Навумчык: «Пасьля «белых плямаў» замест дакладу Антончыка было ясна, чаго вартыя для Лукашэнкі прынцыпы дэмакратыі і свабоды слова»

Публiцыст – пра фэномен у беларускай палітыцы.

— Мне ўяўляюцца, мякка кажучы, няшчырымі тлумачэньні, што «у 90-я я яшчэ не разабраўся/разабралася, хто такі Лукашэнка», — пiша Сяргей Навумчык. — Па-мойму, у 1994 кожнаму, здольнаму правесьці матэматычную апэрацыю ўзроўню «2+2=4», было ясна, хто такі Лукашэнка. Проста былі і іншыя разьлікі.

У абсалютнай большасьці насельніцтва, якая ў 1994 прагаласавала за Лукашэнку, вартасьць Беларусі як незалежнай дзяржавы раўнялася нулю — інакш ніколі б не аддалі галасы таму, хто заклікае зьнішчыць Незалежнасьць і аднавіць імперыю.

І гэта можна зразумець: нізкі ўзровень нацыянальнай і палітычнай сьвядомасьці быў вынікам стагодздзяў панаваньня пад імперыяй Расеі-СССР, тэрора і сыстэмы, пры якой людзі думалі толькі пра кавалак хлеба, каб выжыць.

Але вось палітыкі, чыноўнікі, журналісты і г.д. — яны ўжо мелі магчымасьць думаць.

Перакананы: у жніўні 1993, калі дэпутат Лукашэнка выступіў за аднаўленьне СССР, цалкам выявілася ягонае стаўленьне да Незалежнасьці (каму не было ясна — мог пачытаць артыкул Васіля Быкава ў «Народнай газеце» з накладам паўмільёны экзэмпляраў і заяву дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС з патрабаваньнем пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў, надрукаваную там жа).

Пасьля «белых плямаў» замест дакладу Антончыка аб карупцыі ў прэзыдэнцкай камандзе (сьнежань 1994) было ясна, чаго вартыя для Лукашэнкі прынцыпы дэмакратыі і свабоды слова.

Пасьля ж зьбіцьця дэпутатаў парламэнта ў залі парламэнта (12 красавіка 1995-га) зрабілася відавочным, чаго вартыя для Лукашэнкі Канстытуцыя і закон — няўжо нехта думаў, што калі можна беспакарана ў кроў зьбіць людзей, канстытуцыйна абароненых імунітэтам недатыкальнасьці, нельга тое самае зрабіць з кожным?

Так што ня трэба пра «мы служылі найперш Беларусі». Тыя, хто ў якім 1940-м служылі ў сыстэме нацысцкай дзяржавы, пэўна, таксама лічылі, што «служылі найперш Германіі» — забываючыся дадаць адно важнае слова-ўдакладненьне, а менавіта — «служылі нацысцкай Германіі».

Тое, што да людзей прыходзіць асэнсаваньне — добра, канешне. Але ня трэба пры гэтым хлусіць самім сябе.

Мне толькі незразумела: чаму ўвесь час, з 1996-га, тыя, хто ці вёў Лукашэнку да ўлады, ці служыў яму, ці падтрымліваў яго — нязьменна апынаюцца на чале апазыцыйнага працэсу, а тыя, хто не паддаўся кар’ерным амбіцыям, хто заставаўся верным Беларусі — апынаюцца на маргінэзе, ды яшчэ і абвінавачваюцца ў тым, што, аказваецца, «памыляліся» і «рабілі ня так»?

Гэты фэномен, уласьцівы, толькі беларускай палітыцы, майму розуму спасьцігнуць ня дадзена.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(36)