Комментарии
Павел Печанько

Некалькі слоў пра бізун і пернік сацыяльнай апекі

Сёлета спаўняецца дзесяць год дэкрэту № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях».

Час бізуноў

Дзесяць гадоў таму ў Нацыянальным рэестры прававых актаў быў зарэгістраваны дэкрэт № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Галоўная адметнасць гэтага нарматыўнага акта — магчымасць удзелу ў «абароне дзяцей» адразу некалькіх ведамстваў і надзяленне апошніх новымі функцыямі, якімі яны раней не валодалі. Напрыклад, супрацоўнікі камісіі па справах непаўнагадовых (КСН) атрымалі права вымаць дзяцей з сям’і без пастановы суда, а ўстановы адукацыі — вызначаць, ці знаходзіцца тое ці іншае дзіця ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Чым былі выкліканыя такія аўральныя і адназначна непапулярныя меры? Відавочна, ранейшыя метады ўздзеяння на нядобранадзейных бацькоў перасталі дзейнічаць. У выніку склалася сітуацыя, калі ў некаторых выпадках гаворка вялася ўжо не пра захаванне сям’і, як асобнай ячэйкі грамадства, а пра банальнае ратаванне дзяцей ад небяспечнага ўплыву дарослых.

Падобныя сітуацыі пачалі ўзнікаць усё часцей, і з гэтым трэба было нешта рабіць. Нават коштам неадкладнага вымання дзяцей з сям’і. Па вялікім рахунку дэкрэт № 18 быў скіраваны на барацьбу з наступствамі праблемы, а не з самой праблемай.

Як паказала далейшая практыка, падобная тактыка далёка не заўсёды была эфектыўнай, а з часам перастала адказваць на сучасныя выклікі.

За дзесяць гадоў, што мінулі з моманту прыняцця дэкрэта № 18, тысячы беларускіх сямей сутыкнуліся з мерамі і працэдурамі, прадугледжанымі гэтым нарматыўным актам. Сотні дзяцей былі вынятыя з сем’яў і перададзеныя пад апеку спецыялізаваных сацыяльных установаў альбо прыёмных сямей.

Пэўная колькасць гэтых дзяцей вярнулася да сваіх біялагічных бацькоў. Канешне, гэта не азначае, што адпаведныя ведамствы перасталі цікавіцца гэтымі сем’ямі.

Вядома, далёка не заўсёды падобныя сітуацыі вырашаліся бесканфліктна. СМІ неаднойчы паведамлялі пра гучныя выпадкі, калі бацькі ці іншыя сваякі праз суд і іншыя інстанцыі спрабавалі абскардзіць неправамернае, па іх меркаванні, рашэнне чыноўнікаў. Як правіла, пра такія выпадкі першымі паведамляе незалежная прэса.

Апошні гучны выпадак стаў выключэннем з гэтага правіла. У лістападзе на сайце выдання «СБ. Беларусь сегодня» з’явіўся артыкул «Встретили по одежке», які пазней з некаторымі дапаўненнямі перадрукавалі незалежныя выданні.

Жыхар сталіцы, бацька чатырох дзяцей, даслаў у рэдакцыю газеты ліст са скаргай на дзеянні докшыцкіх чыноўнікаў, якія пагражаюць яму і ягонай жонцы пазбаўленнем бацькоўскіх правоў.

З чаго ўсё пачалося? Шматдзетная сям’я Пасталовых са сталіцы вырашае пераехаць у вёску ў Докшыцкім раёне. Людзі набываюць дом і засяляюцца. Сям’ёй адразу ж цікавяцца мясцовыя чыноўнікі: пачынаюцца візіты з праверкамі ўмоваў пражывання непаўнагадовых дзяцей.

Жыллё менчукоў наведалі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў — аддзела адукацыі, інспекцыі па справах непаўнагадовых, РАНС (пажарны інспектар).

Асноўныя прэтэнзіі візіцёраў былі выкліканыя антысанітарыяй і аварыйным станам пячнога абсталявання. Вынікам гэтых праверак стала пастаноўка сям’і на прафілактычны ўлік, а крыху пазней малодшым Пасталовым надалі статус дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Што аўтаматычна дае права органам апекі пры першай жа нагодзе адправіць іх у сацыяльны прытулак. Пасталовы спешна вярнуліся ў сталіцу.

Час пернікаў

Як і ранейшыя падобныя канфліктныя сітуацыі, гісторыя сям’і Пасталовых дастаткова супярэчлівая. У кожнага з бакоў канфлікту свая праўда. Але сам па сабе канфлікт прыцягвае ўвагу па іншых прычынах.

Па-першае, ці не ўпершыню такога кшталту сітуацыя прыцягвае ўвагу праўладных СМІ. Фактычна, на афіцыйным узроўні прызнаецца факт «перагібаў на месцах». І мясцовым чыноўнікам давядзецца з гэтай сітуацыі неяк выкручвацца.

Можна растлумачыць гэты прэцэдэнт тым, што Аляксандр Пасталоў палічыў правільным звярнуцца менавіта ў рэдакцыю афіцыйнага выдання. А можна дапусціць і жаданне ўладаў перахапіць ініцыятыву ў «нячэсных» журналістаў, якія апошнім часам рэгулярна асвятляюць падобныя выпадкі.

Дарэчы, на сайце «СБ» пад вышэйзгаданым артыкулам большасць каментатараў дастаткова крытычна ацанілі дзеянні докшыцкіх чыноўнікаў. Куды больш ліберальная аўдыторыя беларускай супольнасці фэйсбука традыцыйна падзялілася ў меркаваннях: дасталася там на арэхі і чыноўнікам, і Пасталовым, якія, «ня ведаючы вясковых рэаліяў, падверглі рызыцы ўласных дзяцей».

