Някляеў: «Я пішу дзеля таго, каб не звар’яцець»
Літаратурны фестываль памяці Міхася Стральцова сёлета праходзіў у Вільні. Гасцей прытуліў Саюз пісьменнікаў Літвы, прычым са сваім мінімальным удзелам. Усе пляцоўкі былі аддадзены беларускім паэтам і перакладчыкам, палова з якіх прыехала на фестываль здалёку, не з-за літоўска-беларускай мяжы.
Уладзімір Някляеў, які пагадзіўся адказаць на пытанні Міхася Скоблы з Народнай Волі, прыляцеў з польскага Уроцлава, дзе перабывае, так бы мовіць, у доўгатэрміновай творчай камандзіроўцы.

– Сумна гэта канстатаваць, але ў замежжы ўжо ўзнікае нейкая паралельная Беларусь, дзе ёсць усё сваё – тэлебачанне, тэатр, пісьменнікі, музыкі, мастакі, свае прадстаўнічыя грамадскія арганізацыі. Ці гэта часова, і з цягам часу нашы суайчыннікі расцярушацца па свеце?
– Для мяне няма і не будзе ніякай паралельнай Беларусі.
Ёсць адна Беларусь, яна знаходзіцца там, дзе я нарадзіўся і дзе я пакладуся ў зямлю.
Вядома, людзям трэба неяк часова жыць і на чужыне. Той жа Лявон Вольскі ладзіць у замежжы канцэрты, купалаўцы паказваюць спектаклі.
Я ж таксама, хоць і не эмігрант, ездзіў пісаць свае кнігі і ў Швецыю, і ў Фінляндыю. Летась у Польшчы прэзентаваў сваю кнігу «Гэй Бен Гіном», а сёлета мяне запрасілі пажыць у літаратурнай рэзідэнцыі ва Уроцлаве, дзе выходзіць мая новая кніга.
У свой час мне даводзілі, што Беластоцкае Падляшша – гэта запасны аэрадром для беларусаў. Але там ідзе паланізацыя, і гэты працэс натуральны. Вось нядаўна адбыўся прыкры выпадак з Беларускім ліцэем у Гайнаўцы. 50 вучняў напісалі заявы, што не хочуць вывучаць беларускую мову, бо яна ім не спатрэбіцца…
– Па вашых адчуваннях, колькі адсоткаў беларусаў пры спрыяльных умовах вернуцца на радзіму?
– Дай Бог, каб адсоткаў пяцьдзясят… Бо калі чалавек знаходзіць сваю нішу ў Польшчы, Нямеччыне ці Амерыцы, калі яго сям’і там цёпла і ўтульна, то навошта яму вяртацца ў выстуджанае гняздо?
Гэта вялікая бяда для Беларусі, эміграцыя пасля 2020 года нанесла ёй вялізныя інтэлектуальныя страты. Гэта ўжо зразумелі і ўлады.
– Ці не запозна? Ды і склад камісіі па вяртанні выклікае пытанні.
– Не толькі склад камісіі. Вось я стаўлю сябе на месца чалавека, які хоча вярнуцца. Мне без ніякіх гарантый прапануюць вярнуцца і пакаяцца перад той камісіяй, а над ёю – яшчэ нехта, і за ім апошняе слова. Ён зірне ў свой спісачак: ага, ты засвяціўся там і там, ты нам не падыходзіш… Хто ж у такіх варунках паедзе?
Адзіны нармальны шлях вырашэння гэтай праблемы – амністыя для ўсіх. Тыя, хто з’ехаў, ні ў чым не вінаваты. Выходзячы на вуліцы ў 2020-м, яны шукалі справядлівасці, вынікі выбараў былі яўна сфальсіфікаваны. Дык жа і вы падыдзіце да іх справядліва…
– Акрамя страт інтэлектуальных гэта яшчэ і вялікія грошы, якіх не далічваецца дзяржаўны бюджэт. Напрыклад, толькі адна кампанія Wargaming у выглядзе падаткаў сплачвала ў бюджэт больш, чым увесь Заводскі раён Мінска.
– Ніхто ніколі ў палітыцы грошы не лічыў. Вось мне ўвесь час даводзілі – Расія ніколі не пойдзе вайной на Украіну, бо гэта эканамічна нявыгадна. Але ў сваіх геапалітычных намерах Расія ніколі не лічыла грошай. Не шкадуе і цяпер – на зброю, на прапаганду. У прорву вайны кінута ўся расійская эканоміка. Тыя самыя падыходы, мяркую, і ў Беларусі. Але гэта гібельны шлях.
– Вы згадалі пра свае выступленні ў Польшчы, на якіх быў прэзентаваны раман «Гэй Бен Гіном». Наколькі цікавяцца тыя, хто з’ехаў, беларускай літаратурай?
