Общество

Ніка Сандрас: «Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, і таму павінны слухаць, як намі панукваюць»

Мастачка і блогерка разважае на Радыё Свабода пра апошнія падзеі ў Беларусі.

На думку Нікі Сандрас, ва ўсім сьвеце людзі эвалюцыянуюць, грамадзтва вучыцца, расьце, разьвіваецца. Беларусы таксама шмат езьдзяць па сьвеце, вандруюць, становяцца больш сучаснымі. Жыцьцё рушыць наперад.

— А нам з году ў год гавораць адно і тое ж. Мне прыходзіць у галаву адна яскравая карцінка. Уявіце супэрсучасны вакзал, паўсюль электроніка, кампутары, робаты, вытанчаны дызайн. І тут у гэта навамодны, наварочаны вакзал уваходзіць хлопчык з даваенным драўляным чамаданам. Усе на яго глядзяць: «Хлопчык, ты адкуль?» Мне здаецца, на нашу краіну таксама так глядзяць: «Вы адкуль? Што ў вас адбываецца? Чаму ў вас усё такое састарэлае?»

Мы стаім на месцы, не разьвіваемся. Пра непрыхаванае хамства з вуснаў першых асобаў я ўжо маўчу, гэта проста брыдка чуць і тым больш абмяркоўваць. Вельмі сумна чуць гэта «тыканьне», бясконцыя абразы, прыніжэньне іншых...

Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, ніхто нічога не разумее, што мы дагэтуль у лапцях ходзім і таму павінны слухаць, як намі панукваюць Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, ніхто нічога не разумее, што мы дагэтуль у лапцях ходзім і таму павінны слухаць, як намі панукваюць. Па маіх адчуваньнях, што я бачу, чытаю — людзей гэта вельмі раздражняе, нэрвуе і абурае. Гэта надакучыла больш, чым нейкія эканамічныя праблемы. Людзям хочацца іншага ўзроўню камунікацыі, цывілізаванасьці; хочацца павагі, хочацца, як у клясыка, «людзьмі звацца».

Цяперашнюю перадвыбарчую сытуацыю ў краіне Ніка Сандрас параўноўвае з гушканьнем на арэлях:

— З аднаго боку, калі я гляджу на сваё атачэньне — шматлікіх сяброў у Фэйсбуку, усіх людзей, якія трапляюць на маім шляху, ад прадаўцоў, вахтароў да вучняў маёй мастацкай школы, — усе хочуць перамен, новага этапу. Я ня бачыла людзей, якія хочуць перавароту, майданаў, рэвалюцый. Яны хочуць перайсьці ў іншую цывілізацыю мірна. З аднаго боку, думаеш: людзі хочуць перамен!

Да прыкладу, я ведала, як жывуць рэгіёны, вёскі. І мне было вельмі дзіўна і радасна пабачыць, як выходзілі людзі ў ланцугі салідарнасьці ў маленькіх гарадах. Ад гэтага зьяўляецца надзея.

А потым пачытаеш навіны і камэнты — і здаецца, што ўсё застанецца як ёсьць. А на наступны дзень зноў натхняесься. І людзі цяпер як на арэлях: то ў бок надзеі, то ў бок апатыі; то ў бок страху і адчаю, то ў бок весялосьці — усе рагочуць ад чарговага глупства ўладаў. А потым палохаюцца. І кожны дзень ты так гайдаесься, ня ведаючы, што адбудзецца заўтра.

Але ня трэба нудзіцца і быць апатычнымі, таму што пачаўся варушняк, усе ажывіліся. І ўсё вельмі цікава. Калі штосьці адбываецца — гэта ўжо добра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(56)