Падчас адпачынку Лукашэнкі ў Сочы на сцяне рэзідэнцыі пішуць «Белоруссия»

Прысутнасьць кіраўніка Беларусі на курорце падкрэсьліваецца самым наглядным спосабам — празь сьценавы жывапіс.

Лукашэнка ў Краснай Паляне, архіўнае фота

Старэйшы Аляксандар і малодшы Мікалай скрыжавалі клюшкі ў новаўзьведзеным хакейным комплексе зь мясцовай аматарскай камандай, але большую частку адпачынку прысьвячаюць горным лыжам. Да інспэкцыі алімпійскіх аб’ектаў, абяцанай расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным, справа пакуль не дайшла. Затое стала вядома, што Лукашэнка, не сыходзячы зь месца, замяніў кіраўніка сочынскага санаторыя «Беларусь» Георгія Саракашыша на Ўладзімера Рыжанкова.

Чатыры апошнія дні бацька і сын Лукашэнкі ў атачэньні аховы курсіруюць паміж санаторыем «Беларусь» і комплексам адпачынку у горным пасёлку Красная Паляна. Адчуваюць сябе ў літаральным сэнсе як дома. У 2010 годзе Дзярждума Расеі ратыфікавала пагадненьне пра ўзаемную перадачу ва ўласнасьць зямельных надзелаў, згодна зь якім у арэнду Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта тэрмінам на 49 гадоў перададзеныя санаторыі «Беларусь» у Сочы і «Белая Русь» у Туапсэ, а таксама больш за 16 гектараў зямлі ў Краснай паляне.

У санаторыі, які суседнічае з рэзыдэнцыяй расейскага прэзыдэнта «Бачароў ручай», ня так даўно для Лукашэнкі збудаваная рэзыдэнцыя, дзе ён можа прымаць высокіх гасьцей. У другім ён лекуецца ў мінэральных крыніцах і катаецца на лыжах. Менскі канал СТВ нават паказаў сюжэт, у якім Аляксандар Рыгоравіч не разьлічыў сілы і забурыўся ў сьнег на схіле — на дапамогу падасьпеў Мікалай Аляксандравіч.

Уласны карэспандэнт расейскай «Новой газеты» па Паўднёвай Фэдэральнай акрузе Яўген Цітоў падчас журналісцкага расьследаваньня цудам праціснуўся на тэрыторыю лукашэнкаўскай рэзыдэнцыі, і кажа, што ўсё там — паводле вышэйшага разраду:

«Рэзыдэнцыя Лукашэнкі ў Сочы разьмяшчаецца акурат па суседзтве з рэзыдэнцыяй расейскага прэзыдэнта, што мне таксама падаецца дастаткова сымбалічным. Таму што ў абодвух выпадках мэтады кіраваньня і мэтады барацьбы зь людзьмі, якія ня хочуць прымаць навязаныя правілы гульні, у прынцыпе, аднолькавыя.

Што да самой тэрыторыі, якая ўзмоцнена ахоўваецца, то там знаходзіцца ўласна корпус рэзыдэнцыі. Гэта двухпавярховы будынак, аздоблены мармурам, парэнчы там бліскучыя — адным словам, усё зроблена паводле вышэйшага клясу. Таксама там ёсьць шыкоўны рэстаран, побач — некалькі гасьцявых дамкоў, зноў жа, клясу люкс».

Нараджэнка Чавусаў на Магілёўшчыне Любоў Голубева ўжо чвэрць стагодзьдзя жыве ў Сочы. Працяглы час разам зь сястрой Валянцінай яны працавала ў санаторыі «Беларусь», афармлялі на лекаваньне землякоў. Але з пачаткам алімпійскай будоўлі і пераабсталяваньнем санаторных карпусоў пад прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю дамы на санаторнай тэрыторыі былі вызначаны пад знос. Чаканай дапамогі ад беларускай дзяржавы жанчыны так і не атрымалі, таму крыўду на тых, хто іх выселіў, не хаваюць. А ці была прапанова вярнуцца — ужо пасьля таго, як жарсьці суцішыліся?

«Ды не, што вы? Нас з санаторыю „сышлі“ не дзеля таго, каб вярнуць. Справа ў тым, што як толькі яны распачалі гэтую афэру, для нас усё аўтаматычна скончылася. Вырашалі на ўзроўні вышэйшых асобаў: сам Лукашэнка быў, Кучук прыехаў з санаторыя ў Туапсэ, наш дырэктар Саракашыш. Разам сабраліся і вырашалі, як санаторый зрабіць прыбытковым да Алімпіяды. І першай справай пачалі думаць: як выселіць людзей, каб тут разгарнуцца?