– Для кагосьці з пісьменнікаў было б шчасцем – праехаць Польшчу ад краю да краю і на сустрэчах у Кракаве, Уроцлаве, Гданьску і Беластоку пабачыць поўныя залы беларусаў. Мне ж гэта асаблівай радасці не прынесла. Мае чытачы па ўсёй Польшчы – што гэта такое? І ўсе яны былі ў роспачы – а што нам рабіць, а калі мы вернемся ў свае хаты?
Гэта было год таму. А вось нядаўна была ў мяне сустрэча – ужо менш падобных пытанняў. Людзі ўжо пачалі знаходзіць свае нішы, пра якія мы гаварылі раней.
– З двух дзясяткаў удзельнікаў Стральцоўскага фестывалю ці не палова сёння жыве за мяжой. Пры такой тэндэнцыі хутка ў Беларусі пісьменнікаў не застанецца…
– Таму што адносіны да іх проста абыякавыя – у лепшым выпадку. У горшым іх чакае турма, дзе сёння знаходзяцца сябры ліквідаванага ўладай Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, адкуль нядаўна выйшаў Мікола Папека. А пісьменнікі ў цывілізаванай краіне – гонар і годнасць нацыі. І там дзяржава імі апякуецца.
Дарэчы, у маім рамане «Гэй Бен Гіном» ёсць такі дыялог Сталіна з Купалам. Купала кажа: можна кагосьці прызначыць міністрам ці сакратаром ЦК, але паэтам прызначыць нельга, паэтам можна толькі нарадзіцца. На што Сталін адказвае: вы памыляецеся, таварыш Купала, вы сталі народным паэтам Янкам Купалам таму, што мы вас прызначылі…
Пісьменнік у нармальнай краіне ўплывовая фігура. Скажам, чаму сёння Літва прэтэндуе на гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага? Таму што Юсцінас Марцінкявічус у свой час напісаў свае вядомыя драматычныя паэмы «Міндаўгас», «Кроў і попел», і напісанае ім стала гісторыяй Літвы. У нас Караткевіч спрабаваў гэта зрабіць. І напачатку ж пайшло – краіна замкаў, рыцарская Беларусь… Але ж потым усё гэта было спынена.
– Пасля Караткевіча ў гэтым кірунку ішоў Мікола Арочка, згадайма яго паэмы «Курганне”, “Крэва», «Каранацыя Міндоўга», ды і вашы паэмы можна ўспомніць. Дзе вам лепш пішацца – у Мінску, Крэве ці Уроцлаве?
– Адназначна – у Крэве, там простая незвычайная энергетыка. Часам мы не разумеем, што на нас уздзейнічае гранітная падушка зямлі, колькасць сонечных дзён. Дык вось, Крэва – месца, дзе самае файнае, што можа быць у прыродзе, супадае з самым файным, што ёсць ува мне. Я там меней сплю і высыпаюся, я там ніколі не ўпадаю ў дэпрэсію.
У Крэве я ўсім задаволены, мяне там нічога не раздражняе. Аднойчы туды са мною прыехала адна замежная дзіва. Ідзём па вуліцы, а перад намі карова «блінец спякла». Што з той дзівай было, Божа мой! А мне гэта абсалютна нармальна.
Бо потым той каравяк збіраецца і нясецца на агарод, з якога мы ямо смачныя памідоры. У Крэве пахаваны ўсе мае продкі, там побач з бацькамі я пакінуў месца і сабе.
– Але ж пад многімі вашымі творамі пазначана зусім не Крэва…
– Так сталася, што раман «Гэй Бен Гіном» я пісаў у Швецыі, раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» – у Фінляндыі. А летась мне фундацыя «Калегіум Еўропы Усходняй» прапанавала папрацаваць над новай кнігай ва Уроцлаве.
Я згадзіўся па вельмі простай прычыне. У Беларусі за кратамі сядзяць 30 маіх блізкіх сяброў. Ніхто з іх нічога не ўкраў, нікога не забіў, сядзяць ні за што. І я нічога не магу зрабіць дзеля таго, каб яны выйшлі. І мяне гэта прыгнятае. Дома я магу толькі не спаць начамі, ускокваць, курыць, рваць нервы і сэрца садзіць. У такім стане вельмі цяжка пісаць.
– А над чым вы працуеце ў зацішным, далёкім ад Беларусі Уроцлаве?
– Пішу новы раман, у якім спрабую прааналізаваць час, калі на нас звалілася незалежнасць. Адзін з герояў рамана называе гэта Божым умяшаннем. А чаму ў 2020-м сталася так, а не інакш? І герой далей разважае: Бог даў нам у 1991 годзе Незалежнасць, але мы ёю належным чынам не скарысталіся. І вось настаў 2020 год – мы з кветкамі ідзём, нас мільён, і Бог з неба нам намерваецца скінуць свабоду.
Але Ён успомніў, што скінуў незалежнасць марна. І тут ён падумаў – не, хлопцы і дзеўкі, вы і са свабодай зробіце тое ж самае, таму прайдзіце праз барацьбу, праз выпрабаванні, пазмагайцеся за сваю свабоду.
