Комментарии
Віктар Марціновіч, budzma.by

Ненармальны аэрапорт, дзе ўсё нармальна

Калі я спрабую сфармуляваць для замежных знаёмцаў, чым беларуская сталіца адрозніваецца ад іншых буйных гарадоў, развагі непазбежна дранцвеюць ад шырыні далягляду.

Здаецца, адрозніваецца ўсё, а пачынаеш пералічваць – дык бачыш што на языку адно нейкія дробязі. Таму значна прасцей апісаць, чым «Мінск-2» адрозніваецца ад іншых аэрапортаў. Бо ў люстры гэтых адрозненняў (а таксама іх паступовага знікнення) можна пазнаць і ўсе важныя адметнасці Мінска як такога.

Пачнём з таго, што рэканструкцыя сапраўды глабалізавала «Мінск-2», і шмат якія рэчы, што канфліктавалі не толькі з сусветнай практыкай, але і са здаровым сэнсам, прыйшлі ў адпаведнасць з тым, як арганізаваная праца аэрапортаў у іншых краінах. Нарэшце з’явілася сувымерная авіятрафіку паркоўка, нарэшце зоны чакання месцяцца не ў бясконцых паўцёмных калідорчыках, нарэшце аптымізавалі лагістыку вылетаў.

Бо яшчэ два гады таму як было? Ты мусіў прайсці на гейт, выканаць сек’юрыці-чэк, мінуць мытню і толькі пасля гэтага (!) падысці да стойкі рэгістрацыі авіякампаніі і даведацца, напрыклад, што месцаў няма праз oversold ці яшчэ якую халеру. Цяпер рэгістрацыя і пазбаўленне ад багажу, як і ва ўсім свеце, адбываецца перад праверкамі.

Але тут, у «Мінск-2», дагэтуль можна падсілкавацца за 10 еўра і выпіць кавы за паўтара. Тут дагэтуль можна набыць саламянага зубра, а кіёскі з газетай «СБ» заўважна дамінуюць над крамамі duty free.

Аэрапорт ва ўсім свеце – партал паміж небам і зямлёй, прастора, дзе фізічныя законы замяняюцца нябеснымі цэнамі. Гэта капіталістычнае КПЗ, дзе падазраваны ў намеры збегчы з сусвету спажывання мусіць спажываць і спажываць дзве гадзіны без супынку пад няспынным абстрэлам рэкламы. Шмат у якіх аэрапортах – бы ў гіперах з дасканалым мерчандайзам – адсутнічае дзённае святло, а каб пабачыць тыя славутыя самалёцікі разам з кавалачкам боскага блакіту, трэба заняць месца ў спотынг-бары, дзе капучына каштуе 7 еўра.

Аэрапорт – месца, якое старанна ўганяе цябе ў стан роспачы і па-паганску патрабуе несувымерных ахвяраў за пераадоленне траблаў, якія ён сам і стварыў. Любая маленькая памылка: недарэчны жарт, нераздрукаваныя бордынг-пасы, не атрыманы штэмпель віза-чэкінгу на стойцы RyanAir, абважка багажу, вадкасці ў ручной кладзі – будзе пакараная смерцю, не меней! І вось ты ўжо кідаеш у сметніцу набыты за скандальныя грошы Otard, бо вярнуць luggage пасля check-in не здолеў бы нават Уладзімір Пуцін, калі б яму выпала ляцець звычайным еўрапейскім лоўкостам.

Эйр кандышн старанненька перакладае тваю гартань наждачнай паперай, тут увесь час хочацца піць. Пляшачка вадзічкі – 5 еўра, кубак гарбаты – 7 еўра, звычайны мафін – 4 еўра. Біг-мак комплекс у сеціўным «МакДональдсе» – тым самым, які, здавалася б, мае аднолькавыя цэны па ўсім свеце – можа заважыць на дваццатку. Тут і толькі тут ты адчуваеш, што любая рэч на зямлі можа каштаваць любых – літаральна любых – грошай. І ёсць такі стан – ну, напрыклад, калі табе трэба дачакацца вылету ў Сідней праз 36 гадзін – дык вось, праз пакуты абавязкова прыйдзе гэты прасветлены стан, калі будзеш жлуктаць тую вадзічку ды жэрці тыя мафіны, абы застацца ў жывых, абы вытрываць.

