В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Не нагуляліся...

Зусім нячаста мінскі стадыён “Дынама” запаўняецца, як кажуць спартыўныя каментатары, пад завязку. А вось на гэтым матчы на трыбунах не было дзе яблыку ўпасці.

Школьнікі і студэнты перад яго пачаткам усё ішлі і ішлі пад пільным наглядам выкладчыкаў, радуючыся магчымасці прапусціць заняткі і не зусім усведамляючы незвычайнасць відовішча, дзеля якога іх клапатліва прывезлі і прывялі з усіх канцоў сталіцы. Так старанна строгія настаўнікі арганізоў-валі і ахоўвалі іх хіба што перад чарговымі выбарамі ды галоўнымі ўсенароднымі святамі. А тут жа — шараговая аматарская сустрэча сівых і пузаценькіх дзядзькоў, імёны якіх калі і гучалі часам з экранаў тэлеві-зараў, дык зусім не ў сувязі з гучнымі перамогамі на міжнародных спаборніцтвах.
На зялёнае поле лепшага мінскага стадыёна выйшлі парламентарыі Расіі і Беларусі — і не іхняя віна (а чыя ж?), што не паказалі яны маладым футбольным заўзятарам ні хітрых фінтоў, ні магутных удараў па варотах, ні самаахвярных падкатаў. Як сказаў адзін былы абаронца-прафесіянал, быў гэта “правінцыйны цырк”. І пытанні, якія, нібы надакучлі-выя восеньскія восы, закружыліся ў халаднаватым вераснёўскім паветры над віхрастымі галовамі непаседлівых хлапчукоў, датычылі-ся зусім не тонкасцяў каманднай тактыкі і тэхнічнага майстэрства футбалістаў, а былі да прымітыўнасці наіўнымі і простымі: “А навошта гэта ўсё? Няўжо гэта мае нейкае дачыненне да спорту?..”
Не хачу крыўдзіць паважаных людзей кпінамі з іх дзіўнаватага і запозненага захаплення, але не магу ніяк зразумець, навошта ім, мякка кажучы, падстаўляцца пад крытыку. Няўжо ім мала ўпаўне абгрунтаваных прэтэнзій за не самую плённую працу ў Дзяржаўнай думе Расійскай Федэрацыі і Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, калі самыя неабходныя законы прымаюцца несвоечасова, і якасць іх не адпавядае сучасным стандартам? Ці яны так ашчаджаюць сілы ў дэпутацкіх кабінетах, што толькі на стадыёне і могуць іх дарэшты выплюхнуць, ганяючыся за скураным мячом? Ці, можа, ім не даюць спакойна заснуць самазваныя лаўры Паўла Барадзіна, які не так даўно паведаміў, што забіў галоў куды болей, чым Пеле, а сваёй раздабрэлай фігурай ужо перасягнуў славутага Марадону?..
Я здагадваюся, што яны (ва ўсялякім разе — нашы, “тутэйшыя”) не нагуляліся ўволю ў дзяцінстве. Ну дзе было ў беднай расонскай ці магілёўскай вёсачцы ўзяць нават сапраўдны футбольны мяч, не тое што дыхтоўнае хакейнае начынне або нятанныя ролікавыя канькі? А хацелася ж нясцерпна хоць раз пакрасавацца на зялёным футбольным полі ці на бліскучай лёдавай пляцоўцы і радасна ўскінуць уверх рукі перад шматлюднай арміяй прыхільнікаў, адчуўшы і іхняе захапленне, і сваю выключнасць, якой заўсёды так зайздросцілі, назіраючы па тэлевізары перамогі вялікіх чэмпіёнаў. І вось нечакана прыйшоў шчаслівы час, калі можна абуць новенькія буцы, сціснуць у руках замежную клюшку і ўбачыць на трыбунах натоўп узрушаных хлапчукоў і дзяўчат. Як тут не закружыцца галаве, як утрымацца ад спакусы ўзяць-такі жаданы рэванш за беднае на спартыўныя радасці дзяцінства і прыняць за шчырыя і заслужаныя падхалімскія апладысменты і гучныя воклічы падначаленых?..
Пачуцці, а то і грэшныя чалавечыя слабасці ўчарашніх саўгасных парторгаў і местачковых міліцыянтаў я магу зразумець і нават вялікадушна дараваць. Але няўжо дарослым, адказным лю-дзям не хапае здагадлівасці і выхаванасці, каб не блытаць даручаную ім сур’ёзную дзяржаўную справу і мілыя дзіцячыя забаўкі, каб не строіць з сябе майстроў, калі ўсім відна іхняя ваяўнічая самадзейнасць? Самі таго не заўважаючы (ды, безумоўна, і не жадаючы), нашы амбіцыйныя “слугі народа” пераносяць звычкі і правілы палітычнай аматарскай гульні на сваю асноўную дзейнасць. Хіба не надакучлівай палітычнай гульнёй зрабілі яны будаўніцтва так званай адзінай саюзнай дзяржавы, калі надакучліва і безвынікова па зялёных палях Беларусі і Расіі качаюць круглы мяч Канстытуцыйнага акта і раз-пораз ужываюць то “падножку” на мяжы выдалення з гульні, то бессаромную зацяжку часу?..
Хай бы ўрэшце нястомныя дзядзькі растрасалі накопленыя лішкі эмоцый і сіл на футбольных матчах, калі б рабілі гэта за свой асабісты кошт. Але ж дзе там! Як прызналіся службы стадыёна “Дынама”, ні за арэнду галоўнай арэны, ні за электраасвятленне, ні за ахову, ні за ўборку ні Барыс Грызлоў, ні Уладзімір Канаплёў, капі-таны каманд-суперніц, не ўнеслі ў касу ніводнага рубля. Усё так ці іначай было аплочана іншымі — ці са сродкаў бюджэтных арганізацый, ці то з “добраахвотных” ахвяраванняў затурканых кантралёрамі прадпрымальнікаў. Як быццам ім не было куды падзець “лішнія” грошы!..
Пра школьнікаў і студэнтаў ды іхніх педагогаў я ўжо не кажу — збаёданы імі час і не атрыманыя веды наўрад ці зможа хто дакладна падлічыць. Праўда, пачуццё гумару ў іх, здаецца, за час гістарычнага матчу прыкметна абвастрылася, бо рэплікі з трыбун нярэдка былі не толькі крыўдныя і здзеклівыя, а і дастаткова дасціпныя...
Скажу шчыра, трывожыць мяне не сам гэты разрэкламаваны СМІ паядынак (як кажуць, “чым бы дзіця не цешылася...”), а тое, што ўдзельнікі яго, па ўсім відно, яшчэ не нагуляліся ні на футбольным, ні на палітычным полі. І хто ведае, колькі яшчэ гадоў нам давядзецца глядзець на іхнія не дужа ўмелыя, далёка не бяскрыўдныя і зусім не бясплатныя гульні...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)