Недзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты не трапілі ў падпісны каталог "Белпошты"

Вядучыя недзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты — як нацыянальныя так і рэгіянальныя — не трапілі ў падпісны каталог “Белпошты” на першае паўгоддзе 2007 года.

Дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст паштовай сувязі “Белпошта” адмовілася супрацоўнічаць з недзяржаўнымі нацыянальнымі газетамі “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Товарищ”, “СНплюс. Свободные новости плюс”. У падпісным каталогу не апынулася таксама каля дзесятку рэгіянальных незалежных выданняў: “Брестский курьер”, “Витебский курьер”, “Борисовские новости”, “Газета Слонимская”, баранавіцкая газета “Intex-press”, “Ляхавіцкі час”, “Вольнае Глыбокае”, “Ганцавіцкі час”, пінскі тыднёвік “Мясцовы час”.

Падпісная кампанія ў Беларусі распачалася 12 кастрычніка, — паведамілі прэс-службе БАЖ у аддзеле падпіскі РУП “Белпошта”. Такім чынам, недзяржаўныя выданні, якія не трапілі ў каталог, губляюць адзіную магчымасць распаўсюджвацца праз падпіску, а іх чытачы — атрымліваць гэтыя газеты зручным і папулярным спосабам — у паштовую скрыню.

І на просьбы рэдакцый, і на патрабаванні чытачоў уключыць газеты ў каталог, кіраўніцтва “Белпошты” аднастайна адказвае, што “паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталогу з мэтай наступнага іх распаўсюджання праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта”, якое рэалізуецца ім ў адпаведнасці з заканадаўствам.” Некаторыя рэдакцыі да гэтага часу не атрымалі пісьмовага адказу ад паштовага прадпрыемства.

Нагадаем, год таму пры фармаванні падпіснога каталога на 2006 год “Белпошта” таксама адмовілася ўключыць у яго шэраг недзяржаўных газет, а з тымі выданнямі, на якія падпіска вялася, “Белпошта” тэрмінова і ў аднабаковым парадку скасавала дамовы на распаўсюд на пачатку 2006 года.

У ліпені галоўныя рэдактары некалькіх недзяржаўных газет звярнуліся з лістом да прэзідэнта краіны, са спадзяваннем на яго садзейнічанне вырашэння праблем, звязаных з магчымасцю друкавання і распаўсюду. Адказ яны атрымалі ад намесніка міністра інфармацыі Л. Ананіч., якая сцвярджала, што “Мiнiнфарм не мае права ўмешвацца ў дзейнасць самастойных суб'ектаў гаспадарання i прымушаць iх заключаць дамовы”.

Між іншым, Закон “Аб паштовай сувязі” сцвярджае, што любая газета, якая выдаецца на тэрыторыі Беларусі і зарэгістравана Мінінфармацыі, мае права на размяшчэнне яе ў Каталогу для арганізацыі падпіскі і дастаўкі адрасату шляхам аказання універсальных паслуг паштовай сувязі. Закон забяспечвае распаўсюджванне друкаваных СМІ. Артыкулы 12, 14, 26 Закона “Аб паштовай сувязі” гарантуюць забеспячэнне роўнага доступу для ўсіх карыстальнікаў паштовай сувязі.