В мире

«Няма нагоды для радасьці». Айцец Шрамко назіраў у Кіеве за саборам

Беларускі сьвятар а. Аляксандар Шрамко мяркуе заўчасным казаць пра аб’яднаньне ўсіх праваслаўных плыняў ва Ўкраіне, нягледзячы на абвяшчэньне стварэньня адзінай памеснай царквы і выбары яе першагерарха, паведамляе Радыё Свабода.

«Пэўны этап гэтая падзея зазначае, але яна меншых маштабаў, чым тут пра яе апавядаюць. Усё ж адзінай царквы не атрымалася. У саборы ўдзельнічалі толькі двое сьвятароў з Маскоўскага патрыярхату. Аб’ядналіся, у сутнасьці, толькі дзьве царквы — Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква. Цяпер яны ўжо кананічныя цэрквы, а не раскольнікі. І ва Ўкраіне зараз зьберагаецца пэўная канкурэнцыя, бо цяпер абедзьве царквы кананічныя з гледзішча сусьветнага праваслаўя», — сказаў Свабодзе Аляксандар Шрамко.

Порошенко объявил об учреждении новой православной церкви. Комментарий РПЦ

Паводле яго, ён адмыслова прыехаў у Кіеў, каб паназіраць за працэсам аб’яднаньня. Сёлета ў кастрычніку айца Аляксандра Шрамка за крытыку маскоўскага патрыярха Кірыла вызвалілі ад пасады сьвятара «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня блаславеньня».

Беларускі сьвятар мяркуе, што далейшы аб’яднаўчы працэс ва Ўкраіне ня мае пэўнай пэрспэктывы і будзе залежаць ад паводзінаў дзяржавы:

«Будзе яна ціснуць ці не?.. У прынцыпе мела сэнс япіскапам Маскоўскага патрыярхату ўдзельнічаць у саборы, каб паўплываць на выбары новага кіраўніка. А зараз, калі сабор прайшоў, для іх ужо няма асаблівага сэнсу... Невядома, і якія ўмовы будуць створаныя для царквы Маскоўскага патрыярхату. Працяг можа быць розным».

Аляксандар Шрамко зьвярнуў асаблівую ўвагу на ролю сьвецкіх уладаў Украіны ў разьвязаньні царкоўных справаў. «Званы пачалі біць на Сафійскай плошчы тады, калі прыехаў Парашэнка, нібыта ён галоўны герарх. Атрымліваецца, што гэта такая ягоная царква. Мне не падабаецца такая актыўнасьць сьвецкай улады на гэтай ніве», — сказаў Шрамко.

«Атмасфэра на плошчы мяне ня ўразіла. Было падобна, што зьвезьлі бюджэтнікаў, хаця былі і зацікаўленыя людзі, энтузіясты. Моладзі было няшмат. Такой узьнёсласьці ці эўфарыі, як я чакаў, не адчувалася. Хацеў паразмаўляць зь людзьмі, але яны неахвотна ішлі на кантакт. Ведаеце, калі ў чалавека эмоцыі, ён хоча іх выплеснуць, толькі дай яму магчымасьць. А тут такога не было. Я б не хацеў, каб так было з нашай беларускай царквой. Мне хочацца, каб гэта ішло ад людзей, было нейкае ўнутранае памкненьне. Царква стае палітычнай картай, і чалавек, які палітычна зацікаўлены і ня ёсьць такім рэлігійным, успрымае гэта ўзьнёсла, як яшчэ адну прыкмету незалежнасьці, а для царкоўнага чалавека я не бачу асаблівай нагоды радавацца».