выдававалі дазвол, гэтыя чыноўнікі працуюць далей, - працягвае Сяргей. – Але мы будзем працягваць змагацца. Напрыклад, калі нас праігнаруюць, то будзем хадзіць сюды штодня да 11 кастрычніка».

Таццяна Караткевіч прыняла ўдзел у пікеце

«Учора мы былі на прыёме ў Калініна, намесніка прэм’ер-міністра. Там быў Лапцеў, намеснік мэра па пытаннях будаўніцтва і інвестыцый. Калінін паабяцаў, што нашу праблему будуць разглядаць на найвышэйшым узроўні. Сказаў, што разам з намі будуць выпрацоўваць стратэгію, як вырашыць пытанне. То бок, нас будуць запрашаць на нарады, сходы, будуць запрашаць туды ж Следчы камітэт, антыкрызісны кіраўнік «Валыні», чыноўнікі…, - распавядае Андрэй Босік. У 2013 годзе ён уклаў у будаўніцтва 72 тысячы долараў – і сёння не мае ані грошай, ані кватэры. - Але мы не надта верым у гэта. Бо нам увесь час, ці абяцаюць штосьці, а потым нічога не робяць, ці проста нас ігнаруюць. Таму мы і выйшлі сёння на вуліцу».

Святлана Камінская скарысталася выпадкам каб звярнуць увагу на свае праблемы. Жанчына сцвярджае, што яе дачка атрымала замест кватэры памяшканне для захоўвання дзіцячых калысак, якое трохі пераабсталявалі. У руках Камінскай - каля 70 адказаў ад чыноўнікаў. Па словах жанчыны, яе праблему проста ігнаруюць.

Таксама на пікеце выступіў прадстаўнік прадпрымальнікаў, якія ўклалі грошы ў ГЦ «Галерэя» і прапанаваў дольшчыкам аб’яднацца. Неўзабаве далучылася да пікету і сама Караткевіч. Кандыдатка выслухала людзей, распавяла як важна аб’ядноўвацца ў барацьбе за свае правы, і ў чарговы раз заклікала не хадзіць на датэрміновае галасаванне і падтрымаць мірныя перамены.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)