Политика
Аксана Рудовіч, «Наша Ніва»

«Не ўяўляю, каб на саміце Усходняга партнерства Беларусь прадставіў так званы прэзідэнт»

Экс-прэзідэнт Еўрасаюза Ханс-Герт Пётэрынг лічыць найбольш прымальным, калі Беларусь дашле на саміт Усходняга партнёрства прадстаўніка ўрада, а не кіраўніка дзяржавы.

Кіраўнік фонда імя Конрада Адэнаўэра, дзейны дэпутат і былы прэзідэнт Еўрапарламента Ханс-Герт Пётэрынг.

«Я не ўяўляю, каб Беларусь была прадстаўлена так званым прэзідэнтам. У гэтых неспрыяльных умовах было б прымальна і сувымерна, калі б Беларусь прадставіў хтосьці з урада».

Пра гэта палітык заявіў на сустрэчы з нагоды 20-годдзя літоўскага аддзялення фонда імя Конрада Адэнаўэра, якая прайшла ў аўторак у Вільні.

На мерапрыемстве былі беларускія правацэнтрысцкія палітыкі – Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі (БХД), Алесь Лагвінец і Максім Губарэвіч («Рух за свабоду»), Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў (БНФ), Анатоль Лябедзька і Леў Марголін (АГП) ды іншыя.

Пётэрынг назваў Беларусь дыктатарскай аўтарытарнай краінай. Надзея, што рэжым скіруецца ў бок дэмакратыі, не спраўдзілася.

Тым не менш, Еўропа гатова да дыялогу.

Еўрадэпутат разлічвае, што на саміце Усходняга партнёрства усе прадстаўнікі Еўрасаюза выкажуць дакладную пазіцыю адносна вызвалення беларускіх палітзняволеных.

На пытанне пра ўвядзенне эканамічных санкцый Пётэрынг заявіў, што тыя ні ў якім разе не павінны закрануць простых людзей. Значыць, хутчэй за ўсё, Еўропа па-ранейшаму абмяжуецца іміджавым «чорным спісам» неўязных асобаў:

«Я ў любым выпадку выступаю за санкцыі ў дачыненні да кіраўнікоў рэжыму.

Я прытрымліваюся меркавання, что пакуль беларускі народ не жыве ва ўмовах дэмакратыі, свабоднай прававой дзяржавы, найвышэйшыя прадстаўнікі рэжыму не павінны мець свабоду перасоўвання па ЕС».

Не сакрэт, што некаторыя краіны Еўрасаюза (Славенія, Латвія, Літва) лабіруюць неўключэнне ў «чорны спіс» пэўных беларускіх бізнесменаў, блізкіх да Лукашэнкі. На думку Пётэрынга, тут трэба разбіраць кожны канкрэтны выпадак:

«Калі нейкі буйны бізнесмен падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, я за тое, каб санкцыі супраць яго дзейнічалі. Калі ж бізнесмен спрабуе ўцячы ад цесных «абдымкаў» Лукашэнкі і адысці ад гэтай палітыкі, то я б разглядаў гэты выпадак па-іншаму».

Ханс-Герт Пёттэрынг узначальвае фонд імя Конрада Адэнаўэра з 2010 года. Фонд фінансуецца пераважна з бюджэту Германіі і мае каля 70 офісаў у 120 краінах свету, дзе працуе ў падтрымку дэмакратыі, пабудовы прававой дзяржавы і сацыяльнай рынкавай эканомікі.

У Беларусі прадстаўніцтва фонда не зарэгістравалі. Таму беларускі офіс месціцца ў Вільні. Ён падтрымлівае палітычныя і грамадскія сілы, якія імкнуцца да дэмакратычных пераменаў.

Кіраўнік беларускага офіса ў Вільні Аляксандр Бракель запэўніў, што яны не займаюцца фінансавай падтрымкай беларускай апазіцыі:

«Мы дапамагаем беларускім апазіцыйным партыям (у нашым выпадку – нашым палітычным партнёрам, гэта партыі цэнтрысцкага правага накірунку) стаць больш прафесійнымі. Каб тое, што замацавана ў беларускай канстытуцыі, а менавіта шчырая палітычная канкурэнцыя, магла адбыцца. Хачу падкрэсліць, што мы не робім нічога нелегальнага».

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці фонда – намагацца, каб беларускае пытанне было ў павесцы дня еўрапейскіх палітыкаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)