«Незвычайную форму міністра Шуневіча можна сьпісаць на карнавал і пасьмяяцца»

Сяргей Харэўскі — пра тое, навошта міністар Шуневіч надзеў форму камісара НКВД.

Ігар Шуневіч у энкавэдысцкай форме — крайні зьлева

— Вядома, незвычайную форму міністра Шуневіча можна сьпісаць на карнавал і пасьмяяцца — распавёў Радыё Свабода мастацтвазнаўца, культуроляг Сяргей Харэўскі. — Але звычайна такія „карнавалы“ адбываюцца падчас грамадзянскіх войнаў. І ад гэтага мне робіцца трывожна.

Лішне казаць, што ў той час, калі такая форма была актуальная, калі б нейкі чалавек з такім званьнем надзеў бы форму будучыні, што б яго чакала?! То бок размываюцца важныя і лягічныя повязі, адносіны. Як тая ж чорна-аранжавая стужка на кілбасах і гарэлках. Я ня думаю, што мой дзядзька, герой-вэтэран, быў бы ў захапленьні ад такой утылізацыі гэтых ордэнскіх стужак.

І той „карнавал“, які мы цяпер назіраем ва Ўкраіне, дзе бандыты, „камандзёры“, кшталту Матаролы, чапляюць на сябе любую форму, прыгадвае мне фільмы часоў грамадзянскай вайны ў Югаславіі. Там падобныя спэцыфічныя людзі ўбіраліся ў розныя мілітарныя цацкі. Так жа было і падчас грамадзянскай вайны ў Расеі, калі на здымках бачна, як апраналі на сябе некаторыя людзі, хто што хацеў.

І ў мяне такое непрыемнае і трывожнае пачуцьцё. Калі зь людзкіх пакут, зь людзкіх сьмярцей робяць карнавал, то гэта значыць, што ў грамадзтве зьніжана цана чалавечага жыцьця.

А што да афіцэраў, якія сябе так паводзяць, — я думаю, гэта кампэтэнцыя ягоных „камандзёраў“ даць ацэнку, наколькі гэта адэкватна. Ці адзеўся б нехта так у Нямеччыне? Ці адзеліся б так у Кітаі, зь якім мы так моцна сябруем? Думаю, што не. І ацэнку тут павінен даць галоўнакамандуючы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)