Пачобуту не дазволілі размаўляць з бацькам па-польску

Спатканне журналіста з бацькам перапыніў ахоўнік гродзенскага СІЗА, бо Пачобуты размаўлялі на польскай мове.

9 чэрвеня Станіслаў Пачобут наведваў свайго сына. Як заўжды яны гаварылі між сабой па-польску. Ахоўнік зрабіў заўвагу, аднак мову сваёй гутаркі Пачобуты не змянілі.

Тады супрацоўнікі турмы спынілі спатканне і папрасілі Станіслава Пачобута пакінуць памяшканне СІЗА.

Станіслаў Пачобут: «Андрэй вытрымае гэта ўсё... Для нас гонар мае значэнне».

Еўрарадыё паразмаўляла са Станіславам Пачобутам.

С. Пачобут: «Перад спатканнем мяне папярэдзілі, што я павінен гаварыць на дзяржаўнай мове Беларусі — на беларускай або рускай. У сваёй хаце з дзецьмі і з унукамі я размаўляю па-польску. Тыдзень таму я спаткаўся з Андрэеем і мы размаўлялі па-польску. Нас не спынялі, не гаварылі нічога, але сёння, калі я толькі зайшоў у калідор, мне сказалі, што я маю права толькі дзяржаўную мову ўжываць, бо я грамадзянін Беларусі — мяне папярэдзілі.

Калі я спаткаўся з Андрэем, то запытаўся, ці ён ведае, што я не маю права на размову на польскай мове. Ён сказаў, што, наколькі яму вядома з беларускага Кодэкса, мы маем права размаўляць на сваёй роднай мове. І нас папярэдзілі адзін раз, больш гэта тычылася сына, бо на мяне ўвагу амаль не звярталі. Пасля яшчэ раз сказалі, што ён не мае права гаварыць па-польску. І праз 20 хвілін нам сказалі, што канец размовы, Андрэя забралі, а мяне пасля гэтага выпусцілі».

Зміцер Лукашук: Якія вашыя уражанні? Як выглядае сын, як яго самаадчуванне?

С.Пачобут: «Андрэй вытрымае гэта ўсё, які б там лёс не быў. Я яго характар ведаю з дзяцінства, мне здаецца, што ўсё будзе добра. Горш было б, калі б сталася нешта, што адбылося пасля выбараў, калі некаторыя актывісты пачалі адмаўляцца ад уласных словаў, ад свайго удзелу. Для нас гонар мае значэнне».

Лукашук: Ці ведае Андрэй аб падтрымцы, якую выказваюць і яго калегі з Беларусі і Польшчы?

С. Пачобут: «Ведае. Але прыкра яшчэ тое, што яму да гэтага часу не дазваляюць сустрэчу з ксяндзом».

Лукашук: Ці Андрэй прызнае, што ён абразіў кіраўніка дзяржавы?

С. Пачобут: «Ён гэта не прызнае. Як прызнаць тое, калі сам прэзідэнт можа сам так прыніжаць сваіх супрацоўнікаў?! Як карэспандэнт можа прынізіць чалавека, у руках якога цэлая дзяржава?».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)