Политика

Навумчык пра «дарожныя карты»: «Гэтыя «ціхія» праекты значна больш небясьпечныя»

Чаму не варта расслабляцца наконт зместу саюзных праектаў і чым расплочваецца Лукашэнка за захаваньне ўлады?

— «Выдахнуць» — не атрымліваецца, — піша журналіст Сяргей Навумчык. — Знаёмства з адным толькі пералікам «дарожных картаў» не дае ніякіх падставаў «выдахнуць і супакоіцца» адносна паглынаньня Расеяй Беларусі.

Праекты закранаюць практычна ўвесь спэктар эканамічна-фінансавых адносінаў, і няма ніякага сумневу, што ўніфікацыя (найперш заканадаўства) пойдзе па расейскай мадэлі.

Я сказаў бы нават, што гэтыя «ціхія» праекты значна больш небясьпечныя для беларуская незалежнасьці, чым дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» 1996-1999 гг., якія Васіль Быкаў назваў «злачынствам стагодзьдзя» і «канцом гісторыі Беларусі». Тады ў заявах Ельцына і Лукашэнкі казалася і пра адзіную валюту, і пра агульны парлямэнт — але гэтага не адбылося, бо занадта ўжо далёка разышліся Беларусь і Расея ў 1991-1994 гадах. Былі абсалютна розная заканадаўчая база, розная структура эканомікі. Не было падмурку.

Цяпер такі падмурак стварацца. Ну а інтэграцыя ў абароннай сфэры ідзе значна больш шпаркімі тэмпамі — з хуткасьцю палёту зьнішчальніка.

Лукашэнка працягвае расплачвацца за захаваньне ўлады, якая мае для яго найвышэйшую каштоўнасьць, тым, што ніякай каштоўнасьці для яго ня мае — Незалежнасьцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(23)