Общество

Пад грыфам «сакрэтна». Праўладны прафсаюз рыхтуе таемную акцыю на 1 траўня

У рэдакцыю Белсату напісалі чытачы, якія кажуць, што Федэрацыя прафсаюзаў рыхтуе нешта цікавае на Дзень працы. Актывістаў арганізацыі збіраюцца везці ў невядомае месца. Калі адмовішся — звольняць.

Вывозяць на аўтобусах як пацукоў

— Я шмат гадоў з'яўляюся старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Мне ніколі не было так сорамна, як зараз, — эмацыйна пачынае свой расповед наш чытач. — 1 траўня нас збіраюцца везці на аўтобусах у невядомым кірунку і невядомае месца.

Усё пад грыфам «сакрэтна». Інфармацыю не даюць анікому, нават галінавым прафсаюзам. Куды нас павязуць і для чаго — не гавораць. Будуць вывозіць у аўтобусах як пацукоў, каб аніхто не ведаў.

1 траўня — Дзень працы — сапраўды вельмі важнае свята для беларускіх прафсаюзаў. Але як кажа крыніца belsat.eu, раней свята адзначалася ў зусім іншым фармаце. У Менску, напрыклад, ладзілі канцэрт. Галоўнае — усе ведалі, што мусіць адбывацца ды і запрашалі адкрыта.

— Гэтым разам анікому анічога не гавораць. Хіба баяцца… Страшна, што хтосьці даведаецца. Нават людзі на вялікіх пасадах не ведаю, куды и навошта яны едуць, — мяркуе крыніца belsat.eu.

Чытач зазначае, што падрыхтоўка праходзіць хоць і ў сакрэтнасці, але з «помпаю». Кожны галінавы прафсаюз рыхтуе свае спісы. Таксама на патаемнае мерапрыемства прывязуць штатных супрацоўнікаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дзяржаўных абʼяднанняў и гарадскіх камітэтаў. На кожны прафсаюз будзе вылучаны цэлы аўтобус.

— Лепей бы гэтыя грошы аддалі людзям, — абураецца чытач.

Сапсаваныя святы

Напачатку было сказана, что аніякіх вялікіх святаў да 1 траўня не плануецца. Перадусім у пандэмію.

— Усе людзі жа запланавалі свае выходныя ў коле блізкіх перад Вялікаднем! Некаторыя планавалі паехаць да сваякоў за 300 кіламетраў! Але няма ў ФПБ анічога святога!

Крыніца «Белсату» мяркуе, што Федэрацыя прафсаюзаў будзе праводзіць нейкую акцыю з транспарантамі и крычалкамі. Накіраваная яна на санцыі ЗША супраць нафтавых кампаніяў.

— Можа нават відэа здымуць, — кажа крыніца «Белсату».

Адмовіцца ад удзелу ў «свяце» нельга.

— Скажы «не» — і ты адразу становішся для іх «бчб». Трэба прыйсці ўсім, нават тым, хто ў адпачынку, — кажа чытач.

Мы накіравалі афіцыйны запыт у прэс-службу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з просьбаю патлумачыць сітуацыю. Як толькі атрымаем адказ, абавязкова яго апублікуем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(51)