Общество
Павел Печанько, фота аўтара

Пачалі вяртацца свінні, цi Як вёска выжывае ў крызіс

Яшчэ колькі гадоў прысядзібная гаспадарка давала неблагі прыбытак. Цяпер гэта ці не адзіны спосаб жыць ад заробка да заробка.

На капыльскія падворкі пасля гісторыі з чумой пачалі вяртацца свінні

Беларуская вёска перажывае не самыя простыя часы. Эканамічны крызіс, які негатыўна адбіўся на дабрабыце большасці беларусаў, для жыхароў вёсак стаўся ўсяго толькі дадатковай непрыемнасцю.

Не сакрэт, што заробкі ў сельскай гаспадарцы — адны з самых сціплых у краіне. Фактычна вяскоўцы выжываюць за кошт прысядзібных гаспадарак.

Яшчэ колькі гадоў таму той, хто меў здароўе, мог няблага зарабляць са здачы дзяржаве малака і продажу перакупшчыкам мяса і бульбы. А частка жыхароў некаторых паўднёвых раёнаў Беларусі фактычна і жыве з уласных надзелаў, вырошваючы на продаж агуркі і трускаўкі.

Бульба, як сімвал выжывання на вёсцы

За апошнія некалькі гадоў сітуацыя істотна змянілася ў горшы бок. Спачатку стала нявыгадна вырошчваць на продаж бульбу: у вёскі сталі радзей прыязджаць нарыхтоўшчыкі з Расіі, а кошты на сезонных кірмашах істотна не мяняюцца гадамі.

Шмат хто быў вымушаны адмаўляцца ад дадатковых зямельных надзелаў, якія яшчэ ў сярэдзіне 90-х масава разбіралі і калгаснікі, і бюджэтнікі. Таксама цягам апошніх пяці-сямі гадоў імкліва скарацілася пагалоўе кароў.

Альтэрнатыва свінням

Вёска пакрысе вымірае, старым людзям ужо цяжка спраўляцца з рагулямі, а адносна маладых у вёсках засталося мала. Таму радоўкі (чарга пасвіць статак) зрабіліся празмерна частымі. Сітуацыю маглі б выратаваць нанятыя пастухі, але кропка незвароту, відаць, ужо пройдзеная. Тое, на чым раней ашчаджалі і на чым зараблялі, цяпер даводзіцца купляць. А яшчэ гадоў дзесяць таму малако і кефір цалкам адсутнічалі ў асартыменце вясковых крамаў.

У вёсцы знаходзяцца людзі, якія за грошы збіраюць у лесе ягады для суседзяў

Ці не самым балючым для вёскі ўдарам сталася афрыканская чума свіней. Падчас спецмерапрыемстваў па лакалізацыі ўспышкі захворвання ў шэрагу раёнаў Беларусі прыватнае пагалоўе свіней было зведзенае да крытычнага мінімума.

Паступова вяскоўцы дзе-нідзе пачынаюць разводзіць свіней ізноў, але шмат хто лічыць за патрэбнае не рызыкаваць. Каб зусім не застацца без мяса, людзі пачынаюць разводзіць трусоў і курэй-бройлераў. Папулярныя сярод сельскіх жыхароў таксама в’етнамскія свінні. Як сказаў жартам мой цесць, наедку з іх мала, але ў выпадку аблавы схаваць іх куды прасцей, чым паўтарацэнтнернага кабана.

Гарадскіх унукаў вясковыя бабулі ўжо не могуць здзівіць звычайнымі яблыкамі — даводзіцца гадаваць экзоты

Вымушаная адмова ад вырошчвання свіней істотна знізіла ўзровень дабрабыту вяскоўцаў. Калі раней за выгадаванага парсюка можна было атрымаць добрыя грошы (часам 2-3 месячныя заробкі), то цяпер шмат каму даводзіцца набываць свініну для ўласнага спажывання. Цікавы момант: эпапея са «свінскай чумой» ускосна паўплывала на тое, што хатнія гаспадыні паступова пачалі адмаўляцца ад традыцыйных нарыхтовак на зіму сочыва з ўласнай садавіны.

Цяпер, калі амаль у кожнай сям’і ёсць па некалькі лядоўняў, набытых пад час аўральнага забою свіней, можна эканоміць час і цукар. Шмат хто банальна замарожвае тыя ж трускаўкі ці парэчкі з малінай.

Дарэчы, зарабіць дадатковыя грошы на ўласнай садавіне амаль нерэальна — цэны ў нарыхтоўшчыкаў непрыстойна нізкія. Прадаваць сваім аднавяскоўцам сэнсу няма. Попытам карыстаюцца хіба чарніцы і трускаўкі. Вось тут ёсць магчымасць падзарабіць: хто не лянуецца прасядзець цэлы дзень у лесе, можа папоўніць сямейны бюджэт. Ці вось, напрыклад, знаёмыя жончыных бацькоў ужо некалькі гадоў летам ездзяць у Столінскі раён, дзе па аптовых коштах закупаюць трускаўкі, а пасля прадаюць іх сваім землякам.

Вось так і жыве-выжывае беларуская вёска. Раней прысядзібная гаспадарка коштам дадатковай працы дазваляла так-сяк мець сярэдні дастатак, прыблізна параўнальны з узрощнем жыхароў гарадоў. Цяпер жа ўласная гаспадарка дазваляе вяскоўцам выжываць у літаральным сэнсе слова. Ці варта здзіўляцца таму, што моладзь не рвецца ехаць (ці заставацца) працаваць нават у хвалёных аграгарадках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)