Общество
Алена Якжык, фота Радыё Свабода

«Нянавісць, страх і недавер – вось галоўныя вынікі выбараў прэзідэнта-2010»

Навіна пра выхад на волю мастака з вёскі Бобр Алеся Пушкіна праз два дні пасля выбараў з-за жудасных падзеяў таго часу амаль прамінула старонкі газет. «Салідарнасць» вырашыла нагнаць упушчанае і абмеркаваць з майстрам карціну беларускага палітычнага жыцця і сённяшні настрой грамадства.

Па словах суразмоўцы, на розных этапах перадвыбарчай кампаніі яму прапаноўвалі працаваць ў камандах Саннікава, Раманчука, Рымашэўскага, Някляева. Але ж ён па розных прынцыповых прычынах адмаўляўся, ці прадстаўнікі кандыдатаў, пачуўшы яго пазіцыю, пазбягалі супрацоўніцтва.

— 19 снежня 2010 года ў Беларусі адбыліся так званыя прэзідэнцкія выбары. Кандыдаты, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, вымушаныя былі шукаць сродкі на сваю перадвыбарчую кампанію дзесьці на баку. Напрыклад, я лічу, што Саннікаў і Някляеў знайшлі гэтыя сродкі ў Расіі. На што беларуская дзяржава не магла глядзець скрозь пальцы.

Пасля выбараў лідэры павінныя былі зрабіць нейкія акцыі, каб прадэманстраваць, што яны змагаліся да апошняга. Той праект, які ў 2006-м рабіў Аляксандар Казулін, які быў марпехам, у 2010-м зрабіў паэт Уладзімір Некляеў — і гэта палітычны перфоманс. Андрэй Саннікаў, былы дзяржаўны службоўца, таксама вырашыў балатавацца, загадзя ведаючы, што ніколі гэтай мэты не дасягне.

Я прытрымліваўся погляду Зянона Пазьняка, які сказаў, што ва ўмовах дыктатуры нельга ўдзельнічаць ў выбарах — іх трэба байкатаваць.

“Маўклівы хуліган”

Перад выбарамі падзеі ў жыцці вядомага мастака разгортваліся наступным чынам. 9 снежня яго арыштавалі на 13 сутак. Падставай для арышту стала заява аднавяскоўца-крымінальніка, які паскардзіўся ў міліцыю, што Пушкін яго збіў. На знак пратэсту затрыманы адмовіўся размаўляць: ён ані слова не сказаў на судзе і працягнуў маўклівы пратэст у няволі. 21 снежня Алеся, які ўсе гэтыя дні галадаў, з пастарунку адвезлі адразу ў прыёмную хуткай дапамогі.

— Мне ўдалося байкатаваць выбары: я нават не прагаласаваў, — працягвае Алесь Пушкін. — Начальнік крупскай турмы Макараў адрэагаваў, што гэта маё права і адышоў ад мяне з гэтай урнай. Мая жонка адзіная з настаўніц Бобрскай сярэдняй школы таксама не галасавала, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва патрабавала, каб усе супрацоўнікі схадзілі на выбары.

— Як вы ацэньваеце падзеі 19-20 снежня?

— Для мяне была цалкам нечаканая гэтая неапраўданая жорсткасць улады і сілавых структур да свайго народу. Гэта мяне вельмі ўразіла і засмуціла — што беларус беларуса так жорстка збівае, што той міліцыянер у форме ўнутраных войск (выхадзец з вёскі ці гарадскі хлопец) так збівае свайго роднага брата. Гэта галоўны вынік выбараў 2010 году – у нас ўсё больш і больш з’яўляеца нянавісці, страху і недаверу.

Нянавісць, страх і недавер — вось самая сумная тэндэнцыя, самае брыдкае. Як гэтае пераадолець — ня ведаю. Ці гумарам, ці аб’яднаннем на глебе мастацтва, ці мецэнацтвам, ці да нас прыляцяць шпакі і людзі пачнуць кахаць адзін аднаго — і падзеі прызабудуцца…

Але мінімум паўгода наша грамадства будзе перажываць гэты стрэс.

— Як вы лічыце, які лёс чакае арыштаваных кандыдатаў і актывістаў грамадскай супольнасці?

— Іх будуць судзіць і дадуць як Казуліну – мінімум пяць гадоў.

А тое, да прыкладу, што Рымашэўскага выпусцілі, і ён баяўся даваць інтэрв’ю, дэманструе, што ён не баец і не можа прэтэндаваць на ролю палітычнага лідэра. Тое, што Рымашэўскі пабаяўся падпіскі аб неразгалошванні, — гэта глупства. Можна ўсё смела гаварыць. Яго спужалі мабыць, што зноў пасадзяць у “амерыканку”. Але ж чаго баяцца турмы палітыку, які ідзе за свой народ? Нэльсан Мандэла 20 год сядзеў.

Тое ж самае тычыцца Раманчука і Кастусёва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)