Общество

«Пачулі смех у камеры — адключаюць цяпло». Пенсіянерка пасля сутак пра тое, як дзяржава ставіцца да жанчын

З ізалятара на Акрэсьціна пасьля адбытых 15 сутак выйшла Раіса Алецкая. Гэта адна з пэнсіянэрак, якіх на пачатку сакавіка затрымалі ў Менску на прыпынках гарадзкой электрычкі, бо ў цягніку яны чыталі кнігі беларускіх аўтараў, паведамляе Радыё Свабода.

Большасьць з двух дзясяткаў затрыманых жанчын былі аштрафаваныя, але некаторым суды далі 15-суткавыя арышты, як Раісе Алецкай. Яе затрымалі 2 сакавіка.

Паводле былой арыштанткі Акрэсьціна, там мала што зьмянілася да лепшага ў параўнаньні з часам, калі трымалі славутую баскетбалістку Алену Леўчанку ці каралеву прыгажосьці Вольгу Хіжанкову.

8 сакавіка прынцыпова не адзначалі

Раіса Алецкая кажа, што ў вязьніцы яна перажыла стрэс ад сапраўднага, як мяркуе, стаўленьня дзяржавы да жанчыны.

«Пра якую павагу можна гаварыць, калі мы ўсе мусілі спаць толькі на падлозе, бо матрацаў не даюць, а на голых жалезных кратах спаць проста небясьпечна, тым больш жанчыне. Бо батарэі праз ноч адключаюць. Лічу, вартаўнікам і загадваць ня трэба, робяць гэта са сваёй ініцыятывы. Пачулі сьмех у камэры — «дык вам весела?» — і адключаюць цяпло. Вывелі на праверку ў калідор, дзяўчына ўбок паглядзела, ёй адразу ідзе каманда: «…бло павярнула». Гэткае абыходжаньне ў іх не выключэньне, а норма», — мяркуе Раіса Алецкая.

Паводле жанчыны, арыштантак зь яе камэры ніводнага разу не звадзілі ў душ і толькі раз вывелі на прагулку ў цесны бэтонны дворык. Праўда, гэта было 8 сакавіка.

Сродкі гігіены, у тым ліку жаночай, траплялі толькі праз рэдкія перадачы. Але некаторым перадачы ўвогуле не даходзілі, і тады выручала жаночая салідарнасьць, кажа Раіса Алецкая. Паводле яе, ад супрацоўнікаў ізалятара жанчыны ніякіх сродкаў гігіены не атрымлівалі, хоць грашовыя сродкі, як пераканана яна, на гэта выдзяляюцца.

Пра іншыя абмежаваньні, як тое, што на ноч не выключаюць электрычнае сьвятло або што адбіраюць аўтаручкі, Раіса Алецкая згадвае як пра звычайныя адметнасьці рэжыму на Акрэсьціна. Хоць апошняе абмежаваньне называе «асабліва падлючым».

«Аўтаручкі забіраюць, алоўкаў не выдаюць, мы лістоў напісаць ня можам, нам лістоў чамусьці няма, нават віншавальных паштовак нібыта нам ня пішуць. У выніку сядзім у поўнай ізаляцыі. Мы ў камэры гэты дзень проста праігнаравалі, ніхто не лічыў за сьвята», — катэгарычна зазначае Раіса Алецкая.

Камэра № 15 на трэцім паверсе ЦІПа, у якой яна знаходзілася, разьлічаная на двух чалавек. Плошчу камэры былая арыштантка, прафэсійны будаўнік, вызначыла прыблізна ў 10 квадратных мэтраў. І зазначае, што ў камэры знаходзілася адначасова ад 4 да 7 арыштантак. Як жанчыны разьмяшчаліся на ноч, калі, ня маючы матрацаў, адмаўляліся карыстацца ложкамі?

«Тры ўкладваюцца пад ложкам упоперак камэры, добра, што падлога з дошак, калі падсьцяліць нейкую адзежу, дык ляжаць можна. Галовы пад ложкам, а ногі пад сталом. Іншыя ўладкоўваюцца хто каля ўмывальні, хто каля самага ганку. Каб не цягнула скразьняком, затыкаем шчыліну пад дзьвярыма анучамі. І гэтак да 6 раніцы. Ахоўнікі добра ведаюць, у якіх мы ўмовах ляжым, праз вочка ім усё бачна, але, відаць, гэта іх не турбуе. Магчыма, сваіх жанчын яны б так не паклалі, а нас, значыць, можна, мы ж «пратэстоўцы», «змагары», — кажа Раіса.

«Мы разам»

Паводле суразмоўцы, яна сядзела толькі з палітычнымі.

«Была дзяўчына з Лошыцы, якая на сваім бальконе вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг. Яе затрымалі каля пад’езда дому, як вярталася з працы. Усё зносіла спакойна, казала пра нашу сытуацыю, што «мы ў палоне». Памятаю, як яе, зусім худзенькую, прывялі ў камэру: вочы вось такія ад страху. Згадвала, як у Кітаі два гады танцавала, вярнулася і вось — трапіла сюды. Учора з волі мне званіла, кажа, пасьля таго ляжаньня на падлозе ў яе запаленьне яечнікаў.

