Навумчык: «Нічога новага, толькі ў значна большым маштабе»

Калумнiст – пра тое, чаго чакаць у хуткiм часе ад Лукашэнкi.

– Ня думаю, што падзеі ў Казахстане прымусяць Лукашэнку кардынальна зьмяніць свой праект «канстытуцыі» і тым больш адмовіцца ад рэфэрэндуму, – пiша Сяргей Навумчык. – Пэўныя карэкцыі, магчыма, будуць, але скасаваць рэфэрэндум – азначала б для Лукашэнкі выявіць, што забаяўся, а гэта «не по понятиям» («пацан сказал – пацан сделал»).

Наадварот – нас чакае месяц надзвычайнай актыўнасьці, і ў прапагандысцкім, і ў рэпрэсіўным сэнсах.

Думаю, скарыстаюць увесь прапагандысцкі спэктар. Будуць «круглыя сталы» сваіх са сваімі на БТ (яны ўжо ідуць), выступы ў працоўных калектывах прадстаўнікоў адміністрацыі, раённыя, абласныя сходы, нарэшце, «народны хурал» ябацек з аднадушнай падтрымкай бульбасы (с) і ягонай канстытуцыі.

Дэвізы – «Отечество в опасности!», «Все, как один, еще теснее сплотим ряды вокруг…». Не сумняюся, што і Крэмль заявіць пра падтрымку «канстытуцыйнага рэфэрэндуму», з адначасным адлупам «калектыўнаму Захаду», каб ня ўлязаў ва ўнутраныя справы Беларусі (дзе ўжо даўно беспадзельна валадарыць сам Крэмль).

Словам, тая самая прапагандысцкая істэрыя, што і ў 96-м, калі завяршаўся пачаты са зьбіцьця дэпутатаў парлямэнту і «рэфэрэндуму» у 95-м канстытуцыйны пераварот. Нічога новага, толькі ў значна большым маштабе. Бо ў 1995-96, трэба аб’ектыўна прызнаць, у народа была моцная вера ў «нашава Сашу», і нейкіх надзвычайных супермаштабных акцый не патрабавалася.

Сёньня веры няма.

А значыць – прапаганда будзе спалучацца з усё большай хваляй рэпрэсій. Каб у дзень рэфэрэндуму на ўчастках было «ідэальна». Яно, зрэшты, і цяпер ідэальна – па ўсёй краіне. Мой прагноз – 82,5% (не павінна быць меней, чым дзьве траціны, меней, чым на»рэфэрэндуме» у 1996 і меней, чым на «выбарах» 2020. Хаця, калі напішуць 99,99% – ня вельмі зьдзіўлюся).

І – гэта ўжо доўгатэрміновы працэс – узмацненьне сілавога апарату. Падзеі ў Казахстане яшчэ раз пацьвердзілі старую ісьціну: у дыктатурах ключавую, вызначальную ролю адыгрываюць сілавыя структуры, галоўнай функцыяй якіх робіцца барацьба з уласным народам.

Таму наіўна чакаць, што пасьля «рэфэрэндуму» рэпрэсіі аслабнуць: новая «канстытуцыя» будзе ўкараняцца тэрорам.

Ну, і канчаткова сфармуецца «эўраазіяцкі дракон«: у цэнтры – Пуцін зь ядзернай дубінай, па баках – Лукашэнка і Такаеў з ОМОНападобнымі. Між іншым, добры сюжэт для карыкатурыстаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(80)