«Ня ведаюць, як яго ўгробіць, гэта дзiця»

Маці Мікалая Аўтуховіча ня верыць у тое, што сын парушыў турэмны парадак перад тым, як ускрыў сабе жывот.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч на знак пратэсту ўскрыў сабе лязом жывот. Паводле зьвестак праваабаронцаў ўстановы «Плятформа», якія спасылаюцца на крыніцу ў гарадзенскай турме, гэта адбылося пасьля таго, як 4 верасьня на Аўтуховіча наклалі спагнаньне нібыта за парушэньне парадку знаходжаньня ў камэры — што не паклаўся ў ложак пасьля адбою.

Праваабаронцы ведаюць, што Аўтуховіча не вывозілі з турмы ў гарадзкі шпіталь і таму мяркуюць, што абышлося безь цяжкіх наступстваў для здароўя.

Лідзія Юльянаўна ведае пра учынак сына, але ня верыць, што Мікалай Аўтуховіч сапраўды парушыў у нечым парадак знаходжаньня ў камэры:

- Якія ў яго могуць быць парушэньні, калі ён сядзіць, з камэры нікуды не вылазіць? Ён ўсё робіць, каб не парушаць і хутчэй пайсьці дамоў. Гэта проста яму прыпісваюць тое, чаго не было. Ня ведаюць, як яго ўгробіць, гэта дзіця. І без таго сядзіць, ні ў чым не вінаваты. Самі ходзяць-забаўляюцца, езьдзяць па замежжы, а ён, гаротны, сядзіць ні за што. І зараз яшчэ падстаўляюць.

У жніўні Мікалаю Аўтуховічу, паводле зьвестак Лідзіі Аўтуховіч з апошняга ліста сына, зрабілі здымак зубоў. Палітвязень пакутуе ад захворваньня зубоў, яму тэрмінова патрэбнае пратэзаваньне, але зрабіць гэта ва ўмовах турмы вельмі цяжка.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы за захоўваньне некалькі паляўнічых патронаў. Праваабаронцы ў Беларусі і сьвеце лічаць, што прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча пакаралі за змаганьне з мясцовымі карупцыянэрамі і дамагаюцца вызваленьня палітвязьня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)