Думалі-думалі, і пачалі жыхароў ставіць у такое становішча, каб яны сышлі. У тым ліку і мы зь сястрой. А ў нас на той час было ўсяго 8 гадоў працы, мы працавалі ў прыёмным аддзяленьні адміністратарамі. І тады нам юрыст сказаў: ідзіце туды, адкуль вас ня змогуць прыбраць. Два гады трэба было дапрацаваць да дзесяцігадовага стажу, каб стаць паўнавартаснымі жыхарамі горада Сочы. Мы пайшлі дворнікамі на 0,5 стаўкі; працавалі і адначасова вучыліся на экскурсаводаў. І вось мы вывучыліся, працуем экскурсаводамі, на добрым рахунку ў нашых фірмаў. А фірмы самыя славутыя — VIP-абслугоўваньне, першыя асобы дзяржаў».

Пасьля пераезду ў суседні Дагамыс, куды жанчын адсялілі ў непрыстасаваны гатэльны пакойчык, пра высокіх пастаяльцаў беларускіх базаў Голубевы даведваюцца ня толькі з тэленавінаў і мясцовых газэтаў. У прыватнасьці, «крыніцы» расказваюць, што ў кабінэтах кіраўніцтва здраўніцы апошнімі днямі было не спакойна:

«Паказвалі па тэлебачаньні: Лукашэнка разам з сынам у Краснай паляне ў сваім гатэлі „Беларусь“. А тым часам у санаторыі „Беларусь“, дарэчы, ужо новага дырэктара паставілі. Рыжанкоў прозьвішча. Ён, здаецца, у Кіраўніцтве справамі быў начальнікам дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці. Літаральна два дні таму памянялі. Так што Лукашэнка працуе і адпачывае актыўна. Балазе, сьнегу тут дастаткова. Катаецца з задавальненьнем з сынам на лыжах».

Карэспандэнт: «Гараджанам ці дастаўляе нязручнасьць іх прысутнасьць? СМІ паведамлялі, што ў дзень прылёту затор расьцягнуўся на 20 кілямэтраў?»

«Ведаеце, тут коркі ўжо — пастаянная зьява, пачынаючы ад 2007 году, калі для нас фактычна і пачалася Алімпіяда. Таму асаблівых праблемаў Лукашэнка не стварыў. Ён у сваёй рэзыдэнцыі, нікуды асабліва не высоўваецца. Вось калі прыяжджаюць нашы дзеячы, тады, канечне, тут усё вельмі строга. А ён жа не зьяўляецца асобай № 1 у дзяржаве, ён тут проста як госьць. Як пісалі мясцовыя газэты, Пуцін запрасіў яго сюды адпачыць і паглядзець на алімпійскія аб’екты. Атрымліваецца, што такое паўафіцыйнае знаходжаньне і кароткачасовы адпачынак тут правядзе».

Сочынскі журналіст Яўген Цітоў удакладняе, што беларуская прысутнасьць на курорце падкрэсьліваецца самым наглядным спосабам — празь сьценавы жывапіс:

«Кожны год на пляжы фарбуецца сьцяна ў белы колер і вялікімі літарамі выводзіцца — «Белоруссия». Напэўна, гэта робіцца дзеля таго, каб людзі, якія праплываюць побач на караблях, бачылі з мора, каму належыць гэтая рэзыдэнцыя. То бок, такія вось царскія панты, я сказаў бы».

Тым часам, у перапынку паміж гарналыжнымі спускамі, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад падначаленых тэрмінова завершыць усе працы, некалі заплянаваныя ў санаторыі «Беларусь» і ў комплексе адпачынку ў Краснай Паляне. Па яго словах, да пачатку зімовай Алімпіяды-2014 аб’екты павінны прыносіць максымальны прыбытак беларускай казьне. Адказнасьць за выкананьне даручэньня ўскладаецца на наноў прызначанага прэзыдэнцкага памочніка Віктара Шэймана. Ён, мяркуючы па кадрах афіцыйнага тэлебачаньня, гэтаксама сумяшчае працу з вакацыямі ў гарах.

Таксама на гэтую тэму

Пад рэзыдэнцыю Лукашэнкі ў Сочы зруйнавалі дамы беларусаў

Лукашенко в Сочи поучаствовал в товарищеском хоккейном матче

В Сочи Лукашенко с горы упал

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)