Политика

Навумчык: «Мне даслалі інтэрвію Сахашчыка 6-7-гадовай даўніны, і я з трывогай чакаў фразаў, уласьцівых афіцэрам майго пакаленьня»

Палітычны аглядальнік — пра чалавека, які ўзначаліў сілавы блок Пераходнага кабінета.

— Адразу скажу, што я не знаёмы асабіста з Валерыем Сахашчыкам, толькі чуў пра яго добрае ад людзей, не давяраць словам якіх у мяне няма ніякіх падстаў, — піша Сярегей Навумчык.

Таму пішу пра свае адчуваньні, скажам гэтак, з адлегласьці. Адучуваньні, скажу адразу, добрыя.

Сярегей Навумчык

Адносна сытуацыі вакол Сахашчык-Пазьняк... Не, пра гэта пазьней. Спачатку агульнае.

Думаю, што зьяўленьне на беларускім палітычным полі такога чалавека, як падпалкоўнік Валерый Сахашчык — калі не галоўная, дык адна з асноўных падзеяў апошняга часу. Мне падаецца, гэта цалкам натуральна.

Гэта і павінна было адбыцца ў сытуацыі, калі актыўная, палітызаваная частка грамадзтва пераацэньвае тактыку лідэраў пратэсту 2020 (калі там увогуле была тактыка) і сам мірны характар пратэстаў (лічу, што можна было зьмясьціць Лукашэнку і мірным шляхам, але гэта асобная тэма). Другая (а можа быць, і першая прычына) — вайна Расеі супраць Украіны.

Сахашчык ня мае палітычнага бэкграўнду, але ва ўзаемадачыненьнях з прадстаўнікамі Украіны гэта якраз можа быць плюсам: ён нідзе не зрабіў ніякіх заяваў, якія маглі б быць перашкодай для кантактаў з афіцыйным Кіевам.

Мне даслалі інтэрвію Сахашчыка часопісу «Спецназ» недзе 6-7 гадовай даўніны і, прызнацца, я з трывогай чакаў фразаў, уласьцівых афіцэрам майго пакаленьня, якія пачалі службу яшчэ ў СССР — «Такую страну развалили!», «Растянули Союз по национальным квартирам, а кто подумал об армии?», «Мы были мощной армией и нас все боялись».

Нічога падобнага. Цьвярозая ацэнка і гісторыі, і арміі. Так, ацэнка ваеннага чалавека, лексіка дэсантніка (дэсантнікі вылучаюцца з ваеннага асяродзьдзя, гэта заўсёды была «элітная» група).

Пра «традиции русского офицерства», што многіх абурыла. 99,99% афіцэраў у найлепшыя гады Беларусі (1991-1993) выхоўваліся ў арміі на «традицыях русского офицерства», бо афіцэры-актывісты БЗВ былі з войска звольненыя па загаду людзей з атачэньня Кебіча (на жаль, Шушкевіч іх не абараніў, а магчымасьцяў дэпутатаў БНФ не хапала). У гады Лукашэнкі пра што-небудзь беларускае ў войску ўвогуле гаворкі няма.

Давайце будзем ўспрымаць і людзей, і падзеі ў рэальным кантэксьце. Скажам, нам у школе, ва ўнівэрсытэце ўвогуле не казалі пра БНР. Мае веды пра ВКЛ і БНР у момант, калі я стаў дэпутатам Апазыцыі БНФ, можна было ўмясьціць на старонку тэксту (праз два, а то і праз тры інтэрвалы). Кожны з нас — прадукт выхаваньня. Пытаньне ў тым, ці здольны чалавек вярнуцца да гістарычных каранёў.

Прыгадваецца, як адна дэпутатка, праціўніца БНФ, прыйшла на паседжаньне нашай дэпутацкай групы, каб зблізку паглядзець на прадстаўнікоў руху, які не ўспрымала (бо брала інфармацыю з афіцыйных СМІ). Стаўленьне яе да нас было, мякка кажучы, скептычным. Даволі хутка яе стаўленьне да БНФ і Пазьняка зьмянілася, і праз год Галіна Сямдзянава ўпісала сваё імя ў Гісторыю, унёсшы на Сэсію Незалежнасьці Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Людзі мяняюцца. Не заўсёды мяняюцца да лепшага, але калі зьмяніліся да лепшага — я лічу, што такія зьмены вартыя і разуменьня, і падтрымкі.

Што датычыць дыскусій адносна выказваньняў Сахашчыка пра Пазьняка і Пазьняка пра Сахашчыка, дык мне падаецца, што іх размовы перад форумам у Вільні а ні ў якай ступені не закраналі тэмы стварэньня «кабінэту» і ўдзелу ў ім Сахашчыка. Думаю, ім было пра што паразмаўляць і бяз гэтай тэмы. Прыкметна, што сёньня, праз тры дні пасьля форуму, Пазьняк падтрымаў Сахашчыка (я ўжо прачытаў камэнтары, што, значыць, ён падтрымаў і «кабінэт» — мне падаецца, адно з другога не вынікае).

Слушна, што Сахашчык адразу патлумачыў эскіз сваіх узаемаадносін з журналістамі — што, між іншым, абвяргае ацэнкі яго як чалавека з прамалінейным мысьленьнем і недасьведчанага ў грамадзкіх справах.

Мэта журналіста — выцягнуць з чалавека паболей, і гэта правільна. Гэта ў інтарэсах грамадзтва, у нашым выпадку — беларускага грамадзтва. Але ў інтарэсах беларускага грамадзтва і, даруйце за пафас інтарэсах Беларусі, — каб чалавек, які займаецца тым, чым займаецца Сахашчык, гаварыў як меней. Па розных прычынах. У тым ліку — у інтарэсах бясьпекі, і сваёй, і сваіх паплечнікаў.

І яшчэ вельмі важна, што ў супрацьстаяньні з фашыстамі ў 2020 спадар Валер Сахашчык быў на баку народа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(48)