Пад Баранавічамі зьявіліся расьцяжкі супраць пуцінскіх байкераў

Актывісты руху «За Свабоду» вывесілі на аўтамабільных мастах у Баранавіцкім раёне расьцяжкі на знак пратэсту супраць мотапрабегу пракрамлёўскіх байкераў з клюбу «Начныя ваўкі».

Расьцяжкі зьявіліся а 13-й гадзіне на мастах транспартных разьвязак каля вёскі Каўпеніца, баранавіцкага мікрараёну Паўночны і пасёлку Зорны.

На банэрах разьмешчаныя надпісы «Не фашызму! І расейскаму таксама. Пуцінцы, зьбірайцеся дадому!», «Беларусь не Расея», «Мы сваю зямлю нікому не аддамо».

Як распавялі прадстаўнікі руху «За Свабоду», расьцяжкі правіселі болей гадзіны: «Два з трох транспарантаў былі выкананыя па-расейску сьвядома, бо асноўны пасыл быў для расейцаў. Грузапаток на трасе быў ажыўлены, машыны віталі транспаранты сыгналамі. У гэты час шмат ехала і аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Два з трох транспарантаў былі выкананыя па-расейску сьвядома, бо асноўны пасыл быў для расейцаў. Акцыю лічым удалай. Галоўным лічым тое, што праяжджаючыя людзі гэта ўбачылі. І галоўны пасыл для людзей тое, што ёсьць людзі якія будуць бараніць сваю зямлю ад усялякай брыдоты».

Прадстаўнікі байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» зьбіраюцца правесьці мотапрабег да Бэрліну, іх і маршрут ляжыць празь Беларусь. Раніцай 1 траўня яны правядуць прэс-канфэрэнцыю ў Берасьці ў консульстве Расеі. Пасьля гэтага яны зьбіраюцца разам паехаць да памежнага пераходу «Варшаўскі мост». Летась іх маршрут на гэтым і спыніўся. Сёлета таксама могуць узьнікнуць цяжкасьці, бо Польшча ўжо абвясьціла, што не зьбіраецца прапускаць расейскіх байкераў на сваю тэрыторыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)