Навумчык: «Перад Захадам стаіць страшны выбар»

Публiцыст – пра правільнае i рэальнае.

– Ёсьць меркаваньне, што Захад робіць фатальную памылку, усяляк пазьбягяючы ўступаць у непасрэднае баявое супрацьстаяньне з РФ (і нават не даючы ўкраінскім вайскоўцам дадзеных выведкі пра расейскія ваенныя аб’екты на тэрыторыі Расеі), – пiша Сяргей Навумчык. – Перад Захадам стаіць страшны выбар (ці ўступіць з ядзернай РФ у непасрэдны вайсковы канфлікт), але калі ён ня зробіць яго правільна, і вайна ва Ўкраіне прыме зацяжны характар – Масква ня спынецца на Ўкраіне.

Незалежна ад таго, Пуцін там будзе ці які Распуцін.

Падобнае ўжо было. Калі ў 1939 годзе гітлераўская Германія і сталінскі СССР напалі на Польшчу, а потым Гітлер пачаў бамбіць Вялікабрытанію – ЗША зь іх магутным эканамічным патэнцыялам маглі б спыніць і Гітлера, і Сталіна. Груба кажучы, зьнесьці спачатку нацысцкі рэжым у Германіі, а потым бальшавіцкі з у СССР.

Гэта тое, што можна было зрабіць рэальна.

Але ЗША ня ўмешваліся. Аж пакуль саюзьнік Гітлера Японія не атакавала Перл-Харбар. Пасьля гэтага лёс Гітлера быў вызначаны. На жаль, толькі яго аднаго. А заставаўся яшчэ адзін тыран.

Канешне, у ідэале, пасьля падзеньня Берліну ў 45-м, ЗША і Вялікабрытанія мусілі б не дзяліць са Сталіным Эўропу, а пайсьці на Маскву – і ўзьдзёрнуць на крамлёўскіх вежах тав. Сталіна, Молатава і ўсё ленінскае-сталінскае Палітбюро ЦК ВКП(б).

І, натуральна, даць свабоду «савецкім» рэспублікам.

Вось гэта быў бы правільны фінал вайны. На жаль, правільны – не заўсёды рэальны.

Таму ёсьць меркаваньне, што глябальнай вайны пазьбегнуць ня ўдасца.

Што ж, мы, з большага, сваё пажылі. Шкада маладых.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(36)