Общество
Аксана Колб, Новы час

Ніна Шыдлоўская: «Я зразумела, што адчувалі людзі ў 1937-м»

Шмат у чым дзякуючы гэтай неверагодна мужнай і прыгожай жанчыне фігуранты «справы патрыётаў» апынуліся на волі. З Нінай Шыдлоўскай мы сустрэліся праз некалькі дзён пасля вызвалення хлопцаў, каб пагаварыць пра тое, навошта яна ўвязалася ў гэту бойку, што яе натхняла, а што бянтэжыла.

Пасля таго, як усе фігуранты «справы патрыётаў» апынуліся на волі, Наста Дашкевіч напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Усе дома. Усе шчаслівыя. І я ведаю тую, хто шчаслівая болей за ўсіх! Ніна, ты арганізавала людзей, падтрымку, кампанію салідарнасці, перамагаючы слёзы свае і блізкіх! Ты дэманстравала неверагодную моц духа, нягледзячы на паўсюдную стому. Такая крохкая і заўсёдна жартаўлівая жанчына, што ўступілася за некалькі дзясяткаў хлапцоў і іх родных! Дзякуй табе ад усіх нас! Ты — прыклад мужнасці, хараства, прафесіяналізму і цудоўнага пачуцця гумару!»

— Ніна, сапраўды, без цябе хлопцы маглі б атрымаць рэальныя тэрміны. Коштам уласнага здароўя і часу, ты зрабіла шмат, каб зламаць распрацаваны некім сцэнар. Але навошта табе гэта было трэба? Навошта было браць на сябе цяжар змагання за ўсіх?

— Іначай быць не магло. У мяне не было нават часу на роздум. І сёння, калі я задаю сабе пытанне, ці рабіла б усё гэта зноў, ведаючы ўжо ўсё, што было, пра ўсе падводныя камяні, з якімі сутыкнулася, адказваю сабе: рабіла б.

Я цудоўна асэнсоўвала: будуць спрабаваць дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, грамадскія арганізацыі таксама будуць дапамагаць, але, зноў жа, сегментарна (сярод затрыманых частка людзей з «Маладога фронту», частка былых легіянераў, частка наогул не належыць ні да якіх арганізацый). Была небяспека, што на фоне масавых затрыманняў «справа патрыётаў» проста згубіцца.

Асэнсаванне сур’ёзнасці небяспекі прыйшло пасля той фэйкавай улёткі (18 сакавіка ў сацыяльных сетках разышлася фэйкавая ўлётка нібыта ад імя «Белага легіёну» з заклікам да гвалтоўнай змены дзяржаўнага ладу. — рэд). Асэнсаванне, што гэта рэальная небяспека зусім іншага ўзроўню. Я не ведала канечне, што рыхтуецца, нават уявіць не магла такога сцэнару, але было проста кожнай клетачкай адчуванне: гэтым разам сітуацыя значна страшней і горш.

Суадносіла, што адбываецца, з сацыяльнай і палітычнай сітуацыяй. Бачыла, што людзей збіраюцца выкарыстаць у палітычнай гульні. І адчувала, што магу дапамагчы. Алгарытм дзеянняў адразу ўзнік у галаве. Першае, што было патрэбна, — публічнасць, шырокі розгалас. Другое — наладзіць сувязь паміж тымі, хто праяўляў ініцыятыву і дапамагаў, паміж сваякамі затрыманых. Трэцяе — інфармаванне міжнароднай супольнасці. Каб усю энергію і высілкі сканцэнтраваць і накіраваць на дапамогу хлопцам.

— Што давала сілы?

— Найперш сілу давала абсалютная перакананасць у невінаватасці затрыманых. А яшчэ эмацыйны напал, сумесь абурэння і нейкай любові ў чыстым выглядзі да тых добрых людзей, якія патрапілі ў страшную рэпрэсіўную машыну. Я — мабыць першы раз у жыцці — зразумела, як маглі сябе адчуваць людзі ў 1937-м…

Хто з палітыкаў дапамог у «справе патрыётаў» і як сябе паводзілі праваабарончыя арганізацыі, чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)