Па-другое, адпрацаваная схема працы з пераважна асацыяльнымі сем’ямі дае збоі ў сітуацыях, калі чыноўнікам даводзіцца мець справу з сем’ямі, якія толькі фармальна, і толькі паводле некалькіх крытэраў трапляюць у статус нядобранадзейных.

Як, напрыклад, у выпадаку з сям’ёй гомельскага прадпрымальніка, які здолеў праз суд зняць са сваёй сям’і негатыўны статус. І калі гісторыю ў Гомелі можна разглядаць як недарэчную і прыкрую выпадковасць, то сітуацыя Пасталовых патрабуе больш пільнай увагі.

Сам па сабе дэкрэт № 18 утрымлівае ў сабе шэраг рэпрэсіўных па сутнасці мераў, скіраваных як правіла на бацькоў, якія не спраўляюцца ці не жадаюць спраўляцца са сваімі абавязкамі. У такіх бацькоў дзяржава забірае дзяцей, прымушаючы пры гэтым кампенсаваць выдаткі на іх утрыманне.

Сям’ю Пасталовых нельга аднесці да катэгорыі нядобранадзейных. З гэтымі людзьмі можна і трэба працаваць іншымі метадамі. Нават у межах таго самага нарматыўнага акта. Не толькі выпісваючы ўльтыматыўныя па форме прадпісанні, але і прапануючы адрасную і неадкладную дапамогу. Вядома, не бясплатную.

Тут можна прывесці ў якасці прыклада ініцыятыву карэліцкага гаргаза: падчас праверак газавага абсталявання ў кватэрах жыхароў раёна яны не толькі давалі прадпісанні на замену састарэлых газавых пліт (за невыкананне — штраф і зняцце з абслугоўвання), але і прапаноўвалі людзям набываць новыя пліты ў іхняй жа арганізацыі. Па сабекошце, у растэрміноўку і з бясплатным усталяваннем.

Чаму не прадумаць нешта падобнае ў выпадках з сем’ямі ўмоўных Пасталовых? Прапанаваўшы цалкам адэкватным людзям замест адміністратыўнага бізуна абавязковы пернік, нават у растэрміноўку.

Некалі мне давялося адпрацоўваць дыплом у вясковай школе. Акурат у той год і быў прыняты дэкрэт № 18. Па першым часе было не зусім ясна, як будзе працаваць гэтае новаўвядзенне. Для пачатку ўстановы адукацыі абавязалі скласці напаўафіцыйныя спісы т. зв. «патэнцыйна недабранадзейных сем’яў», куды трапілі і ўсе шматдзетныя сем’і, незалежна ад ладу іх жыцця.

Такія сем’і неабходна было наведваць двойчы на год. Хутчэй за ўсё, гэтым можна растлумачыць пільную ўвагу да сям’і Пасталовых з першых дзён іх знаходжання ў Докшыцкім раёне. Тады ж запомніўся адзін выпадак.

Сацыяльны педагог школы, дзе я працаваў, спачатку была вельмі задаволеная новым дэкрэтам: бацькі з асацыяльных сем’яў пачалі ўдзяляць больш увагі сваім дзецям і хатняму побыту. Аднак хутка высветлілася, што ў «чорны спіс» трапіла зашмат сем’яў, і каб не псаваць статыстыку, вырашылі падкараціць спіс крытэраў, па якіх можна было трапіць «на аловак» органам апекі.

Нашая сацработніца пажалілася сваёй начальніцы ў РАНА, што бацькі адразу ж пачалі манкіраваць сваімі абавязкамі. На што тая адказала, што ў хатах алкашоў і абібокаў па-ранейшаму мусіць быць чыста. І калі Іванаўне больш няма чым іх палохаць, то няхай яна сама і займаецца прыборкай.

Гэтае хамскае па сваёй сутнасці выказванне павінна стаць напамінам работнікам, адказным сёння за сацыяльную апеку сям’і, што хутка шмат каму давядзецца перайсці ад напісання актаў і прадпісанняў да мыцця падлогі і дробнага рамонту ў хатах і кватэрах сямей з групы рызыкі.

У сувязі з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі колькасць сямей, якія пачнуць трапляць у гэтую групу, будзе толькі расці. І калі дзяржава не знойдзе ў гэтай сітуацыі нейкіх іншых, не рэпрэсіўных спосабаў вырашэння праблемы, шмат каму з шараговых работнікаў установаў адукацыі згодна з пунктам 21 дэкрэта № 18 давядзецца пісаць даносы на саміх сябе.

Даведка (вытрымкі з дэкрэта № 18)

21. Кіраўнікі і іншыя работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, органаў унутраных спраў, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый нясуць дысцыплінарную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы аж да вызвалення ад займаемай пасады за непаведамленне пра выяўленыя імі факты аб неналежным выкананні бацькамі абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей.

23. Мiнiстэрству адукацыi сумесна з Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны забяспечыць ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

28. Забеспячэнне кантролю за выкананнем гэтага Дэкрэта ажыццяўляецца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам на адпаведнай тэрыторыі, а таксама рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй:

- Міністэрствам адукацыі — па пытаннях прызнання факту знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы, іх уліку, а таксама каардынацыі дзейнасці органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў адукацыі сістэмы дадзенага міністэрства па спагнанню расходаў на ўтрыманне дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)