Навумчык: Момант ісьціны для выяўленьня сапраўднага стаўленьня Захаду надыдзе, калі будуць падпісаныя «дарожныя карты»
Журналіст — пра неабходнасць падмацоўваць словы падтрымкі канкрэтнымі дзеяннямі.
— Момант ісьціны для выяўленьня сапраўднага стаўленьня Захаду да Беларусі надыдзе, калі будуць падпісаныя так званыя «дарожныя карты», — піша Сяргей Навумчык. — Бо адна справа — выказвацца адносна дыктатара Лукашэнкі, і зусім іншая — супраць дыктатарскага тандэму Пуцін-Лукашэнка.
ЗША Актам аб дэмакратыі заявілі, што не прызнаюць падпісаную з Лукашэнкам інтэграцыю з Расеяй. Пабачым, ці сапраўды хопіць на гэта палітычнай волі. Пры пасьлядоўнай палітыцы Вашынгтона ад яго варта было б чакаць заявы мінімальна дзяржсакратара аб нелегітымнасьці пагадненьняў, магчыма, з пэрспэктывай далейшых санкцый да расейскіх ведамстваў, установаў і прадпрыемстваў, якія будуць дзейнічаць у адпаведнасьці з гэтымі пагадненьнямі.
Але абодва прынятыя ў ЗША Акты аб дэмакратыі ў Беларусі паказалі сваю неэфэктыўнасьць найперш таму, што, з большага, не былі падмацаваныя канкрэтнымі дзеяньнямі (і гэта ня нешта незвычайнае для Амэрыкі: падобнае было некалькі гадоў таму адносна Расеі, калі Кангрэс запатрабаваў ад ЦРУ прадаставіць цягам трох месяцаў дадзеныя аб фінансавых актывах Пуціна і ягонага атачэньня, і па сутнасьці нічога не атрымаў).
Ну але, магчыма, гэтым разам песымістычныя прагнозы ня спраўдзяцца, і ЗША, як і Эўропа, зоймуць пазыцыю, падобную на стаўленьне ў свой час да савецкіх Літвы, Латвіі і Эстоніі: яны расцэньвалі «дабраахвотнае далучэньне» менавіта як анэксію і ніколі яе не прызналі.
Якой была гэтая пазыцыя на апошнім этапе існаваньня СССР — памятаю з уласнага досьведу тагачаснага дэпутата БНФ у ВС: народныя рухі балтыйскіх рэспублік мелі энэргічную падтрымку Захаду, зь Вільні, Рыгі і Таліна не вылазілі амэрыканскія і эўрапейскія палітыкі. У Менск не прыяжджаў ніхто. Беларусь (як і Ўкраіну ды іншыя рэспублікі) Захад маўкліва аддаваў пад поўны кантроль Гарбачова.
Беларускаму Народнаму Фронту давялося змагацца за Незалежнасьць на тры франты: і з прарасейскімі камуністамі ўнутры БССР, і з Масквой, і з Захадам. Заявы пуцінскіх і лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, што «ЦРУ разваліў СССР» — міф: ЦРУ ня здолела прагназаваць пэрспэктыву ня тое што на гады, і нават на месяц.
Падчас візыту ў СССР у пачатку жніўня 91-га прэзыдэнт ЗША Буш-старэйшы наведаў Кіеў, выступіў у Вярхоўнай Радзе і назваў імкненьне да незалежнасьці «суіцыдальным нацыяналізмам».
Праз 23 дні Ўкраіна абвясьціла Незалежнасьць, на наступны дзень гэта зрабіў Вярхоўны Савет Беларусі і, як казаў кумір Буша Гарбачоў, «працэс пайшоў».
Читайте еще
Избранное