А ў Гарбачова былі ўсе магчымасьці, каб сказаць «Фас!» і арміі, і КДБ — і генэралы выканалі б загад з гэткім жа натхненьнем, зь якім сёньня падаўляюць усё жывое ў Беларусі. Няўжо нехта думае, што Савецкая Армія і КДБ у канцы 80-пачатку 90-х былі больш гуманныяў, чым цяперашнія пуцінскія і лукашэнкаўскія сілавікі?
Навумчык: Ня варта пляваць усьлед Гарбачову
Журналіст і былы дэпутат Вярхоўнага савету Сяргей Навумчык – пра ролю Міхаіла Гарбачова ў апошнія гады існавання СССР.
– Вы моцна памыляецеся, калі ня верыце, што СССР ня мог праіснаваць да сёньняшняга дня. Мог, – піша Навумчык. – Яшчэ можна спрачацца, ці пратрымаў бы «сацыялістычны лягер» зь яго блёкам Варшаўскай дамовы, але наконт Савецкага Саюзу асабіста ў мяне ніякіх сумненьняў няма.
Апошнія сумневы зьніклі пасьля цяперашняй падтрымкі значнай часткай расейскага насельніцтва агрэсіі ва Ўкраіне, якая ўспрымаецца ў масавай сьвядомасьці менавіта як «зьбіраньне земляў», «выпраўленьне найвялікшай геапалітычнай катастрофы».
Праўда, заплаціць за гэтае існаваньне давялося б акіянам крыві, неверагодна жорсткім (на манер цяперашняй «спэцыяльнай апэрацыі» у Бучы) падаўленьнем руху рэспублік да незалежнасьці. У параўнаньні з чым распад былой Югаславіі з войнамі і генацыдам падаваўся б дзіцячай валтузьнёй у пясочніцы.
Так, былі і Тбілісі ў 1989-м, і Баку ў 1990-м, і Вільня ў 1991-м. Былі чалавечыя ахвяры, і Гарбачоў нясе за іх палітычную адказнасьць нават у выпадку, калі непасрэдна не аддаваў загаду генэралам. Але ня варта забывацца, што ён не аддаў загад войску і спэцслужбам «вырашыць пытаньне канчаткова», як аддаў яго ў 1989 годзе Дэн Сяопін.
І калі сёньня я чытаю, што Гарбачоў мог абраць «кітайскі шлях», пачаўшы з эканамічных рэформаў і прытармазіўшы палітычныя — прашу прыгадаць Таньаньмэнь, дзе танкамі былі раздаўленыя сотні (па некаторых зьвестках — тысячы) студэнтаў, і не забывацца, што ў сучасным Кітаі існуюць спэцпасяленьні для «ненадзейных элемэнтаў» (напрыклад, для ўйгураў), умовы ў якіх мала чым розьняцца ад сталінскага ГУЛАГу.
Між іншым, палітычныя рэформы праз 30 гадоў пасьля пачатку эканамічных у Кітаі так і не адбыліся — усім непадзельна кіруе камуністычная партыя, а за крытыку партыйнага кіраўніцтва ссылаюць у гэтыя самыя лягеры.
Палітыка — тая ўнікальная сфэра, у якой асобу можна ацэньваць ня толькі па тым, што ён зрабіў, але і што і не зрабіў, хаця і меў магчымасьці.
Увогуле, гаворачы пра Гарбачова, мусім мець на ўвазе мінімум дзьве аксіёмы.
У сакавіку 1985 пленум ЦК КПСС ня мог абраць генэральным сакратаром ні Андрэя Сахарава, ні Валерыю Навадворскую, ні Сяргея Кавалёва. І нават ніякага камуніста, які хоць на сэкунды выявіў бы хаця б мізэрны сумнеў у правільнасьці марксісцка-ленінскай ідэалёгіі.
І другое. Цягам наступных гадоў (аж да Першага з’езду народных дэпутатаў СССР у траўні 1989-га) Гарбачоў, калі б ён выказаў такі сумнеў, быў бы імгненна зьняты з пасады калегамі па Палітбюро і ЦК ды адпраўлены, па прыкладзе Хрушчова, на пэнсію (а фактычна — пад хатні арышт).
Таму магчымасьці ў бок дыктатуры ў яго былі вялікія, а ў бок дэмакратыі — даволі абмежаваныя.
Для нас, беларусаў, вялізнай бядой застаецца Чарнобыль. Гарбачоў зьвярнуўся да савецкага народу толькі праз тры тыдні пасьля выбуху, а да гэтага людзі былі вымушаныя лавіць інфармацыю з радыёгаласоў — «Свабоды», «Голасу Амэрыкі», ВВС. Галоснасьць ня вытрымала выпрабаваньня праўдай.
Але давайце ўявім, што на месцы Гарбачова быў бы нехта іншы — скажам, былы першы сакратар Маскоўскага гаркаму, член Палітбюро таварыш Грышын (магчымасьць рэальная, пасьля сьмерці Чарненкі суткі, аж да пленуму ЦК, лімузін генсека з адпаведнай апаратурай сувязі падавалі менавіта Грышыну).
Я перакананы, што выступ пра Чарнобыль не прагучаў бы ні праз тры тыдні, ні праз тры месяцы, ні праз тры гады — як гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі мы ня ведалі пра Сяміпалацінск ці Чалябінск. Сыстэма, якая тады існавала, дазваляла ўтрымліваць усё ў сакрэце.
Мне, як члену адмысловай чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета, у 1990-91 давялося гутарыць зь дзясяткамі чыноўнікаў самага высокага рангу. З Гарбачовым непасрэдны кантакт быў у падчас ягонага прыезду ў Менск у лютым 91-га, у момант, калі ён знаходзіўся на піку і сваёй магутнасьці (генсек і прэзыдэнт), і сусьветнага прызнаньня — Нобэлеўскі ляўрэат.
Не магу сказаць, што гутарка мяне задаволіла. Тады ж я сабраў подпісы дэпутатаў за тое, каб Гарбачоў выступіў перад Вярхоўным Саветам — старшыня ВС Дземянцей перадаў гэты зварот, і Гарбачоў сапраўды прыйшоў і выступіў.
Выступ ягоны пацьвердзіў тое, што мы даказвалі дэпутатам-камуністам: на Маскву ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыля беларусам спадзявацца ня варта.
Між іншым, адзіным чалавекам у Авальнай залі, які ня ўзьняўся, калі ўвайшоў Гарбачоў, быў Зянон Пазьняк.
Але сам жа Пазьняк не адрынае таго факту, што публікацыя пра Курапаты была б немагчымая ў іншых умовах, без гарбачоўскай перабудовы. Ды і заява пра ўтварэньне Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» пачынаецца словамі: «Перабудова, распачатая лепшымі сіламі КПСС...».
Беларуская незалежнасьць не была вынікам гэтай самай перабудовы — яна была вынікам змаганьня пакаленьняў беларусаў. Але гарбачоўская перабудова, несумненна, зрабіла яе магчымай.
Читайте еще
Избранное