Някляеў: «Якое можа быць сяброўства пад рознымі сцягамі?! Чаму не?»

Паэт Уладзімер Някляеў – пра сяброўства з драматургам Аляксеем Дударавым.

– 1 сакавіка ў Мінску на Ўсходніх могілках пахавалі Аляксея Дударава, – піша Някляеў. – Драматурга, аднаго з самых вядомых беларускіх літаратараў.

Браты перамогі!

Я вас абдымаю на карку Алімпа.

Нібы насарогі

Крышылі вы ўсе трыумфальныя аркі,

Што ўквечаны рознаю ліпай.

Рыклівы ваш бегвалюхаям

Не быў даспадобы...

Цяпер завіхаюцца,

Лепяць падобных.

Гэта з прысвечанага яму «Канцэрта пераможцаў». Недзе ў пачатку 80-х.

Доўгія гады мы сябравалі – ён быў адным з найблізкіх маіх сяброў. І здавалася – на ўсё жыццё.

Нас развёў год 2010-ы, у які, як сказаў ён, адзін з найблізкіх маіх сяброў, я заняўся «не Божай справай». Сярод усіх маіх страчаных сяброўстваў, якіх пасля 2010 года парвалася, парушылася нямала, ці не найбольш я шкадую пра гэтае...

Цяпер я, можа быць, спытаў бы: «Ляксей, спроба павярнуць Беларусь да Беларусі не Божая справа? Ты пра што?..» Але тады пытаць не стаў.

Аднойчы выпадкова сутрэліся каля кінастудыі. Ён быў так прычасаны (ці, магчыма, гэта быў парык для якіх-небудзь здымкаў), што я не адразу пазнаў яго. Спытаў (бо прычоска ягоная праз усе гады была аднолькавая): «Ты перастрыгся?» – і ён гэта так зразумеў, што ўскіпеў.

Зноў жа цяпер я думаю, што чалавечыя адносіны мусяць быць над палітычнымі дачыненнямі, перакананнямі, над любой, якую б хто ні спавядаў, верай ці ідэалогіяй, але думанне гэтае натыкаецца на рэаліі, якія сведчаць, што так не было, не ёсць і ніколі не будзе…

І ўсё ж: якое ў нас права (ясна, што не Божае) патрабаваць ад некага быць такімі ж, якімі ёсць мы? Несці гэткі самы, які мы нясем, сцяг? І я не пра (ці не толькі пра) чырвона-зялёны і бел-чырвона-белы.

Але гэта (зноў жа) праз гады. А тады: «Якое можа быць сяброўства пад рознымі сцягамі?!» Чаму не?..

Чаму не збылося тое, пра што мы некалі дамаўляліся: пасяліцца ў розных дамах, але ў адным двары, у якім пад старой таполяй будзе стаяць старая лава, на якой мы, калі станем дзядамі, будзем сядзець вечарамі, як у ягонай п’есе «Вечар», і ўспамінаць…

Ёсць што ўспомніць. Як ёсць і тое, чаго нельга забыць. І гэтымі нажніцамі перастрыгаюцца лёсы.

Бывай, Аляксей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(30)