Политика

Навумчык: «Рашэньня Крамля аб далучэньні да РФ украінскіх тэрыторый можа мець катастрафічныя наступствы для Беларусі»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаго варта баяцца беларусам і вынік бяздумнага выбару ў 1994 годзе.

— Не падзяляю ўспрыманьне рашэньня Крамля аб далучэньні да РФ (фактычна – анэксіі) украінскіх тэрыторый як нічога ня вартага фарсу, — піша Сяргей Навумчык. — Так, у міжнародна-прававым сэнсе яно нулявое, але ў рэальнасьці можа мець катастрафічныя наступствы. У тым ліку і для Беларусі.

Сяргей Навумчык

Ва ўспрыманьні Пуціна, усе чатыры вобласьці Ўкраіны з моманту анэксіі робяцца тэрыторыяй РФ. І знаходжаньне на іх ці на частцы зь іх украінскіх войскаў і вядзеньне імі баявых дзеяньняў — будзе ўспрымацца як «пагроза цэласнасьці Расеі». А гэта менавіта тое, што, паводле расейскай ваеннай дактрыны, дапускае прымяненьне ядзернай зброі.

Тактычны характар патэнцыйнага ядзернага ўдару (пры пэўных умовах выкарыстаньне тактычнай ядзернай боегалоўкі можа быць менш разбуральным, чым масіраваны ўдар зброяй канвэнцыйнай) — не павінен супакойваць: Пуцін перакрочыць рысу, якую ніхто не асьмельваўся парушаць з 1945 году. І гэта выводзіць канфлікі на зусім іншы ўзровень.

Несумненна, Лукашэнка будзе першым, хто знойдзе апраўданьні Пуціну. Але нават і бяз гэтага Расея пацягне Беларусь у багну цяпер ужо абсалютнай, поўнай міжнароднай ізаляцыі. Ізаляцыі ў тым ліку і беларускага народа.

Анэксія Беларусі Расеяй можа зрабіцца наступным выпраўленьнем «глабальнай геапалітычнай катастрофы», як называе Пуцін распад СССР.

Ёсьць і яшчэ адно патэнцыйнае наступства ядзернага ўдару. Як вядома, у свой час, пры Бараку Абаме, падчас вайсковай штабной гульні адказам на ядзерны ўдар з боку Расеі называўся, сярод іншых, і ядзерны ўдар па тэрыторыі саюзьніка Масквы — Беларусі (гэта ацэньвалася як спосаб пазьбегнуць ядзернага ўдару непасрэдна па тэрыторыі РФ, што выклікала б глабальны ядзерны канфлікт).

Цяпер амэрыканскія аналітыкі, узгадваючы тыя штабныя гульні, кажуць пра магчымасьць ядзернага ўдару ў адказ на пуцінскі па адным з расейскіх ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. Цалкам зразумела, што толькі расейскімі вайскоўцамі ў такім выпадку колькасьць ахвяраў не абмяжуецца.

Такія вось верагодныя наступствы шматгадовай прарасейскай палітыкі Лукашэнкі. Такі вось вынік бяздумнага выбару ў 1994 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)