Пакуль жа ты, непрасветлены, з засмажанымі вуснамі, бадзяешся сярод гэтага міражу. Усё, да чаго дакранаешся, знікае праз уласную фінансавую недасяжнасць. Тут гандлююць кашулямі за тысячу еўра і насоўкамі за 500. Тут Paul Shark суседнічае з Hermes, а спаць табе гэтай ноччу на алюмініевых крэслах, бо гатэль распраданы, а мясцовай візы няма. І не дай Бог табе раптам займець патрэбу ў інтэрнэце ў адным з тых барыжных авіявакзалаў, якія дагэтуль не маюць free public wifi. Хто не клацаў клавіятурай стацыянарнага тэрміналу па дваццацідоларавай картачцы на 7 хвілін – пры хуткасці, якая не дазваляла за тыя 7 хвілін нават увайсці ў Inbox, той не ведае, што такое адчай.

І ўвесь час побач з табой – апранутыя ва ўніформу шчасліўцы, што маюць гонар тут працаваць. Яны напырсканыя адэкалонам, яны ядуць сандвічы і запіваюць іх падвойным эспрэса. І расце падазрэнне, што ў гэтых людзей ёсць нейкая сакрэтная картка, якая вяртае цэны ў крамах на чалавечы узровень. Бо які б заробак яны ні мелі ў гэтым офісе, дзе 250 мл «Колы» каштуе як 50 аднасоладавага віскі ў цэнтры мегаполіса, – заробку хапала б толькі на maintenance.

Усе аэрапорты ў свеце – фрагменты архіпелагу вялізарнай аэрапортнай краіны. «Мінск-2» дагэтуль не ўваходзіў з гэтай краінай у мытную прастору і візавы саюз, стаяў паасобку. Wifi па тэлекамаўскіх картках, «Дарыда» па цане «Рублёўскі Малінаўка», бутэрброды з сухой кілбасой на закусь. Duty Free заўсёды гралі тут прыкладна тую ж ролю, якую некалі мелі крамы «Бярозка», што гандлявалі шведскім півам за амерыканскія даляры ў гарадах, дзе ні першага, ні другога ў звычайных грамадзян не было.

Так і тут: ты мог паглядзець на водку Beluga і чорную ікру Perluga, але піць усё роўна будзеш «Араспел» ды зажоўваць лімончыкам. «Мінск-2» не знаходзіўся ў палоне спажывання, і не было такой чалавечай патрэбы, якую тут нельга было б задаволіць па чалавечай жа цане. Кандышн? Не, не чулі! Прынамсі, горла не дзярэ нават пасля трох гадзін чакання.

Шмат што з гэтага можна пабачыць і ў горадзе, вытворным ад якога з’яўляецца наш аэрапорт. Тут таксама (пакуль яшчэ!) няма месца барыжніцтву, усё, акрамя штучных рэстарацый на штучнай Зыбіцкай, каштуе сваіх грошай. Тут таксама спажыванне – не закон, а так, выключэнне.

Але мінскі аэрапорт змяняецца і хутка зусім страціць сваю адметнасць. Burger King адкрывае тут сваю ежню і гучна заяўляе, што цэны будуць вышэйшыя, чым у горадзе (цікава, куды глядзіць Мінгандлю, якое раней вельмі нервова рэагавала на рост цэннікаў!). Магічны час выбітнасці «Мінска-2» і Мінска сыходзіць.

Нехта скажа: то і добра! Будзе як усюды! Як па ўсім свеце! Але я дакладна буду сумаваць па тым аэрапорце. Як і па гэтым горадзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)