В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Неюбiлейныя развагi

Сёння цяжка ўявiць сабе, што зусім нядаўна (па мерках гісторыi) радыё і тэлебачання проста не было. Не будзіў раніцай знаёмы голас: “Гаворыць Мінск!” і не трымаў каля сябе да позняй начы блакітны экран з самымі апошнімі навінамі свету ці захапляльнымі серыяламі...

А гэта ж сапраўды так: усяго некалькі дзён таму назад споўнілася 80 год Беларускаму радыё, а праз паўтара месяца 60-гадовы юбілей адзначыць наша тэлебачанне.

Ажно не верыцца — іхнія “равеснікі” яшчэ жывуць побач з намі, а “тэлеаднагодкі” дык і наогул толькі зараз заслужылі права пайсці на пенсію. Мы прывыклі, што гэтак было заўсёды: з дапамогаю радыёхваляў ці тэлесігналу мы штодзённа падключаны да вірлівага жыцця цэлай планеты і менавіта ад іх даведваемся пра падзеі і далёка за акіянамі, і ў сваім родным горадзе ці суседняй вёсцы.

Аднойчы цікаўныя сацыёлагі запыталіся ў людзей самых розных прафесій і ўзростаў, ад чаго яны гатовыя адмовіцца ў сваёй кватэры, калі б ім прапанавалі выбіраць паміж халадзільнікам і тэлевізарам. Большасць, не вагаючыся, назвала халадзільнік. Так што, калі казаць пра тое, без чаго сучаснікі не ўяўляюць сабе нармальнага жыцця, дык, хочацца нам гэтага ці не, а тэле- і радыёвяшчанне займаюць бясспрэчнае месца сярод патрэб першай неабходнасці. Іншая гаворка, якой якасці іхні “прадукт” і наколькі ён спрыяе маральнаму і інтэлектуальнаму прагрэсу.

Як чалавек, што аддаў айчыннаму радыёвяшчанню і тэлебачанню ладны кавалак свайго жыцця, прафе-сійнага досведу і творчых парыванняў, я радуюся салідным юбілеям, якія святкуюць мае калегі, і са шчымлі-вай, нават прыдзірлівай увагай яшчэ раз узіраюся ў нялёгкія і слаўныя шляхі, пройдзеныя не адным пакаленнем журналістаў, рэжысёраў, тэхнікаў, часта зусім невядомых мільёнам слухачоў і гледачоў. Хапіла на іхніх пуцявінах і беднасці, і бязлітасных вайсковых віхур, і несправядлівых папрокаў, і вымушанай кан’юнктуршчыны, але ж былі і вялікія і малыя перамогі, і людская любоў, і шчаслівае адчуванне далучанасці да Яе Вялікасці Гісторыі. На жаль, нямнога засталося іх, ветэранаў эфіру, нястомных і сціплых, самаадданых і неабыякавых. І першыя словы віншавання і ўдзячнасці сёння — ім, і вядомым, адзначаным званнямі і ўзнагародамі, і дагэтуль непрыкметным, сівагаловым, нярэдка нямоглым і пазабытым. На зладкаваным імі падмурку маладыя і амбітныя нашчадкі ўзводзяць сёння сучасныя светлыя гмахі вяшчальных студый і небывалай вышыні вежы, шукаюць новых вобразаў і тэм, новых герояў і выяўленчых сродкаў. Дай Божа ім настойлівасці і ўмельства, прынцыповасці і ўдачы!.. Толькі не варта забываць зробленае папярэдні-камі і грэбліва адкідаць вартыя памяці і працягу традыцыі. А вось з гэтым, як мне здаецца, у цяперашніх гаспадароў эфіру і экранаў маюцца сур’ёзныя, цяжка вытлумачальныя праблемы.

