Политика

Навумчык: «У маім выпадку гэта азначае, што, найхутчэй, я ўжо не ўбачу сваіх бацькоў»

Журналіст, які жыве ў Чэхіі — пра наступствы забароны краіны выдачы віз беларусам і калектыўную віну.

— Чэскія палітыкі выявілі поўны інфантылізм, забараніўшы выдачу кароткатэрміновых віз грамадзянам Беларусі фактычна на год, — піша Сяргей Навумчык. — Я зараз не пра турызм. Для тысяч беларусаў у Чэхіі, якія ня могуць прыехаць на Радзіму, гэта, сярод іншага, азначае немагчымасьць ўбачыць родных.

У маім выпадку гэта азначае, што, найхутчэй, я ўжо не ўбачу сваіх бацькоў (яно і раней, каб атрымаць візу, і ім, і мне даводзілася прайсьці сем колаў бюракратычнага пекла, цяпер жа і гэта немагчыма). Паўтараю, гэта закранае тысячы людзей.

Тут важна адразу прадухіліць папрокі, што, маўляў, хай беларускія ўцекачы радуюцца, што іх увогуле пусьцілі ў Чэхію, што ім далі прытулак – чэхі рабіць гэта былі не абавязаныя.

Абавязаныя. Чэхія падпісала адпаведныя міжнародныя дакумэнты па правах уцекачоў, і яна АБАВЯЗАНАЯ даваць прытулак тым, хто спазнае перасьлед. Альбо хай разрывае гэтыя пагадненьні і пераходзіць у тую катэгорыю, дзе Паўночная Карэя, Расея ды некаторыя іншыя краіны.

А вось выдаваць звычайныя візы – так, чэхі не абавязаныя. Гэта ўжо пытаньне нават не гуманізму (які там гуманізм), а звычайнай палітычнай сьпеласьці, палітычнага прафэсіяналізму.

Чэскія палітыкі ганарацца, што правялі дэкамунізацыю, але цяперашняе іх рашэньне сьведчыць, што ў шэрагу пытаньняў яны кіруюцца самымі горшымі традыцыямі Леніна-Сталіна, узяўшы за прыклад заганны прынцып «калектыўнай віны» і “калектыўнай адказнасьці».   

Пра далёкія наступствы чэска-беларускіх дачыненьняў я ўжо не кажу – як і большасьць сучасных эўрапейскіх палітыкаў, чэская новая палітычная генэрацыя думае ў катэгорыі ў лепшым выпадку 48 гадзінаў.

Ад Вацлава Гавала, імя якога яны так любяць прыгадваць, у іх ужо мала што засталося.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(21)