«Па «Дзевяноста пятым» будуць вучыцца калі ня нашы дзеці, то ўнукі — дакладна»

Выйшла другое, дапоўненае выданьне кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты».

Кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты» прысьвечана рэфэрэндуму, у выніку якога беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а «Пагоня» і бел-чырвона-белы-сьцяг страцілі статус дзяржаўных сымбаляў. Першае выданьне пабачыла сьвет у ліпені; прэзэнтацыя ў верасьні ў Палацы мастацтваў у Менску сабрала больш як 300 чалавек(ГІП на 101251), увесь наклад імкліва разышоўся.

Спампаваць PDF(ГІП на //docs.rferl.org/be-BY/2015/10/28/12012ffe-c789-4080-b25b-db9779616f53.pdf)

Сяргей Навумчык: «У новым выданьні дададзены фрагмэнт пра нашу паездку на радыялякацыйную станцыю «Волга», расейскі ваенны аб’ект, і дэпутаты Апазыцыі БНФ патрабавалі дэнансаваць пагадненьне пра яе разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі. Я больш падрабязна напісаў пра амбіцыі Лукашэнкі адносна пасады ў Крамлі — менавіта жаданьне заняць месца хворага Ельцына тлумачыла інтэграцыйныя памкненьні. Таксама ўдакладненыя дэталі некаторых падзеяў таго драматычнага году».

«Дзевяноста пяты» — трэцяя кніга Сяргея Навумчыка з цыклю, прысьвечанага найноўшай гісторыі Беларусі, якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Раней выйшлі «Дзевяноста першы» — пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі і «Дзевяноста чацьверты» — пра першыя прэзыдэнцкія выбары.

«Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» — водгукі і ацэнкі

«Дзевяноста першы»

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі

«Дзевяноста першы» — гэта ўзор жарснай публіцыстыкі, прадоннага аналізу падзеяў, прарочых высноваў. Сяргей Навумчык — правая рука Зянона — пісаў профілі дзевяноста першага году, у якім вырашаўся лёс незалежнай дзяржавы Беларусь. Знайшоўся неспакойны Беларус і распавёў пра падзеі, як ён бачыў іх, як непасрэдна ўспрымаў.

І захмар’е, і дол, і халодны позірк, і душэўная трывога.

Ацэнку дасьць час.

За ім — слова!

«Наша Ніва»

Навумчык — выдатны аўтар. У яго добры стыль, ён умее трымаць увагу і напружаньне. Гэта звышчытэльны тэкст. 500-старонкавы фаліянт прачытваецца на адным дыханьні.

Генадзь Бураўкін, паэт, першы прадстаўнік незалежнай Беларусі ў ААН

Час ідзе, нешта забываецца, а потым зьяўляюцца тыя мэмуарысты, якія помняць добрае, зьвязанае зь імі самімі, і забываюць тое, што, можа, ня надта добрае было зь імі, або гэтае ня надта добрае хочуць перакласьці на чужую адказнасьць, на чужыя плечы. Ва ўсякім разе, у тых кнігах, якія я прачытаў пра той час, у мяне такое адчуваньне было. Таму тое, што Сяргей дае дакумэнты, дае атмасфэру таго часу, — мне здаецца, гэта вельмі важна.

Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР

Захапляюся — часам са сьлязой у вачах — дэталямі, якія проста ўцягваюць чытача ў апісаныя падзеі. Кніга «Дзевяноста першы» — каштоўны архіў, які чытаецца як раман.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік

Гэты важкі том — найлепшы адказ як тым, хто лічыць, нібыта незалежнасьць звалілася на беларусаў зь неба, так і тым, хто мяркуе, быццам нацыянальна-дэмакратычныя сілы на чале з БНФ у нашай найноўшай гісторыі пацярпелі паразу. Насамрэч яны ў неверагодна складаных умовах дасягнулі галоўнай мэты — краіна атрымала Незалежнасьць.

Дзьмітрый Гурневіч, журналіст

Гісторыю, як вядома, пішуць пераможцы. Са спазьненьнем на 20 гадоў мы дачакаліся і сваёй гісторыі пра пераможны 1991 год.

«Дзевяноста чацьверты»

Сяргей Дубавец, пісьменьнік

Сяргей Навумчык напісаў вельмі цікавую кнігу, якая, дзякуючы стылю і пачуцьцю гумару аўтара, чытаецца на адным дыханьні. Але галоўнае, што там ня схлушаны аніводны факт.

