Общество
Алесь Пілецкі, фота Юлія Дарашкевіч, «Наша Нiва»

Някляеў за раз спусціў на рынку палову мінімальнага месячнага бюджэту

Праз дзесяць дзён пасля вызвалення, 31 мая Уладзімір Някляеў разам з актывістамі кампаніі «Гавары праўду» распачаў акцыю «Сто пытанняў ураду».

Месцам яе пачатку быў абраны Чэрвеньскі рынак сталіцы. Актывісты кампаніі вырашылі праверыць, на колькі хопіць 295 тысяч — мінімальнай сумы, адведзенай дзяржавай на месячны запас прадуктаў. Някляеву іх хапіла на 20 хвілін.

Паход на рынак, які неўзабаве закрыюць, пачаўся нервова. На самога Някляева і невялікую групу журналістаў адразу накінуўся начальнік аховы рынка.

«Што вы тут здымаеце? Хто вам дазволіў? Я начальнік аховы, я вам забараняю!», — нервова крычаў невялікі мужчына і хапаўся рукамі за аб’ектыў фотакамеры.

З-за яго спіны на Някляева накінуўся малады грузчык нецвярозага выгляду, выкрыкваючы пагрозы ў нецэнзурнай форме. Яны, гэтыя пагрозы, начальніка аховы чамусьці не зацікавілі — ён працягваў турбавацца прысутнасцю на рынку людзей з фота- і відэатэхнікай. Аднак пасля патрабаванняў прынесці дакумент, які забараняе журналістам фатаграфаваць і здымаць відэа ён некуды знік. Замест яго з’явіліся людзі ў цывільным, я кія ўжо самі здымалі Някляева і журналістаў на відэа.

Тым часам лідар «Гавары праўду» імкліва траціў свой невялікі бюджэт. Вяндліна, сала, каўбаса, сыр, тварог — па кілаграме ўсяго гэтага ўмясцілася ў невялікую торбу, а грошай засталося толькі на гародніну. Прычым набыць мяса і рыбу не ўдалося — першага на рынку ўвогуле не было, а якасць рыбы (якой таксама было вобмаль) купцоў не задаволіла.

«Здымайце, здымайце гэтыя цэны, гэтыя пустыя прылаўкі. Гэта ўжо немагчыма трываць», — падгаворвалі журналістаў некаторыя людзі.

Прадпрымальнікі таксама зацікавіліся нечаканым госцем: «Фатаграфуйце. Можа, нас не закрыюць. А можа, наадварот — адразу і закрыюць пасля вас».

Грошы ў Някляева тым часам сканчаліся. Пасля набыцця кілаграма яблыкаў, бульбы, капусты, радыскі і зеляніны з месячнага бюджэту засталося толькі 120 тысяч. «Хопіць. Хаця б на некалькі дзён яшчэ пакінуць трэба. Як ні лічы і як ні старайся захаваць фігуру — месяц пражыць за гэта проста немагчыма», — заявіў ён і накіраваўся з жонкай да машыны, каб пакінуць там пакункі з прадуктамі. Гэта асабліва ўсцешыла моцных хлопцаў у цывільным, якія відавочна не ведалі, што ім рабіць з гэтым кліентам.

«Калі параўноўваць цэны датурэмныя і сённяшнія, то яны папаўзлі. Я патраціў амаль палову мінімальнага сямейнага бюджэту за раз». Паскардзіўся і на немагчымасць пагаварыць з людзьмі: «Запалохалі людзей, разагналі іх. Я хацеў пагаварыць пра лёс самога рынку, які пойдзе пад знос. 1300 працоўных месцаў, у сто разоў больш людзей, якія карыстаюцца яго паслугамі — паўстае канфліктная сітуацыя паміж уладай і людзьмі, якія хочуць мець тут рынак».

Скончыўся візіт Някляева на Чэрвеньскі рынак кароткай размовай з эмацыйным пенсіянерам, які назваў лідара «Гавары праўду» «мюнхенцам» і заявіў, што «даляры яму «на х. не патрэбныя».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)