Навумчык: «Дыктатары ўспрымаюць толькі адзін спосаб утрыманьня ва ўладзе як самы надзейны»

Палітык пракаментаваў прагнозы наконт таго, што Лукашэнка выпусьціць палітвязьняў – пад ціскам Пуціна.

– Блізкія сябры пацьвердзяць, што яшчэ ў 90-я я раіў чытаць дасьледаваньні пра Сталіна, каб лепей зразумець, што адбываецца і што адбудзецца, – але многія лічылі, што «сталінізм асуджаны», «высновы зробленыя», «былое ня вернецца», – піша Сяргей Навумчык. –  Чалавек, аднак, не мяняецца з часоў Калігулы і Нэрона, проста Сталін (як і Гітлер) – бліжэйшыя для нас.

Чытаю прагнозы, што Лукашэнка выпусьціць палітвязьняў – пад ціскам Пуціна. Адкуль узяцца такой гуманнасьці ў Пуціна, у якога ў турме Навальны, і якога, як бачна, не пужае нават верагоднасьць сьмерці вязьня нават пад пагрозай новага этапу санкцый? Навошта Лукашэнка разгортваў маштабныя рэпрэсіі, каб іх вось гэтак раптоўна спыніць?

Вы можаце ўявіць, каб пасьля раскрыцьця «змовы» Тухачэўскага, які нібыта хацеў зьнішчыць Сталіна (я, канешне, не раблю ніякіх паралеляў паміж асобамі маршала і захопленымі ў Маскве) – каб пасьля гэтага Сталін узяў і вызваліў мільёны, закінутых у ГУЛАГ – сярод якіх большасьць дакладна жадала гібелі Сталіна? Навошта? Дзе тут лёгіка?

Такі альтруізм, такі алгарытм паводзінаў не ўкладаецца ў паранаідальную псіхалогію дыктатараў. І ў часы антычнасьці, і ў часы лічбавых тэхналёгій яны ўспрымаюць толькі адзін спосаб утрыманьня ва ўладзе як самы надзейны: рэпрэсіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(54)