Як потым выявіцца — каб праз 30 гадоў Масква іх вярнула (і тактычныя, і нават стратэгічныя).
Навумчык: «Як толькі Вярхоўны Савет прагаласаваў за вывад ядзернай зброі, ступень інтарэсу ЗША да Беларусі імкліва пачала зьмяншацца»
Палітычны аглядальнік — пра тое, як Беларусь перастала турбаваць Захад.
— Ад пачатку 90-х быў відаць дысбалянс паміж стаўленьнем Захаду да Расеі і да новых постсавецкіх дзяржаў. Увага ім надавалася значна меншая, — піша Сяргей Навумчык. — Беларусь і марыць не магла пра такую эканамічную дапамогу (нават супастаўную з колькасьцю насельніцтва).
Калі называць рэчы сваімі імёнамі: Захад аддаў новыя постсавецкія краіны (апроч Балтыі) у сфэру інтарэсаў Расеі.
На пачатку 90-х Беларусь цікавіла ЗША найперш як тэрыторыя, дзе разьмешчаны стратэгічныя ядзерныя боегалоўкі.
Ніводная сустрэча тагачасных беларускіх палітыкаў (як пры ўладзе, гэтак і апазыцыйных) з заходнімі дзеячамі не абыходзілася без таго, каб апошнія не адмовілі сабе ў жаданьні пераканацца, ці сапраўды ў пытаньні вываду ядзернай зброі ў беларускіх дэпутатаў існуе кансэнсус. Даведаўшыся, што так, існуе, з палёгкай уздыхалі: нібыта вось у гэты самы момант канкрэтна яны адхілілі пагрозу ядзернага Армагедону.
Выкажу ўласнае назіраньне (дапускаю, што іншыя са мной не пагодзяцца): як толькі Вярхоўны Савет у 1993 годзе прагаласаваў за вывад ядзернай зброі, ступень інтарэсу да Беларусі ў цэлым і да лёсу беларускай дэмакратыі імкліва пачала зьмяншацца — пры нязьменнай увазе да Расеі і да тэмы дэмакратыі расейскай.
І нават уцягваньне Масквой Беларусі ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў (чым зьяўлялася далучэньне ў тым жа 1993 годзе да АДКБ) ня выклікала той рэакцыі, на якую разьлічвала парлямэнцкая Апазыцыя БНФ, калі заклікала дэмакратычныя заходнія краіны супрацьстаяць працэсу рэінкарнацыі Варшаўскай дамовы. Бо галоўнае, як здавалася, было зроблена: ад ядзерных ракет Беларусь пазбаўляецца, вывозіць іх у Расею.
Ігнараваньне былых савецкіх рэспублік і празьмерныя надзеі на Расею, кволая рэакцыя на агрэсію Масквы супраць Грузіі ў 2008-м і няздольнасьць спыніць Пуціна ў 2014-м сёньня адзначаюцца экспэртамі як праява адсутнасьці канцэптуальнага падыходу Захаду да тэмы Расеі, і найперш — нежаданьня ўспрымаць яе як імпэрыю.
За гэтае нежаданьне сёньня даводзіцца плаціць вялізную цану: заходнім краінам — матэрыяльную, Украіне — чалавечымі жыцьцямі.
Ці прымусіла цяперашняя вайна, самая маштабная на тэрыторыі Эўропы за апошнія восем дзесяцігодзьдзяў, усьвядоміць сутнасьць краіны, якая называе сябе правапераемніцай СССР, аднаўляе помнікі Сталіну і імкнецца адзначыць «сфэру ўплыву» ядзернымі шахтамі?
Читайте еще
Избранное