– Па-польску вашу паэзію выдатна пераствараў Чэслаў Сэнюх, яго ўжо няма. А ў другіх атрымліваецца?
– Не заўсёды. Вось паэт Багдан Задура (жывы класік) пачаў перакладаць паэму “Індыя”. Першую частку пераклаў і спыніўся, прызнаўся, што не можа выцягнуць тыя метафары, якія ёсць у паэме. Яшчэ Адам Паморскі перакладае. Але я тымі перакладамі асабліва не пераймаюся.
Гэта раней мне хацелася славы, прычым паўсюль. Сёння ўжо не хочацца. Я пішу дзеля таго, каб не звар’яцець. Калі я сыходжу ў свет літаратуры, то адыходжу ад нашай жахлівай рэальнасці. А яшчэ пішу таму, што мне гэта падабаецца рабіць.
– Беларусь мае двух нобелеўскіх лаўрэатаў – Святлану Алексіевіч і Алеся Бяляцкага. Але ж нездарма кажуць, што Бог троіцу любіць…
– На наша жыццё і двух Нобеляў дастаткова. Наўрад ці ў бліжэйшы час беларусы зноў яго атрымаюць. Асабліва цяпер, калі Беларусь мае ў свеце імідж хаўрусніка агрэсара. Да нас адносіны вельмі змяніліся. Асабліва з боку ўкраінцаў. Раней яны мне найчасцей самі тэлефанавалі і на мае 10 слоў у адказ гаварылі 100.
Цяпер жа толькі і можна пачуць: вы, беларусы, такія-сякія, што вы зрабілі, каб нам дапамагчы? А што я магу зрабіць? Танк рускі ім прыгнаць?.. Стаўленне да Беларусі вельмі пагоршылася.
– Адмаўляючыся ад вылучэння на Нобелеўскую прэмію, Ганна Ахматава заявіла: «Паэт – гэта той чалавек, якому нічога нельга даць, і ў якога нічога нельга забраць». Вы згодны з такой думкай?
– Згодны. Скажам, я не абыдзены ўзнагародамі – і прэміі мне давалі, і медалі, і ордэн. Ужо і не памятаю ўсіх узнагарод і дзе тыя жалезкі з паперкамі валяюцца. Але памятаю, што я напісаў паэмы «Паланез» і «Ложак для пчалы» – вось мае ўзнагароды. І не ад партыі ці ўрада. Не ад новай ці старой дзяржавы. Ад Бога.
Вось гэтага сапраўды нельга забраць. Таму я да гэтай пары пішу, чакаючы міласці Божай. І што мяне самога здзіўляе – сёлета мне будзе 77 гадоў, а я вось нядаўна напісаў паэму «Вар’ятня». Перачытаў і самому не верыцца, бо там такі выкід энергіі, як быццам мне 27. Ніхто апроч Бога не дапамог бы яе стварыць. Я пачухаў патыліцу, паклікаў суседа, і мы выпілі – за Бога і за паэзію, гукнуўшы «Жыве Беларусь!».
– У Купалы ёсць праграмны верш «За ўсё» з такімі радкамі: «Для Бацькаўшчыны беднай, / для ўпаўшых яе сіл / складаў я гімн пабедны / сярод крыжоў, магіл». У паэта ёсць нейкі абавязак падтрымліваць аптымізм у сваім народзе?
– Я доўгі час думаў, што ёсць. А цяпер думаю, што памыляўся.
Неяк Міхась Стральцоў, даведаўшыся, што я еду ў Маскву, папрасіў мяне перадаць гасцінец ад яго маскоўскім перакладчыкам (у яго тады ў «Молодой гвардии» кніжка выходзіла).
Я кажу – навошта, цябе там і так любяць! А Стральцоў: «Валодзя, не стварай ілюзій, з імі потым вельмі цяжка развітвацца». Так і я не хачу ствараць ілюзіі людзям.
– Я маю на ўвазе не ілюзіі, а тое, што і ў Бібліі лічыцца грахом упадаць у адчай і беспрасветны смутак.
– Гэта тое самае. Людзі разлічваюць, што заўтра нехта чароўнай палачкай узмахне, і скончацца рэпрэсіі і вайна. Не, гэта надоўга. Рымская імперыя распадалася амаль пяць стагоддзяў. І разлічваць, што праз год-другі Расія, ядзерная дзяржава пры вялізных рэсурсах, раптам рухне, гэта проста нерэальна. Нас чакае доўгая і ўпартая барацьба Еўропы і ўсяго цывілізаванага свету з імперскім злом.
Я ўжо не думаю, што мне давядзецца дажыць да перамогі. Але я веру ў яе. Гэта мая асабістая вера. Але я не буду спяваць «гімн пабедны», ствараючы людзям ілюзіі. Ілюзіі – не самае лепшае, што паэт можа падараваць свайму чытачу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное