Навумчык: «Прыгожын нагадвае Лукашэнку пачатку 90-х»

Палітычны аглядальнік — пра тое, што агульнага паміж беларускім кіраўніком і главой ПВК?

— Апошнім часам ня мог пазбавіцца ад адчуваньня, што кіраўнік расейскай ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын, які днямі заявіў пра «двух карлікаў» (відавочны намёк на канкрэтных асобаў у Крамлі), мне кагосьці нагадвае, — піша Сяргей Навумчык. — І нарэшце зразумеў: Лукашэнку пачатку 90-х.

Сяргей Навумчык

Узыходжаньне Прыгожына было б немагчымым без спрыяньня высокапастаўленых крамлёўскіх асобаў, найперш Пуціна і ягонага атачэньня.

Як публічны палітык Лукашэнка ў значнай ступені ўзвысіўся, дзякуючы Станіславу Шушкевічу і Вячаславу Кебічу (чаго апошнія, думаю, зусім не жадалі, але выявілі неверагодную палітычную наіўнасьць). Бяз гэтага ніякая спрыяньне расейскіх спэцслужбаў (а менавіта на Лукашэнку зрабіла стаўку Лубянка, якая ўжо падмінала старую партнаменклатуру ў выглядзе Ельцына і Чарнамырдзіна, якія сымпатызавалі Кебічу) — не дапамагло б.

...Ёсьць у палітычнай біяграфіі Лукашэнкі факт, які ён і ягоныя афіцыйныя біёграфы старанна абыходзяць.

Напрыканцы 1991-га старшыня Саўміну Кебіч прызначыў Лукашэнку сваім дарадцам па аграрных пытаньнях. Пасада была, наколькі мне вядома, без аплаты (як тады казалі, «на грамадзкіх асновах»), але з немалымі паўнамоцтвамі (дастаткова сказаць, што пасьля Лукашэнкі гэтую пасаду заняў Сямён Шарэцкі, будучы старшыня ВС-13).

Гэта дазволіла Лукашэнку ўсталяваць цесныя і трывалыя кантакты з высокапастаўленымі службоўцамі і кіраўнікамі рэгіёнаў. Прычым, ня ў якасьці даверанай асобы кіраўніка выканаўчай улады, у якога (а зусім не ў старшыні Вярхоўнага Савету) і знаходзіліся рэальныя рычагі ўпраўленьня краінай.

І менавіта такі імідж (адрозны ад іміджу дэпутата, які падскоквае да мікрафону па якой заўгодна тэме ў дыяпазоне ад дэфіцыту жаночых панчохаў да вываду ядзернай зброі) быў у Лукашэнкі, як я ня раз меў магчымасьць пераканацца, сярод зусім не малой часткі высокапастаўленых службоўцаў. У тым ліку і ў рэгіёнах.

Ну, а ў чэрвені 1993 году старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч энэргічна падтрымаў вылучэньне Лукашэнкі на пасаду так званай антыкарупцыйнай камісіі, паставіўшы на галасаваньне толькі ягоную кандыдатуру (былі і іншыя). Шушкевіч сказаў тады, што хоча, каб Лукашэнка быў «вялікім начальнікам» — зразумела, у іранічным тоне.

Але ёсьць сытуацыі, калі іронія абарочваецца зусім ня сьмешна.

Праз паўгады, у сьнежні 1993-га, свой «антыкарупцыйны» даклад, які і вывеў яго ў вялікую палітыку, Лукашэнка пабудаваў на цалкам неабгрунтаваных абвінавачваньнях у бок старшыні Вярхоўнага Савета. Пазьней стала вядома, што даклад гэты пісалі супрацоўнікі адміністрацыі Кебіча і журналісты падкантрольнай Кебічу ж «Советской Белоруссии».

У вачах насельніцтва Шушкевіч быў прадстаўлены «карупцыянэрам», ну, а Лукашэнка выглядаў абаронцам народа. Праз месяц па ініцыятыве Лукашэнкі Шушкевіч быў адпраўлены ў адстаўку.

«Дабіваў» Шушкевіча Лукашэнка ўжо выступамі па дзяржаўным радыё — на загад Кебіча яму прадастаўлялі эфір ледзь не штодня. Але ўсё часьцей кляйміў «нацыяналістаў з БНФ».

Кебіч і ягоныя паплечнікі паціралі рукі: шлях да прэзыдэнцтва быў расчышчаны, заставалася дробязь — увесьці само прэзыдэнцтва ў Канстытуцыю, што і было зроблена з дапамогай падкантрольных Кебічу дэпутатаў.

У сакавіку 1994-га, калі прымалася Канстытуцыя, я запытаўся ў Вячаслава Францавіча, ці не падаецца яму, што ён вельмі моцна памыляецца, калі верыць у адданасьць Лукашэнкі. Прэм’ер, які звычайна не дапускаў падвойных інтэрпрытацый сваіх слоў, гэтым разам адказаў нешта няўцямнае. Кшталту таго, што, магчыма, я і маю рацыю, але як яно будзе — пакажа час.

Праз некалькі дзён Вячаслаў Францавіч атрымаў цудоўную магчымасьць вызначыцца ў сваім меркаваньні. У прамым радыёэфіры Лукашэнка заявіў, што калі Кебіч ня будзе абраны прэзыдэнтам — то будзе сядзець у турме. Казалі, Вячаслаў Францавіч быў шакаваны гэткім вераломствам. Але ягоныя інтарэсы Лукашэнку ўжо не цікавілі (зрэшты, як і раней).

І з гэтага моманту напады на Кебіча (нароўні з «такую страну развалили!») зрабіліся асноўным лейтматывам выступаў Лукашэнкі. І закрыць рот «народнаму абаронцу» ні Кебіч, ні хто іншы ўжо былі ня здольныя.

Некаторыя аналітыкі, камэнтуючы ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Расеі і яе магчымыя пэрспэктывы, кажуць, што Прыгожын імкліва набірае палітычную вагу ў грамадзтве і асабліва — у той частцы дзяржаўнага і сілавога апарату, якая выступае за працяг вайны з Украінай любымі сродкамі і для якой Пуцін недастаткова рашучы.

Сёньня цяжка ўявіць, што Прыгожын можа зрабіцца кіраўніком Расеі — гэта чалавек імпульсіўны, здольны на самыя радыкальныя заявы, для якога не існуе аўтарытэтаў. Ня кажучы ўжо пра непрыхавана злачынны характар дзеяньняў узброенага фармаваньня, якім ён кіруе. І ў нармальных дэмакратычных грамадзтвах такія людзі, калі ім і ўдаецца выйсьці на палітычную арэну, зьбіраюць электаральна нязначную колькасьць прыхільнікаў і застаюцца на маргінэзе.

Але ў сытуацыі палітычнай ды эканамічнай нестабільнасьці якраз такія асобы атрымліваюць шанцы ўзвысіцца аж да самых высокіх пасадаў. І прыклад Адольфа Гітлера ў Нямеччыне пачатку 30-х гадоў — самы вядомы, але далёка не адзіны на эўрапейскім кантынэнце.

І ў Лукашэнкі, і ў Прыгожана, пры ўсёй розьніцы іх біяграфій, ёсьць адна агульная якасьць, якая на фоне іншых рысаў характару здаецца, магчыма, і неістотнай. Але асабіста для мяне яна шмат пра што кажа. Гэта — чалавечая няўдзячнасьць да тых, каму яны абавязаныя сваім узвышэньнем.

У выпадку Лукашэнкі можна ўзгадаць ня толькі Кебіча і Шушкевіча, але і Ганчара, і Фядуту, і Лябедзьку, і шмат каго іншага. Ня варта забывацца і пра Васіля Лявонава, які на пасадзе першага сакратара Магілёўскага абкаму ўратаваў дырэктара саўгасу «Гарадзец» Лукашэнку ад турмы за зьбіцьцё мэханізатара — і, як міністар сельскай гаспадаркі, быў пасаджаны ў турму прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Адносна Прыгожына ўжо цяпер можна назваць прозьвішчы Пуціна і Мядзьведзева — магчыма, з цягам часу даведаемся і іншыя.

Пра такіх людзей кажуць, у пераносным сэнсе: «пойдзе па трупах».

Але здараецца, што фраза набывае і рэальнае ўвасабленьне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(37)