«Навошта нам кітайцы?»

У Смалявіцкім доме культуры адбылося грамадзкае абмеркаваньне пляну будаўніцтва першай чаргі кітайска-беларускага тэхнапарку.

Рака Волма. Гэтыя землі таксама ўвойдуць у склад тэхнапарку, але будаваць у берагавой зоне нічога не збіраюцца. Фота onliner.by

У залі сабралася каля 100 чалавек. Выступілі першы намесьнік гендырэктара кампаніі па разьвіцьці Кітайска-беларускага тэхнапарку Кірыл Карацееў, галоўны архітэктар праекту Жанна Сініцына.

Пасьля некалькіх «сухіх» справаздач начальнікаў дачнікі пачалі задаваць канкрэтныя пытаньні. Але на большую частку пытаньняў адмыслоўцы адказваюць, што яны тычацца не дэтальнага пляну, а генэральнага, які ужо абмяркоўваўся.

Дачнік Леанід Ракавец спрабуе высьветліць, ці будуць пасаджаныя новыя дрэвы замест высечанага лесу. Але з прэзыдыюму яго спыняюць.

У ходзе дыскусіі высьвятляецца, што ёсьць дакумэнты для службовага карыстаньня, якія тычацца экалёгіі.

Дачніца Людміла Іванова пытаецца, ці законныя ўвогуле слуханьні, калі няма адказаў на скаргі ў суд і пракуратуру? Дырэктар адміністрацыі парку Аляксандар Ярмак ў адказ кажа, што усе праекты і пляны прайшлі дзяржаўныя экспэртызы.

Людзі цікавяцца, якія тут будуць прадпрыемствы? Спадар Ярмак кажа, што гэта «тонкая хімія», біятэхналёгіі.

Дачнікі раней перадалі лісты з 280 подпісамі мясцовых жыхароў і дачнікаў супраць будаўніцтва парку. Рэакцыі на пратэсты няма.

Людзі пытаюцца, якія канкрэтна будуць заводы, хто інвэстар. Іх зноў спыняюць, маўляў, гэта ня тэма абмеркаваньня. Актывіст кампаніі «Гавары праўду» просіць назваць канкрэтных інвэстараў, зь якімі заключаныя дамовы. Адказу няма.

Народ пытаецца, хто будзе будаваць парк, хто будзе працаваць? Спадар Ярмак кажа, што беларусы. А кітайцаў будзе ня больш за 20 працэнтаў.

Чыноўнікі рэагуюць на вострыя пытаньні нэрвова.

На слуханьнях паказалі рэклямны ролік пра новы «горад-сад».

«Навошта нам гэтыя карцінкі? Навошта нам кітайцы?»— задаюць рытарычныя пытаньні людзі.

Дачніца Аксана Зелянеўская ад імя дзьвюх тысяч дачнікаў патрабуе вынесьці пытаньне аб будаўніцтве парку на рэспубліканскі рэфэрэндум.

Жанчына запыталася, як жа так можна ставіцца да народа, які ня хоча парку і кітайцаў, што адным указам можна усё перакрэсьліць? Чыноўнікі адказваюць, што ня трэба казаць за увесь народ.

Чыноўнікі спрабуюць увогуле спыніць дыскусію, маўляў, пытаньні не па тэме. На гэтым слуханьні скончыліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)