Навумчык: «Лукашэнка атрымаў ад Масквы карт-бланш на рэпрэсіі»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык – пра прычыны з’яўлення загадаў «палонных ня браць».

«Сёньняшнія заявы Лукашэнкі, у якіх нацыянальны сьцяг называецца «фашысцкім», а сілавікам загадана «палонных ня браць», можна ўспрыняць як знак, што сілавікам канчаткова разьвязаныя рукі. Расстрэлы на вуліцах Менску ўжо былі – цяпер можна чакаць масавых растрэлаў, – піша Сяргей Навумчык.

13 верасьня вуснамі прыляцеўшай у Менск каманды расейскіх сілавікоў Крэмль запатрабаваў ад Лукашэнкі спыненьня масавых рэпрэсій у якасьці адной з умоваў падтрымкі (інакш прэтэнзіі Пуціна на Беларусь як зону ўплыву ўперліся б у справядлівы папрок, што ён ня здольны нават спыніць катаваньні на «падведамаснай» тэрыторыі).

З гэтага моманту танальнасьць расейскіх тэлеканалаў з крытыкай Лукашэнкі зьмянілася на супрацьлеглую.

Гвалт быў спынены, і некалькі дзён сотні тысяч людзей выходзілі на вуліцы без якога-небудзь супраціву з боку ўлады. Аднак пратэстны рух нарастаў і, што было асабліва небясьпечна для Масквы, набыў выразнае нацыянальнае адценьне. Тысячы бел-чырвона-белых сьцягоў – і ніводнага лёзунгу за інтэграцыю з Расеяй.

Аднаўленьне Лукашэнкам рэпрэсій цалкам задаволіла Крэмль. Больш за тое, Пуцін падвёў узброеныя падразьдзяленьні да межаў Беларусі, на выпадак, калі б сам Лукашэнка ня справіўся.

Паказальна, што Масква ніводнага разу не асудзіла Лукашэнку за рэпрэсіі (але, па пэўнай інфармацыі, Пуцін у Сочы патрабаваў вызваленьня Бабарыкі).

Канчатковае зьнішчэньне беларускіх нацыянальных арганізацый, усялякай грамадзкай актыўнасьці рукамі Лукашэнкі надзвычай выгодна Крамлю, – ня будзе сілаў, здольных супрацьстаяць інтэграцыі нават на мінімальным узроўні.

Гэта бліскучы разьлік – да моманту, пакуль сваё слова ня скажа беларускі народ».