Общество

Названы «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці»

1 лютага ў менскай кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылася чацьвёртая штогадовая цырымонія ўзнагароджаньня прэміі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2012».

Сёлета грамадзкімі лідарамі на думку аўтарытэтнага журы з прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, выбітных грамадзкіх дзеячоў, а таксама экспэртаў і мінулагодніх пераможцаў сталі адразу дзьве пэрсоны – журналіст Анджэй Пачобут і галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў.

На думку Валера Булгакава, падзеі апошняга году падкрэсьлілі, што любая культурніцкая ініцыятыва з агульнанацыянальным гучаньнем - гэта таксама і палітыка, і грамадзянская дзейнасьць.

- Праяўленая салідарнасьць з боку грамадзянскай супольнасьці дала нам штуршок да далейшая дзейнасьці. Гэтая ўзнагарода паслужыць добрай зарукай таго, што наш часопіс, нашыя выдавецкія ініцыятывы ня зьгінуць, а будуць разьвівацца, - падзяліўся сваімі думкамі ў відэазвароце Валер Булгакаў.

Анджэй Пачобут удзячны ўсім салідарным і неабыякавым беларусам за падтрымку за апошнія два гады, а таксама за заўважанасьць з боку грамадзянскай супольнасьці.

– Заўсёды прыемна, калі тваю працу заўважаюць, пазытыўна ацэньваюць і адзначаюць. Я ўдзячны Асамблеі НДА за тое, што мая журналісцкая праца заўважаная. Мінулыя два гады былі для мяне цяжкімі. Але разам з тым, увесь гэты час я адчуваў падтрымку з боку грамады. І вось менавіта такая салідарнасьць, узаемападтрымка дазваляе людзям існаваць ва ўмовах аўтарытарызму. Гэта тое, што разьбівае дыктатуру, - распавёў у відэазвароце Анджэй Пачобут.

Кожны з пераможцаў ня толькі дзякаваў за ўзнагароду, але і выказваў пляны на будучыню. Так, паводле словаў Тацьцяны Равякі, якая атрымала прэмію ў намінацыі “Месца году”, правааборнчы офіс “Вясна” літаральна праз некалькі тыдняў мае прэзэнтаваць новае памяшканьне.

Прэмія за “Крэатыў году” прысуджаная “швэдзкаму дэсанту плюшавых мішак”, які быў зладжаны Studio Total. Адмыслова для цырымоніі пілёты Томас Мазэці, Пер Кромвель запісалі зварот для прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці. На прыз прэтэндавалі таксама арт-акцыя “Прамень Сонца” і акцыі моладзевай ініцыятывы Zмена «Игрушко протестуэ».

Таксама кампэтэнтнае журы вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях:

“Кампанія году” – Беларуская антыядзерная кампанія;

“Рэгістрацыя году” – Прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова “Платформ Інавэйшн”;

“Адмова году” – Адмова размяшчэньня культурнай пляцоўкі Арт-сядзіба ў трох памяшканьнях;

“Новая ініцыятыва” – Марафон салідарнасьці «Свабоду палітвязьням»;

“Рэгіянальная падзея” – стварэньне структураў незалежных прафсаюзаў на прадпрыемстве “Граніт”.

Сяргей Мацкевіч, старышня Рабочай групы Асамблеі НДА, усьцешаны тым, што 2012 год прынёс вельмі шмат цікавых і крэтаўных, ахвярных і адданых ініцыятываў на ніве грамадзянскай супольнасьці Беларусі. На яго думку, гэтая прэмія ня толькі для натхненьня людзей і ініцыятываў на новыя дасягненьні, але і для праявы салідарнасьці ўнутры трэцяга сэктару.

- Добра, што атрымліваецца ўжо ў чацьвёрты раз правесьці такую цырымонію, якая накіраваная натхніць новыя ініцыятывы да працы ў кірунку далучэньня Беларусі да эўрапейскага жыцьця. Штогод, і гэта не можа не цешыць, зьяўляюцца новыя ініцыятывы, новыя цікавыя, краэтыўныя акцыі і кампаніі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)