Навумчык: «У рэжыму не хапіла ні розуму, ні сьмеласьці, каб падмацаваць ліст Макея»

Сяргей Навумчык – пра безсэнсоўны ліст кіраўніка МЗС.

Вось што павінна зрабіць улада, калі хоча, каб у цывілізаваным сьвеце яе пачалі слухаць (не пачалі «нармалізацыю адносінаў» — а хаця б пачалі слухаць):

  • вызваленьне і поўная рэабілітацыя ўсіх арыштаваных і асуджаных за палітычныя перакананьні (усіх, а ня толькі афіцыйна прызнаных палітвязьняў); поўная кампэнсацыя матэрыяльных стратаў (канфіскацый, штрафаў і г.д.);
  • спыненьне крымінальных і адміністрацыйных спраў за палітычную дзейнасьць і выказваньне меркаваньняў (у тым ліку ў Інтэрнэце);
  • адмена ўсіх прынятых у апошнія гады рэпрэсіўных паправак у заканадаўства, а таксама дапаўненьняў у АК і КК;
  • гарантыі бясьпечнага (г.зн. без якога-небудзь адміністрацыйнага ці крымінальнага перасьледу) вяртаньня ўсіх, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Заўважце, што тут ня ўзгадваецца ні пакараньне адказных за катаваньні, зьбіцьці, незаконныя арышты і прысуды, ні адмена рашэньняў аб ліквідацыі грамадзкіх арганізацый і незалежных СМІ і г.д. — усё гэта, бясспрэчна, павінна быць зроблена.

Як і сыход у адстаўку Лукашэнкі, скасаваньне ягоных нелегітымных указаў, прызначэньняў, распараджэньняў, падпісаных ім міждзяржаўных дамоваў з РФ, якія супярэчаць Канстытуцыі і заканадаўству ад 1994 году (паўтараю: не ад 2020, не ад 1996, а менавіта ад 1994).

Усё гэта — неабходны працэс вяртаньня да канстытуцыйнай законнасьці (важным элемэнтам якога ёсьць скасаваньне вынікаў нелегітымных рэфэрэндумаў 1995, 1996, 2004 і 2022 гг. — і, канешне, люстрацыя).

Я пералічыў у пачатку тэксту толькі самыя першыя крокі, неабходныя, каб цяперашнюю ўладу і яе дыпляматаў у цывілізаваным сьвеце пачалі слухаць.

Але несумненна, што нават на іх Лукашэнка ня пойдзе (не ў апошнюю чаргу і таму, што гэта не дазволіць Пуцін).

У рэжыму не хапіла ні розуму, ні сьмеласьці, каб падмацаваць ліст кіраўніка МЗС РБ да замежных зьнешнепалітычных ведамстваў вызваленьнем хаця б адной сотні палітычных вязьняў (усяго толькі дзясятай часткі зьняволеных са статусам палітвязьняў).

І гэта яшчэ раз пацьвярджае, што сыстэма, якую выбудавалі Пуцін і Лукашэнка, мысьліць абсалютна ў іншых катэгорыях, чым цывілізаваны сьвет, яны існуюць у іншай сыстэме сьветапоглядных каардынатаў, размаўляюць на розных цывілізацыйных мовах.

Якая сыстэма не павінна мець права на існаваньне ў ХХI стагодзьдзі — пытаньне рытарычнае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)