Скандалы

Новыя дэталі «зьліву» з нарады Караева: «Павінны ўсе на ўсіх «стучаць»!»

У Інтэрнэце апублікаваны поўны аўдыёзапіс з сэлектарнай нарады, якую 6 жніўня 2020 году праводзіў тагачасны міністар унутраных спраў Юры Караеў, піша Радыё Свабода.

16 верасьня хакеры апублікавалі толькі частку «зьліву», а цяпер выклалі ў сеціва ў агульны доступ поўны аўдыёзапіс.

Са словаў Юрыя Караева, «Менская вобласьць — першае кальцо абароны». Ён загадаў начальнікам міліцыі, у прыватнасьці ў Круглым, Клімавічах, не выпускаць з гораду нікога, хто мог бы далучыцца да пратэстоўцаў у сталіцы. Таксама з размовы вынікае, што Караеў ня ведае дакладнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі, бо назваў лічбу ў 140 раёнаў, хоць насамрэч у Беларусі іх 118.

У выпадку «нядбайнасьці» начальнікаў раённых аддзелаў Караеў перасьцярог падначаленых, заявіўшы, што «разьбярэцца з кожным» зь іх. Акрамя таго, Караеў заявіў, што павінна весьціся праца з насельніцтвам і павінны «ўсе на ўсіх «стучаць»».

Асобны загад у той дзень паступіў адносна сябраў выбарчых камісій. Тагачасны міністар патрабаваў, каб сілавікі даставілі іх дадому «без пашкоджаньняў псыхікі і цела».

Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Юры Караеў быў звольнены з пасады міністра ўнутраных спраў і атрымаў пасаду памочніка Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці.

«Зьлівы» выступаў і перамоваў супрацоўнікаў сілавых структураў апошнім часам сталі рэгулярнымі. Зь іх вынікае, што МУС, КДБ і іншыя арганізацыі рыхтаваліся максымальна жорстка падаўляць незадаволеных фальсыфікацыяй выбараў.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(45)