Навумчык: «Беларускае грамадзтва засталося ў адзіноце перад сілавікамі, якія атрымалі карт-бланш на любыя рэпрэсіўныя дзеяньні»

Пісьменнік – пра драматычную сітуацыю ў краіне.

– Мінае месяц, як у Беларусі не сьціхаюць пратэсты і рэпрэсіі ўладаў, а Эўрапейскі Зьвяз выяўляе поўную няздольнасьць прымусіць Лукашэнку ня тое, што прызнаць выбары сфальшаванымі ці сысьці ў адстаўку, але і выканаць у тэхнічным сэнсе самае простае патрабаваньне – вызваліць палітвязьняў, – піша Сяргей Навумчык. – Брусэль і эўрапейскія сталіцы не ідуць далей заяваў пра «глыбокую занепакоенасьць» (за выключэньнем краінаў Балтыі, якія стварылі санкцыйны сьпіс).

Гэтаму ёсьць тры прычыны. Па-першае, яны разумеюць, што кожны жорсткі крок будзе падштурхоўваць Лукашэнку ў абдымкі Крамля.

Па-другое, у ЭЗ, у адрозьненьні ад Расеі, няма ніякіх мэханізмаў уплыву на Лукашэнку.

І па-трэцяе (самае галоўнае), эўрапейскія лідэры баяцца раззлаваць Пуціна, які выказаў падтрымку Лукашэнку. Такім чынам, галоўнай прычынай пасіўнасьці Эўропы выступае «расейскі фактар».

У выніку беларускае грамадзтва засталося ў адзіноце перад сілавікамі, якія атрымалі сarte blanche на любыя рэпрэсіўныя дзеяньні.

Гэта драматычная сытуацыя – у свой час польская «Салідарнасьць» мела вялікую падтрымку міжнароднай супольнасьці. У параўнаньні з паплечнікамі Валэнсы, беларуская апазыцыя ня мае ад Захаду нічога.

Гэта было праблемай толькі партыйнай апазыцыі да таго моманту, пакуль не пачаўся шырокі рух за адстаўку Лукашэнкі. Аднак цяпер, калі на вуліцы выходзяць сотні тысяч людзей, і калі пачалася новая хваля актыўных рэпрэсіяў – пратэстоўцам важна было б адчуць рэальную падтрымку. Але яны чуюць толькі «глыбокую занепакоенасьць».

Ёсьць у гэтым і станоўчы момант. Грамадзтва пазбылася ад празьмерных спадзяваньняў на дапамогу Захаду і мусіць разьлічваць на свае сілы. Сьведчаньне гэтаму – поўная адсутнасьць на шматтысячных акцыях сьцягоў Эўразьвязу, якіх яшчэ гадоў дзесяць таму было нават болей, чым нацыянальных бел-чырвона-белых.

І ўсё ж – шкада, што Эўразьвяз дэманструе сваю слабасьць і нерашучасьць перад дыктатарамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(56)