Праглядаючы і праслухоў-ваючы некаторыя так званыя юбілейныя праграмы, я раптам зрабіў адкрыццё, што з летапісу нашых электронных СМІ выпаў як мінімум дзесяцігадовы перыяд. Архіў-ныя кадры і запісы неяк вельмі ўжо старанна імкнуцца абыйсціся без многіх папулярных у свой час перадач і добра вядомых, як модна казаць, знакавых асоб. У розных тэлеўспамінах, напрыклад, чамусьці не называюць народную артыстку Зінаіду Аляксандраўну Бандарэнку, якая для шматмільённай тэлеаўдыторыi доўгія гады была непаўторным тварам і голасам Беларусі. Прыгадваюць яе шаноўных калег, яе таленавітых вучняў, а вось пра яе сарамліва маўчаць, быццам яе і не было зусім, быццам ёю не захапляліся, быццам не яна на самых высокіх урачыстасцях і канцэртах была абавязковым упрыгожаннем іх. Што — памяняліся крытэрыі жаночай абаяльнасці, безна-дзейна састарэлі дабрыня і спагадлівасць, якімі так і свяцілася мілая Зінаіда Аляксандраўна?..

Ну а на радыё “забыліся” запрасіць да юбілейнага мікрафона, у прыватнасці, аднаго з найлепшых рэпарцёраў 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя Анатоля Палонскага, палымянага публіцыста Васіля Макарэвіча, клапатлівую “гаспадыню” незабыўных музычных сустрэч Галіну Цвяткову... Што — ім няма што сказаць ці, можа, яны не “дацягваюць” да неабходнага ўзроўню творчасці? Асмелюся сцвяр-джаць, што прычына зусім у іншым — у іхняй неадпаведнасці “генеральнай лініі” сённяшніх ідэалагічных босаў, у іхняй самазабыўнай адданасці беларускаму слову і беларускай песні.

Як ні горка казаць, але апошнія гады і наша радыё, і — тым больш — тэлебачанне ўсё далей адыходзяць ад нацыянальнай асновы, усё больш касмапалітызуюцца і проста палітызуюцца, перастаючы быць неад’емнай і важнай часткаю беларускай культуры. Парктычна знікла такая выдатная з’ява, як радыётэатр, не кажучы ўжо пра тэлетэатр. А яны ж былі ў свой час вельмі прыкметнымі і паважанымі не толькі ў нас, а і ў братніх Расіі і Украіне. Амаль не чуем мы найлепшых нашых майстроў мастацкага слова ні ў праграмах тэлебачання, ні ў перадачах радыё...

Радыёжурналіст В.Саламахін у перадюбілейныя дні вынес жорсткі прысуд грахам і сваіх настаўнікаў, і маім, як былога старшыні Дзяржтэлерадыё. Не з абы якім запалам ён абвінаваціў мяне ў тым, што я “нават рэпартажы пра футбол прымушаў весці па-беларуску”. (!)

Ах, даражэнькі Віталь! Па-першае, не прымушаў, а — патрабаваў. А гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы як для знаўцы мовы. Так, патрабаваў, бо гэта дыктаваў прафесійны статус супрацоўнікаў Беларускага радыё. Дарэчы, нешта я не памятаю нязгоды, а тым больш пратэсту з боку тагачаснага маладога журналіста. А па-другое, пасталелы Віталь Юр’евіч, вы павін-ны здагадвацца, што палітычныя ветры нярэдка мяняюць свой накірунак — хто ведае, ці не давядзецца вам праз нейкі час выціраць твар ад уласных пляўкоў у бок тых, хто быў дарадцам на самым пачатку вашых працоўных дарог...

Сумна бачыць, як забываюцца слаўныя традыцыі, як вытоптваецца зялёнае поле творчасці, засеянае сумленнымі і таленавітымі папярэднікамі, як з людскіх душ хітра выганяюцца такія натуральныя пачуцці памяці і ўдзячнасці, як запаланяе эфір бяздумная чужая папса, а блакітны экран ажно скаланаецца ад шматсерыйных крывавых “разборак” і зласлівых палітычных шоу... Усё цяжэй з кожным годам, але ўсё ж упарта верыцца, што скончыцца гэткае і ў эфір вернуцца і беларускія вершы, і беларускія песні, а з экрана (як часам робіць канал “Лад”) на нас зноў зірнуць дарагія абліччы нашых шаноўных артыстаў, мастакоў, кампазітараў. Я ўпэўнены — так будзе! Таму і віншую роднае радыё і тэлебачанне з юбілеямі і спадзяюся на іхнюю шчаслівую будучыню, не менш слаўную і яркую, чым нядаўняе мінулае...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)