Яшчэ была Ліза, маладая мастачка, яе разам з бацькам арыштавалі. Вельмі добра для кніжак малюе. Яна была ў нас няшмат часу, яе перавялі потым у іншую камэру, але яна забыла ў нас кофту і тапачкі, дык змаглі ёй перадаць, аднесьці да яе камэры са словамі «Мы разам». І там пачулі», — кажа Раіса.

Асабліва запомнілася гісторыя сукамэрніцы, якую затрымалі за «Пагоню».

«Сядзела з намі жанчына 52 гадоў. Тая як трапілася? Выйшла ў краму, а ў самой была налепка з «Пагоняй», дык як падыходзіла да крамы, начапіла тую налепку на вадасьцёкавую трубу. Раптам аднекуль выскокваюць двое ў цывільным і яе забіраюць. Спачатку вінавацяць у вывешваньні «незарэгістраванай сымболікі», маўляў, пікет зладзіла.

Але потым да іх даходзіць, што «Пагоня» як герб зарэгістраваная, што гэта гістарычная каштоўнасьць. Тады прыдумляюць пратакол пра непадпарадкаваньне і ўсё роўна адпраўляюць на суткі. Але і на гэтым гісторыя не заканчваецца: потым яна атрымлівае паперу, што нанесла трубе шкоду на 5 рублёў. Яшчэ будуць з гэтай трубой у судзе разьбірацца», — мяркуе Раіса Алецкая.

Канцлягер для «абавязаных»

Жанчына ўзгадвае расказ яшчэ адной сукамэрніцы. Тая казала пра арыштантак, якія сядзяць на Акрэсьціна не за палітыку, а з прычыны асацыяльнага ладу жыцьця.

«Да нас перавялі палітычную, якая раней трапіла ў камэру з гэтак званымі «абавязанымі». Хто гэта? Гэта жанчыны, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, а цяпер забіраюць зь іх грошы на ўтрыманьне дзяцей. Але яны большасьцю нідзе не працуюць, бадзяжнічаюць, выпіваюць, адкуль у іх узяць грошы?

Вось і прыдумалі для іх такі канцлягер — трымаюць на Акрэсьціна і штодня выводзяць на працы. Звычайна, нават зімой, вязуць на сьмецьцевы палігон зьбіраць плястыкавыя бутэлькі. Ім даведзеная проста жудасная норма ў 72 кіляграмы плястыку на дзень, пры тым, што бутэлька важыць пару дзясяткаў грамаў. Значыць, трэба сабраць за дзень, корпаючыся ў сьмецьці, сотні бутэлек. У сьнег, у дождж, у любое надвор’е.

Сукамэрніца расказвала, як гэтыя жанчыны прыяжджаюць увечары з палігону: мокрыя, галодныя, бо там іх ня кормяць. Як мусяць есьці халодную «пайку», якая засталася з абеду і вячэры, і есьці ад стомы нават ня хочуць, дый есьць тую ежу амаль немагчыма. А назаўтра ўсё зноў — пад’ем і на палігон. Гэта як нявольнікі на плянтацыях, у 21 стагодзьдзі, і нікому да іх няма справы!» — абураецца Раіса.

Жанчына згадвае, як у камэры пра «абавязаных» узьнікла дыскусія. Пры ўсёй да іх літасьці, мала хто з сукамэрніц хацеў аказацца разам у камэры хаця б з адной «абавязанай». Зразумела: вошы, пахі, псыхалягічная несумяшчальнасьць…

«Але пагаварылі і сышліся на тым, што мы таксама, ня толькі дзяржава, вінаватыя, што гэтак складаюцца іх лёсы. Бо нічым такім людзям не дапамагаем», — прызнала Раіса.

Раісе Алецкай 60 гадоў, яна мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю, пачынала працу ў будаўнічай арганізацыі простай рабочай, а скончыла намесьнікам кіраўніка, цяпер пэнсіянэрка. За 15 сутак, што адбыла на Акрэсьціна, яна мусіць сплаціць за харчаваньне 220 рублёў, гэта прыблізна палова яе пэнсіі.

«Вось гэткая «ўзнагарода» ад дзяржавы. За 37 гадоў працоўнага стажу, за тое, што нарадзіла і выгадавала трох дзяцей, маю ўнукаў, мяне кідаюць на паўмесяца ў кутузку без матрацаў, ды яшчэ і заплаці ім за гэта, як за гатэль! А ўсё чаму? Таму што я чытала ў электрычцы кніжку Янкі Купалы», — кажа Раіса Алецкая.

Яна сьцьвярджае, што не імітавала чытаньне, а цягу да мовы жанчына тлумачыць жаданьнем дапамагчы ўнуку.

«Калісьці вучылася па-беларуску і, канечне, шмат словаў забыла, але хачу, каб унук добра ведаў родную мову, мог лёгка карыстацца, а то і гаварыць заўсёды. Таму купіла кнігі Купалы і Коласа, чытаю, практыкуюся. І ў той дзень у электрычцы сапраўды чытала не адрываючыся, спынілася толькі, як убачыла побач нейкага мужчыну, які здымае мяне на відэа. Потым у судзе міліцыянты казалі, што я была ў чырвонай куртцы і гэты была акцыя, хоць куртка ў мяне малінавага колеру і я насамрэч чытала. Але што ты ім дакажаш? Такі час».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(11)