Часта бывае прыкра, калі чытаеш хлусьню пра тое, чаму сам быў сьведкам.

У кнігах Навумчыка такога няма.

Сяргей Антончык, лідэр рабочага руху пачатку 1990-ых

Гэта хроніка палітычнага жыцьця, якое было ў Беларусі.

Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня

Сяргей Навумчык досыць аб’ектыўна ацэньвае расклад палітычных сіл у нашай краіне напярэдадні і падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Ён прыходзіць да высновы, зь якой цяжка не пагадзіцца: на тых выбарах і Кебіч, і Аляксандар Лукашэнка рэпрэзэнтавалі блізкія між сабою палітычныя пазыцыі, у аснове якіх ляжала імкненьне да пераўтварэньня Беларусі ў калёнію ўсходняга суседа ўзамен на моцна жаданую імі найвышэйшую ўладу на гэтай тэрыторыі.

Радзім Гарэцкі, акадэмік

Такая кніжка — выдатная зьява.

«Дзевяноста пяты»

Пётра Садоўскі, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне

Значная частка тэксту прысьвечана красавіцкай галадоўцы ў памяшканьні парлямэнту, рэфэрэндуму і выбарам 1995 году. Паводле сваёй трагічнай значнасьці ў найноўшай гісторыі Беларусі гэтыя падзеі, бадай, пераважаць гісторыю злачыннага зьнікненьня вядомых беларускіх грамадзян. Такія злачынствы ня маюць маральнага тэрміну даўнасьці.

Ганна Кісьліцына, літаратурны крытык

Кніга выдатна адпавядае жанру «нон-фікшн». У кнігах гэтага жанру выкарыстоўваюцца мастацкія прыёмы раскрыцьця вобразаў і такая спэцыфічная кампазыцыйная арганізацыя твораў — сцэна за сцэнай. У выпадку зь Сяргеем Навумчыкам гэта ня толькі сцэна за сцэнай, але і год за годам. І можна сказаць, што гэта ў пэўным сэнсе ўзорны нацыянальны «нон-фікшн».

Сяргей Пульша, аглядальнік газэты «Новы час»

Лёгкі стыль аўтарскага выкладаньня робіць, здавалася б, сур’ёзную гістарычную літаратуру «надрыўнай», кшталту майстроў дэтэктыўнага альбо фантастычнага жанру.

Аляксандар Лукашук, дырэктар Радыё Свабода

Аўтар не нэўтральны, ён нефармал, бэнээфавец, апазыцыянэр, дэмакрат, пацярпелы, герой, удзельнік, зацікаўленая асоба...

Усё так. Толькі гэта ня мінус, а фарматная дадзенасьць. Яе галоўная рыса — не абмежавальнасьць, а сумленнасьць сьведкі, эмоцыя часу, а не ягоны асадак, не наратыў прафэсара, а праўдзівасьць летапісца.

Зянон Пазьняк, старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня

Гэта каштоўнае, дакладнае дасьледаваньне па найноўшай гісторыі змаганьня за незалежную Беларусь пагрунтована на дакумантах, на летапісе друку, на ўспамінах і архіўных матар’ялах і на вопыце ўласнага ўдзелу ў палітычным працэсе той пары. Асаблівай каштоўнасьцю кнігі зьяўляецца тое, што яна адлюстроўвае дух таго часу, сваістае адчуваньне падзей, часам апісаных скрупулёзна да найменшых дэталяў.

Мілана Міхалевіч, настаўніца

Узяла ў рукі на хвіліну пагартаць і не змагла адарвацца, хоць вельмі балюча чытаць усе падрабязнасьці таго, што мы, учарашнія дзеці, бачылі збоку, а аўтар — знутры. Як быццам ізноў разанула па сэрцы. Як тады, калі мы даведаліся пра вынікі рэфэрэндуму (у мяне дагэтуль зьвініць у вушах крык маёй тагачаснай сяброўкі, вельмі-вельмі ціхай дзяўчынкі Наташы — «Ня можа быць!» на ўсю кавярню). Як тады, калі глядзелі, як здымаюць «Пагоню» з будынка на плошчы Незалежнасьці, і плакалі. Спадзяюся, што некалі ўрыўкі з кнігі ўвойдуць у падручнікі, па якіх будуць вучыцца калі ня нашы дзеці, то ўнукі — дакладна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)