В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Пабляклае святло

Нават самы дасведчаны літаратурны гісторык наўрад ці ўспомніць, хто і калі параўнаў чалавечую памяць са святлом далёкай зоркі, якое і праз тысячы зямных год даходзіць да нас з таямнічых глыбіняў космасу. Прыгожыя словы, ці не праўда? І сэнс у іх за-кладзены вялікі і мудры. Толькі вось з-за частага паўтарэння сталі яны заезджаным штампам і нярэдка не закранаюць глыбокіх пачуццяў, якіх вартыя. Гэта я кажу не проста так, наогул, а ў дачыненні да адной з самых “старых” праграм айчыннага тэлебачання.

Памятаю першыя выпускі “Святла далёкай зоркі”, тое шчымлівае пачуццё ўдзячнасці, якое выклікалі згадкі пра знакамітых нашых акцёраў, паэтаў, музыкаў, вучоных, якія праславілі сваёй выдатнай творчасцю родную Беларусь і засвяціліся яркімі зоркамі на небасхіле нашай духоўнасці. Прываблівалі даверлівая манера аповеду журналіста Аляксандра Дамарацкага, таленавітая рэжысёрская і аператарская работа, а найбольш — тыя непаўторныя лёсы, якія раскрывалі з экрана багацце талентаў. Гэта было так неабходна менавіта нам, беларусам, якім усё яшчэ не хапае адчування нацыянальнай годнасці, ведання сваёй гісторыі, канкрэтнай далучанасці да глыбіняў культуры і мастацтва. І не зважаючы на абсалютную недарэчную тую саладжавую салонную песеньку Вярцінскага, на падкрэслена глыбакадумную, адкрыта задаволеную сабой постаць аўтара, якімі пачыналася кожная перадача, святло нашых высокіх зорак несла рэдкую на сённяшнім дзяржаўным тэлебачанні “непалітызаваную” інфармацыю. Праграма набірала папулярнасці — і было незразумела, чаму яе з Першага нацыянальнага канала перакінулі раптам на “Лад” і пачалі паказваць не ў самы лепшы час. Але засмучала і насцярожвала не гэта, а відавочная дэградацыя перадач, іх усё больш правінцыйны, аматарскі характар. Аляксандр Дамарацкі ўсё больш азадачваў шматграннай павярхоўнасцю і невычэрпнай шматслоўнасцю. Ён, здаецца, усур’ёз паверыў, што здольны лёгка пранікаць у таямніцы інтарэсаў фізіка і жывапісца, рэжысёра і спевака, пісьменніка і лялечніка. Ён, па ўсім відно, не ўскладняў жыццё скрупулёзнай даследчыцкай працай, пошукамі цікавых людзей, новымі творчымі падыходамі, а паставіў на паток “выраб” гэткіх добранькіх, мякенькіх Дзедаў Марозаў. І пакаціўся ружовенькі, кругленькі тэлекалабок з майстэрні ў лабараторыю, са службовага кабінета ў хатні пакой з адной і той жа дзяжурнай усмешкай, з аднымі і тымі ж наіўнымі пытаннямі, з аднымі і тымі ж прымітыўнымі глыбакадумнымі сентэнцыямі. Святло далёкіх зорак пачало блякнуць, аддаляцца, ператварацца ў бледныя водбліскі фотаздымкаў з сямейных альбомаў. Асабліва невыразнай і фармальнай атрымалася апошняя перадача (17 кастрычніка), прысвечаная Івану Пятровічу Шамякіну. Народны пісьменнік, якога многія дзесяцігоддзі любілі мільёны чытачоў у агромістым Савецкім Саюзе, чалавек з няпростым лёсам, якому выпала труднае шчасце пажыць на зломе і вякоў, і палітычных сістэм, прыйшоў да нас з экрана нейкім нямоглым старым, разгубленым і адзінокім, без пакутнага роздуму над часам і ўласнай доляй. А ў яго ж усё гэта было: і расчараванне ў людзях, і непрыстасаванасць да новага жыцця, і спробы прымірыць свае даўнія прынцыпы з сённяшнімі рэаліямі. У перадачы ж сноўдаў немалады чалавек, і рэспектабельны журналіст даволі раўнадушна расказваў, як ішоў ён ад адной пасады да другой, ад аднаго звання да другога, ад адной узнагароды да другой. У мяне нават склалася ўражанне, што кніжак Шамякіна (асабліва апошніх год) А.Дамарацкі так і не прачытаў, і ўсе ўнутраныя драмы і трагедыі пісьменніка яго не цікавілі. На панэлі майго тэлевізара побач знаходзяцца кнопкі “Лада” і “Расіі” — і я часта націскаю на іх, шукаючы што-небудзь цікавае. Калі на экране з’яўляецца Віталь Вульф са сваім “Сярэбраным шарам”, я зручней уладкоў-ваюся перад тэлевізарам. Колькі ў яго закаханасці ў сваіх “герояў”, колькі тэмпераменту і шчырага хвалявання за іх, якое веданне іхняга жыцця — ці то гэта легендарная Зінаіда Райх, ці то незабыўны Мікалай Рыбнікаў. Вульф зусім не прыхарошвае іх, не замоўчвае іхнія слабасці і памылкі — і таму яны робяцца нам яшчэ больш зразумелымі і блізкімі. Яны не падобныя адзін на аднаго ні тварамі, ні звычкамі, ні творчасцю, “жывыя” і натуральныя, як натуральны і жывы Вульф. А вось наш Аляксандр Дамарацкі заўсёды падкрэслена афіцыйны, зашпілены на ўсе гузікі, гэткі тэлевізійны начальнік аддзела кадраў, які расстаўляе па палічках старанна спакаваныя папкі “народных”, “заслужаных”, “выдатных” і “вядомых”, аднолькава і стрымана... Вядома, немагчыма на працягу многіх год усе перадачы рабіць бліскуча, аднолькава ўсхвалявана вяртаць у памяці постаці непаўторных майстроў сцэны і слова, пэндзля і музыкі. Гаворка не пра гэта. Крыўдзіць прафесійная абыякавасць у адносінах да святыняў культуры, да духоўных скарбаў. Калі А.Дамарацкі дэманстратыўна ігнаруе беларускую мову, якая, як гэта агульнапрызнана ва ўсім свеце, з’яўляецца душою і першаасновай усяго нацыянальнага мастацтва, калі ён часам бывае адзіны ва ўсёй перадачы, хто гаворыць па-руску, я не магу зразумець ні яго самога, ні кіраўнікоў тэлебачання. Па маім глыбокім перакананні, кожны, хто працуе ў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, абавязаны свабодна валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі і ўсяляк спрыяць пашырэнню беларускага слова. Іначай ім не павінна быць месца ні ў эфіры, ні на экране. Бо як жа яны ацэняць, скажам, зробленае Шамякіным, які ўсё сваё немалое жыццё, увесь свой талент аддаў служэнню матчынай мове? Як яны адгукнуцца душою на старадаўнюю песню ці адчуюць усю мудрасць і непаўторнасць крылатага народнага выслоўя?.. Вось і блякне святло нашых славутых зорак, прайшоўшы праз аб’ектывы тэлекамер, не запаліўшы агню натхнення і азарэння ў сэрцах саманадзейных журналістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)