Политика

Не лезьці ў палітыку i размаўляць па-расейску

12 верасьня ў Горадні адбыўся 7-ы зьезд праўладнага Саюзу палякаў. Сымбалічна, што ён праходзіў у адміністрацыйным гмаху «гіганта хіміі».

Як паведаміла Радыё Свабода, на зьезьдзе не прысутнічалі прадстаўнікі польскай дыпляматыі, паколькі ўлады Польшчы не прызнаюць гэты саюз палякаў. Не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс у гэты ж час наладзіў у сваім памяшканьні канцэрт польскай патрыятычнай песьні.

У будынак «Азоту», дзе адбыўся зьезд афіцыйнага Саюзу палякаў, здолелі патрапіць ня ўсе журналісты. Чаму? — пытаньне да папярэдняга кіраўніка праўладнага саюзу Юзафа Лучніка.

-- Гэта не ад мяне залежала, дзеля гэтага была створана камісія.

Ня трапіў на зьезд журналіст Радыё Рацыя Іван Роман, ён запісваў на вуліцы дэлегатаў, і да яго падышлі міліцыянты.

-- Два былі ў форме і ў цывільным — кіраўнік Кастрычніцкага РАУС спадар Бет. Ён прапанаваў мне спыніць працу, таму што я ня маю акрэдытацыі, але я адказаў: каб працаваць на вуліцы, мне не патрэбна акрэдытацыя на зьезьдзе. Я лічу, што такімі дзеяньнямі міліцыянты перашкаджалі мне ажыцьцяўляць свае прафэсійныя абавязкі.

Таксама на зьезд праўладнага Саюзу палякаў не пусьцілі карэспандэнта ўплывовай польскай газэты “Rzeczpospolita” Пятра Касьцінскага.

-- Там стаялі людзі ў цывільным, адзін зь іх затрымаў мяне, спытаўшы навошта я іду туды? Я спытаў: хто ён? Ён адказаў, што — „служба бясьпекі“. Тады я паказаў акрэдытацыю, бо я акрэдытаваны ў Міністэрстве замежных справаў РБ, і зайшоў усярэдзіну. Тут выйшла пані Галіна Богдан, якая адказвае за прэсу, і сказала: арганізацыйны камітэт адмовіў мне ў акрэдытацыі.

Яшчэ да пачатку зьезду ў Горадні некаторыя гаварылі: кіраваць будзе Станіслаў Сямашка. Газэта праўладнага Саюзу палякаў “Głos znad Niemna” выйшла напярэдадні зь яго партрэтам на першай старонцы, назваўшы спадара Сямашку “палякам посьпеху, асобай харызматычнай і неабыякавай”.

Як паведамляе «Наша Ніва», спроба ўзяць інтэрвью ў Станіслава Сямашкі перад пачаткам зьезду праўладнага саюза палякаў скончылася безвынікова не толькі таму, што ён ня меў жаданьня адказваць на пытаньні. Станіслаў Людвікавіч паведаміў журналісту, што ён павінен размаўляць зь ім па-расейску, бо менавіта гэтая мова дзяржаўная, у адрозьненьне ад беларускай.

Адным з галоўных жыцьцёвых крытэраў новага кіраўніка праўладнага саюза палякаў зьяўляецца, як стала вядома, «прынцып не лезьці ў палітыку». Аднак, згодна з дадзенымі ўпраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму, Сямашка зьяўляецца кіраўніком абласной структуры Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Акрамя таго, ён мае прыватны бізнэс. “Я першы ў Беларусі прадпрымальнік, маю пасьведчаньне N1”, -- заявіў Сямашка газэце Głos znad Niemna.

Старшыня Галоўнай рады не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэй Пачобут пракамэнтаваў абраньне прадпрымальніка Станіслава Сямашкі кіраўніком праўладнага Саюзу палякаў.

-- Для нас гэта абсалютны фарс, гэта не грамадзкае аб’яднаньне, а людзі, сагнаныя уладай. Іхняя актыўнасьць на працягу папярэдніх чатырох гадоў, пачынаючы з 2005 году, калі ўлада зрабілі спробу раскалоць Саюз палякаў, была нулявая ўвесь гэты час. Большасьць людзей, якія там, яны ня маюць дачыненьня да Саюзу палякаў, гэта альбо чыноўнікі польскага паходжаньня, якія атрымалі разнарадку ад улады, альбо людзі, якія працуюць на дзяржаўнай працы, і ім таксама далі ўказаньне ўдзельнічаць у гэтым фарсе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)