Навумчык: «Не азначае, што чэлядзь Лукашэнкі ня зможа лётаць на шопінг у Мілан»

Палітычны аглядальнік — пра iзаляцыю беларусаў ад Захаду.

— Чэхія ў якасьці санкцый заканадаўча спыніла выдачы візаў беларусам, а перад гэтым тое ж самае зрабілі Швэцыя, Эстонія, Фінляндыя, Данія (апошняя з агаворкай «акрамя афіцыйных візытаў» — !!!), — пiша Сяргей Навумчык. — Выглядае, гэта кансалідаваная палітыка шэрагу краінаў ЭЗ. Глупства. Такое ж глупства, як і спыненьне год назад авіяпералётаў зь Беларусьсю.

Гэта не азначае, што чэлядзь Лукашэнкі ня зможа лётаць на шопінг у Мілан (жонкі нават унесеных у «чорны сьпіс» чыноўнікаў і бізнэсоўцаў не вылазяць з эўрапейскіх сталіц, у іх даўно ёсьць візы на падставе зарэгістраваных на якім-Кіпры ўласных фірмаў, проста шлях цяпер займае на некалькі гадзінаў болей).

Гэта азначае, што дзясяткі тысяч беларускіх уцекачоў ня змогуць убачыць сваіх родных. А ў выпадку, калі іх бацькі вельмі сталага веку (як мае) – гэта азначае, што яны ня ўбачаць іх ужо ніколі.

Між іншым, і да гэтага атрыманьне візы было зусім няпростай справай, распавяду, для прыкладу, мэханізм у маім выпадку. Для таго, каб запрасіць бацькоў на пару месяцаў у Прагу, я мусіў ісьці ў банк і замаўляць даведку, што ў мяне ёсьць грошы на іх утрыманьне. Дні праз 3-4 ісьці ў банк забіраць гэтую даведку.

Потым ісьці ў паліцыю па справах замежнікаў і падаваць заяўку на візу, запаўняючы пэўныя анкеты (ясна, чарга некалькі гадзін). Праз два тыдні ісьці ізноў і забіраць гэтыя, ужо зацьверджаныя анкеты (таксама чарга, хаця ўжо меншая).

Потым перасылаць іх у Віцебск, дзе жывуць бацькі. Бацькі ехалі ў Менск у амбасаду Чэхіі і здавалі пашпарты з маім выклікам (плюс страхоўку, якую трэба было набыць загадзя). Праз пару тыдняў – ізноў ехалі ў Менск, забіралі пашпарты зь візай (здаецца, апошнім часам, перад кавідам, забіраць пашпарты мог і нехта з сяброў).

Юрый Уладзімеравіч Андропаў апладзіраваў такому мэханізму з магілы пад крамлёўскай сьцяной. Але цяпер эўрапейскія кіраўнікі пайшлі значна далей, чым мог марыць нястомны будаўнік «жалезнай заслоны»

Гэта – праява заганнай практыкі «калектыўнай віны» і «калектыўнай адказнасьці», дзіўным чынам перанятай некаторымі сучаснымі эўрапейскімі палітыкаў у Сталіна-Гітлера. Гэта – сьведчаньне іх палітычнай, гістарычнай, ды – якой хочаце інфантыльнасьці.

Заўсёды казаў пра сваё неадназначнае стаўленьне да санкцый. Адна справа – санкцыі пэрсанальныя (Лукашэнка і ягонае атачэньне), санкцыі супраць сілавых структураў (тым часам як і сёньня ні КДБ, ні ГУБАЗІК ня ўнесеныя ў сьпісы тэрарыстычных арганізацый). І зусім іншае – санкцыі супраць народа, ад якога на захадзе чакаюць, што, сьціснуты эканамічна і сацыяльна, ён паўстане супраць рэжыму.

Не паўстане. Ва ўмовах, калі сілавікамі развязаны татальны, бязьмежны тэрор, не паўстане. Два апошнія гады – пацьверджаньне гэтаму.

Увогуле ж, у Беларусі пагаршэньне эканамічнай сытуацыі і рэпрэсіі ніколі не прыводзілі да дэмакратычных зьменаў. Народнай рэвалюцыі жніўня 91-га (здабыцьцю Незалежнасьці) папярэднічалі пяць гадоў перабудовы і галоснасьці, і (што важна), гады значна большай адкрытасьці Захаду.

Ізаляцыя беларусаў ад Захаду – стратэгія Масквы, якая імкнецца максымальна інтэграваць Беларусь у «русский мир». Гэта цалкам супадае з мэтай Лукашэнкі – ператварыць краіну ў канцлягер, у якім дзевяць мільёнаў рабоў будуць абслугоўваць тысячу сем’яў і сотню тысяч сілавікоў.

Гісторыя і сучаснасьць сьведчаць, што такая мадэль можа існаваць дзесяцігодзьдзяммі, што ў маштабах чалавечага жыцьця азначае – бясконца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(34)