Общество
Вольга Слуцкая, фота «Радыё Свабода»

Освальд зноў у Мінску (фота)

Першая прэзентацыя кнігі пра Лі Гарві Освальда адбылася днямі ў двары дома, дзе жыў знакаміты жыхар, – у Мінску, на вуліцы Камуністычнай, 4. Аўтар кнігі – шэф Беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук падпісаў кнігі для ўсіх жадаючых. У тым ліку і для былой суседкі Освальда, якая дагэтуль захоўвае яго ліст.

Освальд з жонкай Марынай на балконе мінскай кватэры

Уваход у пад’езд, дзе жыў Освальд

Самая вялікі стос кніг пад назвай «Сьлед матылька. Освальд у Менску» дастаўся жыхару кватэры, дзе калісьці жыў чалавек, вядомы на ўвесь свет як забойца прэзідэнта Кенэдзі. Цяпер у яго былой кватэры жыве Эдуард Кадыравіч Сагындыкаў, які «ходзіць па тым самым паркеце, глядзіць у тыя самыя вокны і ахвотна фатаграфуецца з журналістамі ў той самай позе, як некалі Освальд і ягоная жонка Марына».

Зрэшты прэзентацыяй тое, што адбылося ў двары дома на вуліцы Камуністычнай (раней Калініна), Аляксандр Лукашук не наважваецца назваць. Проста такім чынам дух матылька Освальда вярнуўся туды, дзе пакінуў сляды паўстагоддзя таму.

– Дзіўна, але на сустрэчы з жыхарамі дома я сустрэў жанчыну, якая сказала, што у яе ёсць ліст ад Освальда. Яна з сяброўкамі наведвала курсы ангельскай мовы. Калі даведаліся, што іх сусед – амерыканец, укінулі яму ліст у скрыню, а той адказаў, – распавеў карэспандэнту «Салідарнасці» Аляксандр Лукашук.

У 1989 годзе ён першым у Савецкім Саюзе пераклаў і надрукаваў у часопісе «Крыніца», які рэдагаваў Уладзімір Някляеў, «Гістарычны дзённік» Освальда. Адзіным даследнікам, атрымаўшым у час кароткай палітычнай адлігі у 1992-ым годзе доступ да архіваў КДБ у Мінску, стаў пісьменнік Норман Мэйлер – суайчыннік амерыканца, які па сваёй волі прыехаў жыць у СССР . Освальд стаў героем ягонай кнігі –бестсэлера, а Аляксандр Лукашук зрабіў з Мэйлерам інтэрв’ю.

Так нараджалася кніга, якая, на думку яе аўтара, будзе цікавая як псіхічна здаровым, так і нездаровым людзям. Кніга прызначана тым, каму цікавы жарт, іронія і гумар гісторыі. Хоць яна не пра тое, хто і як забіў Кенэдзі.

Яна пра матылька, які прыляцеў на нашу планету. Ці працаваў ён на ЦРУ? Чаму ўсіх рабочых радыёзавода адпраўлялі на бульбу, а Освальда – не? Хто з мінскіх дзяўчат разбіў ягонае сэрца? Як Станіслаў Шушкевіч вучыў яго рускай мове? Ці была жонка Освальда цнатліўкай? Як жылося маладой пары пад пільным прыцэлам КДБ, і чаму яны ўрэшце вырашылі «дагнаць Амерыку»? Адказы на гэтыя пытанні чытач знойдзе ў кнізе Аляксандра Лукашука. Яе прэзентацыя адбудзецца 13 кастрычніка ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)