Навумчык: З чаго пачынаецца тое, што завецца моц дзяржавы

«Дзяржавы ня ў сэнсе яе апарату, а — краіны, і моц ня ў сэнсе сілавога падаўленьня грамадзянаў».

— Абураюцца, што «Міс Беларусь» ня ведае аўтара «Паўлінкі», — пiша Сяргей Навумчык. — Будзьце пэўныя, што палова, калі ня болей, гаспадароў кабінэтаў дому насупраць Купалаўскага тэатра (дзе цяпер т.зв.адміністрацыя т.зв. прэзыдэнта) — гэтага ня ведае таксама. Прыкра, канешне.

Але нас чамусьці ня дзівіць, што 99% насельніцтва Беларусі не адкажа на пытаньне, хто такія Антон і Іван Луцкевічы, альбо Палута Бадунова, альбо Пётра Крэчэўскі.

У 1992 годзе мне на запрашэньне Дзярждэпартамэнту давялося быць у ЗША, і на адзін дзень нас (палітыкаў з былых савецкіх рэспублік) «разьвезьлі па сем’ях».

Я апынуўся ў гасьцінным доме жанчыны, якая ўзначальвала фэдэральнае ведамства па праверцы выкарыстаньня дзяржбюджэту (на жаль, ня памятаю ні яе прозьвішча, ні назвы ведамства). Яна мела гарантаваную аўдыенцыю з прэзыдэнтам ЗША мінімум раз у квартал (тады быў Буш-старэйшы). Магло быць і часьцей, але ніяк не радзей. То бок, гэта была даволі высокая пазыцыя.

Мы сядзелі ў садзе каля дому, гаспадыня пашкадавала, што адсутнічаюць сын і дачка — канікулы, і яны скарыстоўваюць час, каб падзарабіць, дачка працуе афіцыянткай, сын ня памятаю дзе (тады, у пачатку 90-х, для амэрыканскага істэблішмэнту гэта было нормай).

Гаспадыняй была вельмі эфэктная бландынка (ну, так атрымалася) гадоў сарака пяці. Гаспадаром быў яе бойфрэнд. Менавіта гэтым тады невядомым мне словам яго прадставілі. Размова ішла праз перакладчыцу (якая, між іншым, у студзені 94-га, разам з Клінтанамі прыляцела ў Менск і перакладала Хіллары).

Было віно і барбэку з баранінай; але я прынялёг на бананы.

Бананы! Бананы былі ў Менску ў дэфіцыце. Хаця, можа, ужо і былі, але вельмі дарагія. Я палічыў, што паколькі ўжо мяне запрасілі, дык маю права на дэлікатэс. Што думала гаспадыня, гледзячы, як я ігнарую бездакорна прыгатаванае і зусім ня таннае мяса, зьнішчаючы адзін за другім 50-цэнтаваыя бананы, — мне ўжо не даведацца.

Канешне ж, я пастараўся ўразіць пазнаньнямі амэрыканскай літаратуры (размова ішла праз перакладчыцу), прыгадваючы не Марка Твэна ці Тэадора Драйзэта, а Ўолта Ўітмена, Джона Чывера, І Трумэна Капотэ.

Мой сьпіч ветліва слухалі, але ніякага водгуку ён не знаходзіў.

А потым мяне, што завецца, паставілі на месца.

Калі я сказаў, што ўзяў з сабой у Амэрыку «Над безданьню ў жыце» Сжэлінджэра, бойфрэнд гаспадыні дома ажывіліся, і ўзгадаў, што ён напісаў цікавыя, хаця і не бясспрэчныя, упаміны пра прэзыдэнта Джона Кенэдзі.

Гэтай рэмаркі хапіла, каб я зразумеў павярхоўнасьць сваіх ведаў і тое, што ня варта імкнуцца гуляць на чужым полі. Ясна, што амэрыканцы ведаюць сваю літаратуру значна лепей. Я нічога ня чуў пра такую кнігу. Горш за тое, я ня ведаў, што Сэлінджэр быў знаёмы з Кенэдзі (інакш як ён мог бы напісаць успаміны?).

І гэта пры тым, што чытаў пра Сэлінджэра ўсё, што мог знайсьці, бо ён зрабіў на мяне ўражаньне яшчэ ва ўніверы («замежку» нам выкладала Шаблоўская, і яна паставіла мне «выдатна» — хто вучыўся ў Ірыны Вікенцьеўны на журфаку ці на філфаку, ацэніць вартасьць гэтага «выдатна»). А «Над безданьню...» перачытваў некалькі разоў.

Але высьветлілася, што гаспадары дому мелі на ўвазе П’ера Сэлінджэра — прэс-сакратара прэзыдэнта Кэнэдзі, а аўтара «Над безданьню...» яны здолелі ўспомніць толькі тады, калі перакладчыца сказала, што гэтую кнігу чытаў забойца Джона Леніна за хвіліну да таго, як разрадзіць пісталет у бітла.

Ці азначае гэта, што амэрыканскі істэблішмэнт — або асобныя яго прадстаўнікі — дрэнна ведаюць аўтараў амэрыканскіх «Паўлінак»? Я б сказаў так: ведаюць адпаведна традыцыям. У заходніх краінах літаратура даўно ня мае таго значэньня, якое яна мела ў СССР. А галоўнае для нас, для беларусаў — у тых краінах даўно вырашаныя праблемы нацыянальнай ідэнтычнасьці і ўмацаваньня дзяржаўнасьці.

І з карупцыяй у ЗША (сфэра адказнасьці маёй колішняй гаспадыні) змагаюцца эфэктыўна.

Затое ў тых жа ЗША калі эмігрант на іспыце на атрыманьне грамадзянства не адкажа, хто такі Джордж Вашынгтон, ці хто зрабіў першы зорна-паласаты сьцяг, ці калі была прынятая Канстытуцыя — ён не здае іспыт і, адпаведна, не атрымлівае грамадзянства. У мае часы паўторны іспыт каштаваў каля 400 даляраў, цяпер несумненна болей, ня ведаю, колькі.

І кожны школьнік, ня кажучы пра дзяржаўных дзеячоў, ведае імёны айцоў-заснавальнікаў ЗША. Думаю, з гэтага і пачынаецца тое, што завецца — моц дзяржавы.

Дзяржавы ня ў сэнсе яе апарату, а — краіны, і моц ня ў сэнсе сілавога падаўленьня грамадзянаў, а — абароны грамадзянаў ад пасягальніцтваў на іх правы, у тым ліку і дзяржаўнага апарату.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(67)